Вы тут

Гродзенцы сабралі сродкі на рэканструкцыю гістарычных аб'ектаў


Цяпер работы вядуцца на паўночна-ўсходняй вежы. На гэтыя мэты будзе скарыстана 150 тыс. рублёў, заробленых падчас рэспубліканскага суботніка. Такім чынам, узнаўленне гістарычнага аб'екта вядзецца ў тым ліку і на народныя сродкі.


Лідскі замак.

Не адзін год ідзе рэканструкцыя адной з самых старажытных крэпасцей Беларусі. Татальнае аднаўленне адбылося некалькі гадоў таму, але работы працягваюцца і цяпер. У значнай ступені гэтаму спрыяюць сродкі, заробленыя на суботніку. Дзякуючы агульнай падтрымцы, Лідскі замак крок за крокам набліжаецца да завяршэння рэканструкцыі. Як паведаміла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч, работы вядуцца ў тры этапы, два з якіх амаль завершаны. Гэта пракладка інжынерных камунікацый і добраўпарадкаванне тэрыторыі двара. На чарзе самы адказны этап — вежы. Іх рэканструкцыя якраз і будзе весціся за грошы людзей. Плануецца, што з уводам у дзеянне вежаў Лідскі замак набудзе завершаны выгляд і новыя магчымасці. Тут з'явіцца кафэ, будуць створаны камфортныя ўмовы для турыстаў.

Нягледзячы на доўгатэрміновую рэканструкцыю, замак ХІV стагоддзя, заснаваны вялікім князем Гедымінам, прымае наведвальнікаў. Тут адбываюцца тэатральныя і музычныя вечарыны, праводзяцца экскурсіі. Мясцовы рыцарскі клуб выступае з рэканструкцыяй падзей шматвекавой даўніны.

— У вобласці праводзіцца планамерная работа па ўзнаўленні замкаў і палацаў, — зазначыла Алена Клімовіч. — Сродкі выдаткоўваюцца як з рэспубліканскага, так і з абласнога бюджэтаў.

Падрыхтаваны праект па рамонце Барыса-Глебскай (Каложскай) царквы ў Гродне. Да гэтага часу работы вяліся ў асноўным па ўмацаванні схілу пагорка, на якім у ХІІ стагоддзі быў пабудаваны храм. За гэты час Нёман змяніў рэчышча, вада наблізіліся да царквы і пры чарговай паводцы ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя частка сцяны абрынулася. Тады ж яе і замянілі драўлянай. У наш час усе рэсурсы былі кінуты на ўмацаванне схілу, бо царква папросту магла «спаўзці» ў Нёман. Таму «каложскае плато» забетаніравалі ў некалькі ярусаў.

Зараз патрабуе ўвагі тая самая драўляная сцяна, якую ўстанавілі больш за 150 гадоў таму. Па словах Алены Клімовіч, рыхтуецца праект па капітальным рамонце гэтых канструкцый, у тым ліку даху. Агульны каштарыс складзе 200 тыс. рублёў. Паколькі аб'ект мае высокую гістарычную каштоўнасць, праектная заяўка адпраўлена на адрас Фонду Прэзідэнта.

Праходзіць экспертызу праект рэканструкцыі Старога замка ў Гродне — адной з дзвюх каралеўскіх рэзідэнцый. На гэтыя мэты выдаткавана 550 тысяч рублёў з абласнога бюджэту і амаль столькі ж з рэспубліканскага. Праект прадугледжвае прыстасаванне пад гісторыка-археалагічны музей. Ёсць намер рэстаўрыраваць замак на перыяд ХVІ стагоддзя.

У межах трансгранічнага праекта Ашмянскім райвыканкамам пададзена заяўка на правядзенне работ на вежы былога замка-палаца Сапегаў пад Гальшанамі. Ён быў узведзены ў ХVІІ стагоддзі і нагадваў Мірскі замак. Але зараз тут засталіся толькі руіны і адна вежа. Менавіта яна павінна стаць прытулкам для турыстаў. Тут плануецца ўладкаваць музей. Больш за 20 тыс. рублёў паступіць з рэспубліканскага бюджэту. Праект адабраны на першым этапе праграмы. Калі ён пройдзе адбор у фінале, тут змогуць разлічваць яшчэ на 600 тыс. еўра. Разглядаецца пытанне па кансервацыі Крэўскага замка, на гэтыя работы спатрэбіцца 100 тыс. рублёў. Пададзена заяўка на атрыманне гэтых сродкаў з Фонду Прэзідэнта.

Каложа.

Як паведамілі ў Гродзенскім аблвыканкаме, кіраўніком краіны падпісана распараджэнне аб зацвярджэнні рашэння савета Фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва аб выдаткаванні сродкаў на рэстаўрацыю і капітальны рамонт Барысаглебскай (Каложскай) царквы ў Гродне і кансервацыю Княжацкай вежы Крэўскага замка ХІV стагоддзя.

Працягваецца аднаўленне сядзібы Агінскага ў Залессі, што ў Смаргонскім раёне. Некалькі гадоў таму тут адбылася вельмі значная рэканструкцыя, якая адпавядае архіўным дакументам. Дарэчы, гэты праект таксама пачынаўся ў рамках трансгранічнай праграмы «Латвія — Літва — Беларусь». Было затрачана 200 тыс. еўра і 25 млрд (недэнамінаваных) рублёў. У далейшым работы вяліся за кошт сродкаў абласной і рэспубліканскай інвестыцыйных праграм. Зараз сюды будзе накіравана 600 тыс. рублёў спонсарскіх сродкаў (Банк развіцця). На гэтым этапе ўвага скіравана на добраўпарадкаванне тэрыторыі: парку, алей, сажалак, канюшні.

Што датычыцца былога палаца Валовічаў у Свяцку, там ачысцілі сажалкі, прывялі ў парадак паркавую зону. Цяпер вядуцца работы па ўзнаўленні палаца, у якім доўгі час знаходзіўся санаторый для хворых на сухоты. Больш за 10 гадоў былы палац пуставаў і пачаў разбурацца. Зараз ён належыць санаторыю «Азёрны», заснавальнікам якога з'яўляецца Нацыянальны банк. Справа па стварэнні многафункцыянальнага компексу для турыстаў не стаіць на месцы.

У тэму

У Лідскім замку набываюць папулярнасць суботнія сустрэчы. Новы праект аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах молодзі Лідскага райвыканкама атрымаў назву «Замкавы гасцінец». У рыцарскіх пакоях можна прымерыць княжацкую карону і даспехі, зрабіць фота. Працуе некалькі выставак і майстэрня. Перад замкам на працягу
дня можна сустрэць мімаў, сярэднявечных гараджан, вулічных артыстаў. Працуюць лазертаг (лазерны бой), пракат веласіпедаў, кросбукінг, фотазоны. А «горад майстроў» радуе творчасцю рамеснікаў, музыкантаў, мастакоў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Час узнаўляць замкі

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці

Грамадства

На чым Ветка трымаецца

На чым Ветка трымаецца

Формула поспеху мясцовага музея простая: шануй сваё, тым і будзеш цікавы.

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...