Вы тут

Масты памяці


У серыі папулярных выданняў «100 выдатных дзеячаў» выйшлі новыя кнігі: пра Леаніда Маракова, Васіля Быкава, Анатоля Сыса, Адама Станкевіча і Уладзіміра Конана.


Леанід Маракоў на фоне партрэта свайго дзядзькі — паэта Валерыя Маракова. Фота з сямейнага архіва

Здаецца, пра В. Быкава ў апошняе дзесяцігоддзе столькі пісалі, што ўжо немагчыма стварыць нейкае адметнае бачанне яго жыццёвага і творчага шляху. І сапраўды, аўтар Андрэй Мельнікаў не спрабаваў рабіць вынаходніцтвы ды пайшоў простым шляхам паслядоўнасці фактаў біяграфіі. У кнізе, якая мае падзагаловак «Доўгая дарога да праўды», разглядаюцца не толькі найбольш моцныя і вядомыя творы пісьменніка — тыя, па якіх мы сёння ўяўляем прозу В. Быкава, але і тыя, што не пакінулі значнага следу ў літаратуры.

 «Доўгая дарога дадому» часта сёння называецца галоўнай кнігай В. Быкава. «Таленавіты беларус з неўсвядомленым прароцкім дарам», які «задаў беларусам планку праўду», — так характарызуе А. Мельнікаў пісьменніка і спрабуе паказаць яго творчую эвалюцыю як няпросты шлях да найважнейшай кнігі, да адкрыцця ўласнай праўды — пра сябе, літаратуру, Беларусь і беларусаў. І на гэтым шляху аўтар бачыць шмат лішняга, непатрэбнага, спрэчнага, штучнага… Магчыма, з высновамі А. Мельнікава пагодзяцца не ўсе знаўцы беларускай прозы — у кожнага з нас свая праўда.

Больш цікавай падаецца кніжка А. Мельнікава, прысвечаная Анатолю Сысу з правакацыйным (як і творчае аблічча самаго паэта) падзагалоўкам «Псальмяр эпохі перагною». Тлумачэнне ў назвы простае. «Пра тое, што яго пакаленню беларускіх адраджэнцаў належыць стаць перагноем для наступных», Анатоль Сыс сказаў у адным з інтэрв’ю ў 1988 годзе. Яго імя нязменна адгукаецца болем — як сімвал скалечанага паэтычнага таленту, знявечанага часам, асяроддзем, нарэшце, уласным выбарам... Бясконцая гісторыя, якая паўтараецца штораз менавіта з найбольш адоранымі.

Для тых філфакаўскіх выпускнікоў, хто прыйшоў у літаратурнае асяроддзе ў 2000-х, для каго «Тутэйшыя», «Бум-бам-літ», «ТВЛ» ужо былі гісторыяй і тэмай даследавання, прозвішча Сыс гучала як таемны знак далучанасці да кола абраных, як знак добрага паэтычнага густу. Андрэй Мельнікаў піша пра Сыса па-іншаму — як сябра, непасрэдны ўдзельнік і сведка. У кнізе нязмушана перапляліся факты біяграфіі, вытрымкі з ліставання, вершы, згадкі сяброў-знаёмцаў і штрыхі да характарыстыкі творчага асяроддзя канца 1980-га — пачатку 1990-х. У гэтым стракатым тэксце, дзе творчасць Анатоля Сыса не разглядаецца самотна як тэма асобнай лекцыі, яго вершы чытаюцца крыху па-іншаму. Небяспека ў тым, што некаторыя моманты не кожны чытач здолее ўспрыняць адэкватна: як факт літаратурнага жыцця, а не як пераказ тагачасных плётак і дробязнае выстаўленне рахункаў.

У кнізе Анатоля Астапенкі «Уладзімір Конан. Творца беларускай нацыянальнай ідэі» не стае раскрыцця ўказанай у падзагалоўку тэмы. Біяграфія даследчыка эстэтычнай думкі Беларусі, філосафа, культуролага, літаратуразнаўцы настолькі ярка характарызуе жыццё беларускай навуковай і творчай інтэлігенцыі пэўнага перыяду, што аўтар часта пераносіць акцэнты з постаці У. Конана на асвятленне грамадска-палітычных працэсаў краіны. Гэтак жа, як і ў кнізе Андрэя Вашкевіча «Адам Станкевіч. Прадаўжальнік справы Скарыны і Багушэвіча» вельмі шмат увагі надаецца грамадскаму, рэлігійнаму, культурнаму жыццю пэўнага перыяду гістарычнага развіцця Беларусі. Праўда, многія аспекты дзейнасці А. Станкевіча 1920 — 1940-х гадоў сапраўды патрабуюць шырокага ўвядзення ў кантэкст тагачасных палітычных пературбацый і будуць цікавыя найперш гісторыкам.

Вылучаецца сярод астатніх выданняў серыі кніга Настассі Зелянковай пра Леаніда Маракова. Найперш тым, што герой кнігі пайшоў з жыцця зусім нядаўна — у снежні 2016 года. Усе астатнія постаці, якім каардынатары серыі аддаюць даніну павагі, значна больш аддаленыя ў часе ад сённяшняй Беларусі. Мабыць, прычына асаблівага стаўлення ў тым, што Л. Маракоў так нястомна і самаахвярна будаваў масты памяці паміж мінуўшчынай і будучыняй, што ўрэўшце паклаў у падмурак і ўласнае жыццё. «Чалавек, які не даў беларусам забыць пра свае ахвяры» — гэтак вызначае аўтарка сутнасць жыццёвага шляху Л. Маракова.

Н. Зелянкова пачынае расповед пра самага значнага даследчыка палітычных рэпрэсій на Беларусі з сямейнай гісторыі. Бадай, пра тое, што папулярны ў 1920-х гадах паэт Валеры Маракоў, расстраляны ў 1937-м, быў яго родным дзядзькам, ведаюць усе. Аднак рэпрэсаваны быў і дзед, святар Дзмітрый Маракоў, і бацька Уладзімір, які вярнуўся з лагера цяжкахворым і неўзабаве памёр. Такім чынам, даследаванне тэмы палітычных рэпрэсій было ў першую чаргу справай удакладнення гісторыі ўласнага роду. Хто ведае: калі б трагічныя старонкі не замоўчваліся і юны Леанід, выхаваны, па сутнасці, дзедам Дзмітрыем, даведаўся праўду раней, магчыма, ён стаў бы не студэнтам радыётэхнічнага інстутыта, а гісторыкам і ягоная дарога да ўласнай праўды распачалася б раней? З другога боку, менавіта паспяховая прадпрымальніцкая дзейнасць дазволіла Л. Маракову ў будучыні пазбегнуць шматлікіх фінансавых праблем, з якімі непазбежна сутыкаюцца айчынныя гуманітарыі.

У 1997 годзе да Л. Маракова звярнуліся з просьбай пашукаць у сямейным архіве дакументы, звязаныя з творчасцю дзядзькі Валерыя. І гэта сапраўды быў той сімвалічны момант, які падзяліў жыццё на «да» і «пасля», хаця напачатку яшчэ не даследчык, але толькі сваяк рэпрэсаванага паэта меркаваў, што абмяжуецца выданнем кнігі пра жыццё і творчасць дзядзькі.

У пошуках матэрыялаў Л. Маракоў пачаў працаваць у архівах, бібліятэках, наладжваць сустрэчы са сваякамі рэпрэсаваных і з тымі, хто сам здолеў выжыць і вярнуцца з лагераў. Так пачалася даследчая праца, якой наканавана было стаць справай усяго жыцця, таму гаворка пра Леаніда Маракова непазбежна пераўтвараецца ў гаворку пра палітычныя рэпрэсіі супраць беларускай інтэлігенцыі — тэму агучаную ў нашым грамадстве, аднак па-ранейшаму цяжкую, пакутную і, што самае трагічнае, так да канца і не ўсвядомленую нашчадкамі і катаў, і ахвяраў. Вывучаючы біяграфіі тысяч расстраляных літаратараў, настаўнікаў, медыкаў, святароў, інжынераў, землеўласнікаў, Л. Маракоў прыйшоў да безвыходна-скрушнай высновы: мы не дзеці лепшых, мы — дзеці горшых, бо лепшых знішчылі. Яшчэ наперадзе асэнсаванне таго, што акрамя гістарычнадакументальнай праўды, зрэшты, не такой ужо і далёкай нашай мінуўшчыны, у даследаваннях Л. Маракова — праўда і пра сучаснасць, пра вытокі многіх сённяшніх праблем у розных галінах навукі, грамадскай і культурнай дзейнасці.

 Даследчыцкая цікавасць і сляды архіўных дакументаў прывялі Л. Маракова і да вывучэння мінскай геаграфіі. Так з’явіўся энцыклапедычны даведнік у дзвюх кнігах «Галоўная вуліца Мінска. 1880 — 1940» (2012, 2014 гг.). Гэта не звычайнае краязнаўчае даследаванне: праз змены шыльдаў, нумарацыі, планаў забудовы паказваецца, па сутнасці, гісторыя беларускай сталіцы і яе жыхароў, лёсы якіх складваліся трагічна ў выніку метадаў вырашэння адвечнага «кватэрнага пытання». І зноў жа — «мост» у сучаснасць: ці многа назбіраецца сёння карэнных мінчукоў?

У сваіх кнігах Л. Маракоў звяртаўся да асвятлення аспектаў, якія многія лічылі спрэчнымі ў маральна-этычным плане: публікацыя звестак пра тых, хто непасрэдна браў удзел у расстрэлах, пра літаратурных кансультантаў НКУС, а таксама падрабязнае апісанне метадаў правядзення допытаў з указаннем прозвішча следчага. Чытаць гэта амаль немагчыма — якое ўнутранае супрацьдзеянне даводзіцца пераадольваць... І ў гэтым таксама адна з псіхалагічных складанасцяў тэмы палітычных рэпрэсій, якая з узроўню асабістага ўспрымання канкрэтнай асобы пераходзіць урэшце на ўзровень успрымання народам, грамадствам. Л. Маракоў так настойліва і паслядоўна, з такім непахісным імкненнем да дакладна задакументаванай праўды вяртаў беларусам памяць пра ахвяраў, а мы ад гэтай праўды дыстанцуемся, абмяжоўваемся агульнымі звесткамі, бо яна, зрэшты, нам, сённяшнім беларусам, непатрэбная. Законы псіхалогіі: каб перажыць найвялікшы боль, трэба закансерваваць яго ў глыбінях падсвядомасці. І працягваць жыць далей так, нібыта нічога не адбылося. Будаваць новыя міфічныя палацы ў новай міфічнай рэальнасці. Колькі разоў беларусы гэта рабілі?

Сціплая кніжачка Настассі Зелянковай пра Леаніда Маракова, выдадзеная ў серыі «100 выдатных дзеячаў», — першае слова павагі. Засталіся падрыхтаваныя, але нявыдадзеныя кнігі даследчыка. Уважлівага прачытання заслугоўваюць і яго мастацкія творы. Застаецца спадзеў, што прастора ўдзячнай памяці будзе шырыцца.

Жана КАПУСТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.