Вы тут

Беларусь мае патрэбу ў сваіх рэстаўратарах


Апошнія гады ў Беларусі актуальнае пытанне рэстаўрацыі аб’ектаў культуры, гістарычных каштоўнасцей. Адсюль узнікла неабходнасць у спецыялістах па рэстаўрацыі, якіх пачалі рыхтаваць у нашай краіне.


Студэнтка аддзялення рэстаўрацыі Акадэміі мастацтваў Аляксандра Багалейша абараняе дыпломную работу.

У чым праблема?

Літаральна тыдзень таму ў Беларускай акадэміі мастацтваў адбылася абарона дыпломных работ студэнтаў аддзялення рэстаўрацыі. Дарэчы, гэта толькі другі выпуск спецыялістаў дадзенага кірунку, сёлета дыпломы па гэтай спецыяльнасці атрымалі пяць чалавек. Узнікае пытанне: калі напрамак сапраўды запатрабаваны ў краіне, чаму толькі цяпер пачалі рыхтаваць спецыялістаў і чаму такая маленькая колькасць выпускнікоў? Дацэнт кафедры дэкаратыўнаўжытковага мастацтва Акадэміі мастацтваў, кіраўнік курса рэстаўратараў Юрый Падолін лічыць:

— Да нядаўнага часу ў Беларусі ўвогуле не ўздымалася пытанне аб выхаванні сваіх рэстаўратараў, не было распрацаваных навучальных праграм і, адпаведна, не было спецыялістаў. Не рыхтавалі, бо не была пастаўлена задача, а толькі нявырашаныя пытанні. Са з’яўленнем праграмы па рэстаўрацыі Мірскага і Нясвіжскага замкаў урад заўважыў, што мы запрашаем рэстаўратараў з Польшчы, Літвы, а сваіх спецыялістаў у нас няма. З таго моманту прэзідэнт загадаў стварыць пры Акадэміі мастацтваў аддзяленне па навучанні рэстаўрацыйных работ. І ў нас з’явілася магчымасць прадумаць дасканалую праграму курса, па якой студэнты цяпер могуць атрымаць максімум тэарэтычных і практычных ведаў.

Больш увагі ў краіне надаецца рэстаўрацыі манументальных аб’ектаў. Па ўсёй Беларусі можна знайсці шмат цікавых гістарычных будынкаў, якія маюць патрэбу ў аднаўленні. Таму дзяржава спрабуе актыўна вырашаць гэтыя пытанні. А вось што тычыцца рэстаўрацыі жывапісных твораў, ікон, тут вельмі шмат недахопаў: сістэма патрабуе перагляду. Выпускнікі аддзялення рэстаўрацыі цалкам падрыхтаваны для таго, каб займацца аднаўленнем музейных калекцый (пра гэта сведчаць іх дыпломныя работы), але ж знайсці працоўныя месцы ў знакавых музеях Беларусі не так і лёгка, таму набор на спецыяльнасць невялікі.

— У Беларусі, як ні дзіўна, у большай ступені па-за ўвагай аказаліся калекцыі буйных музеяў, — расказвае Юрый Падолін. — У нас ёсць выдатная калекцыя абразоў, якая мае патрэбу ў аднаўленні. Нашы іконы і жывапіс збіралі вялікімі намаганнямі па ўсім свеце, у дзяржаўных музеяў ёсць адпаведныя фонды. Але ж час ад часу павінны праводзіцца аднаўленчыя работы, якія змогуць выконваць толькі спецыялісты, якія валодаюць веданнем акадэмічнага малюнка, жывапісу. Нашы выпускнікі сёння не маюць актыўнай канкурэнцыі, бо іх мала, але ёсць іншая праблема. Усе месцы для рэстаўратараў, якія былі раней пры кожным музеі, сёння занятыя людзьмі, якія звязаны з іншай дзейнасцю музея, але змаглі на працягу кароткатэрміновых замежных стажыровак атрымаць дакумент, які можа пацвердзіць іх навыкі. Гэта значыць, чалавек прайшоў два тыдні навучання, атрымаў пасведчанне і ўжо можа называць сябе спецыялістам. Такое недапушчальна: за два тыдні немагчыма асвоіць ні тэарэтычную, ні практычную базу. Праца рэстаўратара хавае мноства нюансаў, якія можна зразумець толькі з досведам і пры дэтальным вывучэнні праграмы курса.

Рэстаўрацыя абраза «Маці Божая з дзіцем» студэнткі аддзялення рэстаўрацыі Акадэміі мастацтваў Паліны Лавецкай

Па якім шляху?

Спецыяльнасць «Рэстаўрацыя» ёсць таксама ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў, але ж яна больш накіравана на прыкладное мастацтва — кераміку і шкло. У Акадэміі мастацтваў стаўка зроблена на іншыя кірункі творчасці, асабліва на графіку і жывапіс, якія, дарэчы, вельмі складана аднаўляць. Праграма курса аддзялення рэстаўрацыі ўніверсальная. Студэнтаў вучаць працаваць з рознымі мастацкімі аб’ектамі. Акцэнтуюць увагу на сумяшчэнні тэорыі і практыкі. Сёлета студэнты аддзялення праходзілі стажыроўку ў Варшаве па спецыяльнай рэстаўрацыйнай праграме, якую фінансава падтрымлівае ЮНЕСКА. Палякі былі здзіўлены працаздольнасцю беларускіх студэнтаў і іх увагай да кожнай дэталі. Пасля чаго запрасілі абмяняцца досведам і прафесарска-выкладчыцкі склад кафедры. Насамрэч, у Савецкім Саюзе школа рэстаўрацыі была вельмі моцная. Менавіта на ёй пабудавана сістэма адукацыі на аддзяленні курса рэстаўрацыі сёння.

— Менавіта ў асобах выкладчыкаў Акадэміі мастацтваў захаваўся стрыжань якаснай савецкай школы рэстаўратараў, які дазваляе перадаваць назапашаны досвед, — падкрэслівае Юрый Падолін. — Мы павінны паказаць студэнтам, што такое акадэмізм, якім славіліся савецкія рэстаўратары. Менавіта па гэта зараз прыязджаюць да нас студэнты з іншых краін на стажыроўку. Вядома, валоданне камп’ютарам адыгрывае важную ролю ў працэсе работы, але рукі незаменныя. Каштоўнасць нашай акадэміі — у тым, што мы захавалі і працягваем захоўваць праграму жывога акадэмічнага мастацтва, няхай гэта малюнак, жывапіс, манументальна-дэкаратыўная творчасць. Ёсць маскоўская, піцерская, нямецкая, амерыканская, польская школы рэстаўрацыі. Студэнты нашай акадэміі адначасова вывучаюць спосабы і прыёмы аднаўлення работ розных школ. Таму, калі яны выязджаюць за мяжу, дасведчаныя выкладчыкі імгненна адзначаюць іх навыкі.

Апошнім часам у краіне сталі з’яўляцца праекты для маладых рэстаўратараў. Так, напрыклад, дырэктар Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Барыс Лазука імкнецца дапамагчы студэнтам атрымаць практычны досвед на тэрыторыі Беларусі. Для рэалізацыі дыпломных праектаў з фонду музея ён выдзяляе іконы, жывапісныя творы, якія трэба адрэстаўрыраваць. Такім чынам, студэнты маюць магчымасць аднаўляць значныя аб’екты культуры нашай краіны, набірацца досведу. Пасля творы вяртаюцца ў фонд музея. У адрозненне ад замежных стажыровак такая практыка вельмі актуальная і карысная як для маладых рэстаўратараў, так і для музеяў. Калі студэнт з’язджае на стажыроўку ў Польшчу, то аднаўляе толькі аб’екты для польскага боку, у Беларусі робіць гэта для роднага народа. Чаму б і астатнім музеям не супрацоўнічаць з маладымі спецыялістамі такім чынам?

На што звяртаць увагу?

Вядома, ёсць сумневы наконт досведу рэстаўратараў. Але ж выкладчыкі на ўсіх этапах працэсу аднаўлення твораў уважліва кантралююць дзеянні студэнтаў і накіроўваюць іх. Так, дзякуючы выпуску гэтага года ў Музей старажытнабеларускай культуры вярнулася каля пяці адноўленых ікон. Як адзначаюць мастацтвазнаўцы, выпускнікі праявілі сябе як прафесіяналы і не забылі галоўныя прынцыпы рэстаўрацыі.

— Рэстаўратар ніколі не можа ведаць, што яго чакае падчас працы, але павінен прадумваць розныя стратэгіі, — адзначае Юрый Падолін. — Першае і абавязковае правіла — захаваць почырк і імя аўтара. У рэстаўрацыі катэгарычна забаронена змываць імя аўтара, гэта прыкмета непрафесіяналізму. Сапраўдны прафесіянал павінен пакінуць ад аўтара роўна столькі, колькі ад яго засталося. Рэстаўратар можа вырашаць пытанні запаўнення, таніровак, падвядзення грунтоў, кансервацыі, але почырк аўтара не мае права змяняць. Можа падацца, што гэта роля другога плана, але не менш важная за галоўную. Нельга правакаваць свядомасць на тое, што ты можаш зрабіць лепш. Сваім студэнтам я гэта расказваю з першага дня, таму сёння бачу і ганаруся вынікамі. У працэсе навучання вельмі важны сінтэз тэорыі і практыкі. Адно ад другога неаддзельна. Калі ты практык, можаш пачысціць абразы кіслатой, і на гэтым кар’ера скончыцца. Студэнта трэба пазнаёміць з хіміяй, з тэорыяй мастацтва. Карціна ж не ствараецца проста так, трэба разумець стыль, эпоху, час, манеру. Чаму ж, маючы карціну школы Веласкеса, мне даводзілася пералятаць у іншую краіну, вывучаць карціны таго перыяду і толькі потым прыступаць да рэстаўрацыі? Не трэба разумець рэстаўрацыю як толькі тэхнічны працэс, гэта вялікая даследчая праца, якая не робіцца за адно імгненне. Рэстаўратар аддае шмат сіл і часу, каб дэталёва разабрацца ў рабоце, якую будзе аднаўляць.

Рэстаўрацыя копіі карціны Фёдара Аляксеева «Венецыя. Від набярэжнай Ск’явоні» студэнткі аддзялення рэстаўрацыі Акадэміі мастацтваў Кацярыны Каранец.

Як адысці ад стэрэатыпаў?

 Здавалася б, прафесія рэстаўратара больш пасуе мужчынам. Бо справа нялёгкая, падчас працэсу прыходзіцца шмат працаваць з хімічнымі матэрыяламі, нават з цяжкімі аб’ектамі. Калі ўспомніць савецкі час, ці магчыма было ў коле рэстаўратараў знайсці дзяўчыну? Наўрад ці. А сёння на курсе прафесію рэстаўратара атрымліваюць у большасці дзяўчаты. Выкладчыкі ўпэўнены: працуе стэрэатып, што ў кірунку рэстаўрацыі складана развівацца, няма магчымасцяў. Але ж насамрэч кірунак перспектыўны, трэба толькі паглядзець з іншага ракурсу: аб’ектаў для аднаўлення шмат, ды і рукі патрэбныя. Пытанне фінансавання, вядома, існуе, але ж і яно можа быць вырашана за кошт атрымання грантаў альбо ўдзелу ў разнастайных рэстаўрацыйных праектах.

— Тэндэнцыі змяніліся, мужчыны не прыходзяць да нас вучыцца. І прычына таму — боязь: да сённяшняга дня з прафесіяй рэстаўратара мала хто быў знаёмы. Плюс шмат хто хоча зарабіць грошы прасцей. У нас быў такі прыклад: таленавітага хлопца перавабілі працаваць у «Макдональдс», таму што там плацілі значна больш, чым ён мог атрымаць па спецыяльнасці. Быццам і можна зразумець, але ж калі захочаш стаць прафесіяналам і зарабляць за гэта грошы, усё атрымаецца. А ён нават не паспрабаваў. Ну і, вядома, праблема піяру спецыяльнасці. Пакуль яна маладая, і ў краіне няма гучных прыкладаў. Але ж мы спадзяёмся, што нашы два выпускі студэнтаў прадэманструюць магчымасці і здольнасці. І на іх прыкладзе мы зможам паказаць, што прафесія сапраўды актуальная.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.