Вы тут

Айчынныя лекі прадаюцца сёння ў ЗША, Еўропе, Самалі і Іране


Айчынныя лекі прадаюцца сёння амаль ва ўсіх кранах былога Саюза, у ЗША, Еўропе, нават Самалі, Іране і Афганістане. Для таго каб гэтага стала магчымым, давялося прайсці вялікі шлях. У рэканструкцыю і набыццё новых ліній самыя буйныя вытворцы прыцягнулі велізарныя інвестыцыі, выплачваюць сёння важкія сумы па крэдытах, аднак без гэтага вельмі сумна выглядаў бы і ўнутраны рынак, дый па заводскіх тэрыторыях гуляў бы вецер.


Летась Беларусь экспартавала фармацэўтычнай прадукцыі на 115 млн долараў, з якіх 56 млн — доля толькі аднаго Барысаўскага завода медпрэпаратаў, лідара галіны. Планы на будучыню ў прадпрыемства грандыёзныя. І, безумоўна, гэта звязана з нарошчваннем экспарту. Практыка паказвае, што лекі рознага сегмента запатрабаваны сусветным рынкам, а вось унутраны, айчынны, абмежаваны прыкладна 636 млн долараў у год. Інакш кажучы, айчынным вытворцам належыць сёння 51 працэнт рынку. Штогод у сістэме аховы здароўя рэгіструецца 116—120 лекавых прэпаратаў, галоўным чынам джэнерыкаў, формулы якіх добра вядомы, бяспечнасць і эфектыўнасць даказана. Асвойваецца і выпуск новых лекавых формаў.

— Праўда, далёка не ўсе 25 фармвытворцаў арыентуюцца на экспарт, — заўважае генеральны дырэктар Барысаўскага завода медыцынскіх прэпаратаў Віталь ДЗЕРАШ. — Выдаляць з рынку прыватныя або замежныя фармкампаніі, безумоўна, нельга, — сітуацыю павінен рэгуляваць рынак. Але ж на айчынным рынку шмат камерцыйных арганізацый, якія дубліруюць тое, што вырабляецца на дзяржаўных прадпрыемствах, і складаюць такім чынам штучную канкурэнцыю на ўнутраным рынку. Акрамя, бадай, лагойскага СТАА «Лекфарм», ніхто сярод прыватных фармвытворцаў асабліва і не займаецца асваеннем замежных рынкаў...

Штогод Барысаўскі завод выпускае звыш 5 млрд таблетак, 500 млн ін'екцыйных раствораў у ампулах, 185 млн капсул, 50 млн флаконаў антыбіётыкаў у выглядзе стэрыльных парашкоў, 13 млн туб мазяў і геляў, 10 млн флаконаў настоек і спіртавых раствораў. У 2013 годзе была ўведзена ў эксплуатацыю вытворчасць цвёрдых лекавых сродкаў паводле ўсіх патрабаванняў міжнароднага стандарту GMР. У 2015-м адкрыўся цэх стэрыльнай рассыпкі антыбіётыкаў, таксама спраектаваны і пабудаваны па стандартах GMР. Сёння на прадпрыемстве адбываецца маштабная рэканструкцыя ампульнай вытворчасці з аб'ёмам інвестыцый 22,5 млн долараў і тэрмінам рэалізацыі да канца гэтага года.

Да 2020 года плануецца асвоіць новую лінейку прэпаратаў — спрэі, назальныя лекі, а да 2030-га ёсць намер пабудаваць і запусціць вытворчасць субстанцый, чаго ў Беларусі пакуль наогул няма. Кіраўніцтва завода актыўна шукае для гэтага замежных інвестараў.

90 працэнтаў вытворчых участкаў завода поўнасцю сертыфікаваны, 10 працэнтаў знаходзяцца на рэканструкцыі. Барысаўскі завод з'яўляецца пакуль адзіным у Беларусі і сярод краін СНД, які сертыфікуе сваю вытворчасць на адпаведнасць патрабаванням GMР FDА (упраўленне па кантролі за якасцю харчовых прадуктаў і лекавых прэпаратаў ЗША), што ў выніку дазволіць пастаўляць лекі ў ЗША і на новыя замежныя рынкі.

Самае буйное прыватнае фармпрадпрыемства «Лекфарм» экспартавала летась прадукцыі на 5,6 млн долараў. Яно выпускае ўжо не толькі лекавыя прэпараты ў таблетках, капсулах, парашках, але і ін'екцыі ў ампулах, плануе зарэгістраваць і прыступіць да вытворчасці больш як 40 найменняў лекавых сродкаў. Не так даўно тут быў уведзены ў эксплуатацыю цэх па вытворчасці ін'екцый у ампулах з абсталяваннем вядучых сусветных вытворцаў. Магутнасць вытворчасці — да 150 млн ампул у год. Да канца гэтага года плануецца ўвесці новы цэх па вытворчасці цвёрдых лекавых сродкаў у таблетках, капсулах і парашках паводле міжнароднага стандарту GMР.

— Лінія па выпуску ін'екцыйных раствораў у ампулах — унікальная для нашай краіны, бо мы працуем з закрытымі ампуламі нямецкай кампаніі, што выключае магчымасць пападання ў ампулу іншародных цел, — тлумачыць начальнік аддзела маркетынгу СТАА «Лекфарм» Інга ШАЛЬКЕВІЧ. — У стэрыльных умовах ампула распайваецца, туды заліваецца лекавы сродак, і яна зноў запайваецца. З самага пачатку працуем паводле стандартаў GMР — належнай вытворчай практыкі, якая вытрымліваецца ў распрацоўцы, правядзенні іспытаў, рэгістрацыі вытворчасці, кантролі якасці, рэалізацыі лекаў. Гэта дазволіла экспартаваць прадукцыю ў 7 краін, адкрыць прадстаўніцтвы ў Малдове і Казахстане.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Нашы лекі за мяжой

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».