Вы тут

Чэрыкаў багаты на традыцыі, маляўнічыя мясціны і сардэчных людзей


Па адных звестках Чэрыкаў атрымаў назву ад таго, што тут у старажытныя часы было шмат чырыкаў — лодак, якія імкліва рассякалі плынь ракі Сож — прытока Дняпра. Продкі тутэйшых жыхароў былі здабытчыкамі, умелі гандляваць. Па іншай версіі, назва горада пайшла ад слова «чарціць» на зямлі, або іншымі словамі «араць». Па сутнасці абодва варыянты можна лічыць правільнымі, бо жывуць тут людзі сумленныя, якія плённа працуюць на карысць роднага краю.


Нам ёсць чым ганарыцца

— Наша зямля часткова пацярпела ад Чарнобыля, але гэта не значыць, што яна страціла прывабнасць, — кажа старшыня Чэрыкаўскага райвыканкама Міхаіл Касмачоў. — У нас ёсць і што паглядзець, і да чаго прыкласці свае працавітыя рукі. Відавочным плюсам Чэрыкава ва ўсе часы было тое, што ён знаходзіцца на скрыжаванні дарог. У старажытныя часы суднаходная рака звязвала Чэрыкаў з расійскімі і ўкраінскімі гарадамі. Вельмі добра тут былі развіты прамысловасць і рамесніцтва. Да рэвалюцыі колькасць насельніцтва, па некаторых звестках, складала каля 60 тысяч чалавек. Гэта быў дастаткова буйны і паспяховы гандлёвы цэнтр. Зараз на тэрыторыі раёна жыве 13,5 тысяч чалавек. Але гэта па-ранейшаму добрасумленныя руплівыя людзі — гонар і для раёна, і для ўсёй краіны.

Чэрыкаўшчына цікавая сваёй унікальнай прыродай і старадаўнімі традыцыямі, мае вялікі патэнцыял для вядзення паспяховага бізнесу. Новыя магчымасці перад інвестарамі адкрыла праграма развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна, у якую мы ўвайшлі. Для дзелавых людзей яна прадугледжвае дадатковыя льготы і прэферэнцыі. У горадзе і раёне ёсць перспектыўныя пляцоўкі на любы густ. Нядаўна на нас звярнулі ўвагу літоўцы. У іх гатовы праект на 2 мільёны еўра па стварэнні на плошчы 1,5 гектара вытворчасці безалкагольных напояў. Яшчэ адзін праект па птушкагадоўлі збіраюцца рэалізаваць на Чэрыкаўшчыне масквічы. Але ў нас ёсць яшчэ шмат прапаноў, якія могуць зацікавіць бізнесменаў. Больш падрабязна пра гэтыя магчымасці можна пачытаць на сайце. Звяртайцеся, мы гатовы да канструктыўнага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

Лепшыя па добраўпарадкаванні

Новыя будынкі, прыгожыя кветнікі, незвычайныя па форме прыпыначныя павільёны — Чэрыкаў за апошнія гады прыкметна папрыгажэў.

— Будуем жыллё, аб'екты сельскагаспадарчага прызначэння, сацыяльнай сферы. Летась увялі ў дзеянне новы Цэнтр культуры, які вырашыў шмат праблем і стаў сапраўдным упрыгожаннем горада, — расказвае Дзмітрый Рубан, намеснік старшыні Чэрыкаўскага райвыканкама. — Штогод у Чэрыкаве здаём па адным шматкватэрным доме, летась наваселле справілі жыхары 12-кватэрнага дома сацыяльнага прызначэння ў аграгарадку Верамейкі. Сёлета будуем у Чэрыкаве 20-кватэрны жылы дом, да гэтага ўзводзілі 40-кватэрны і 60-кватэрны. Для спецыялістаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў будуем аднакватэрныя домікі на сяле. Цяпер у людзей з'явілася магчымасць пабудаваць жыллё з прыцягненнем крэдыту пад 1% па Указе №235. Крэдыт выдзяляецца пры ўмове, што чалавек на працягу 10 гадоў не будзе мяняць месца свайго жыхарства. І дзевяць такіх чалавек ужо ёсць.

Развіваецца інфраструктура раёна, будуюцца і рамантуюцца дарогі. Сёння ў дарожным будаўніцтве акцэнт робіцца на бетон, і Чэрыкаў адзін з лідараў у выкарыстанні гэтага матэрыялу. За два апошнія гады пабудаваны тры бетонныя дарогі на вуліцах Першамайская, Кастрычніцкая, Ціміразева.

На жаль, у раёне пакуль няма ніводнага басейна. Для здачы нарматыву па плаванні школьнікаў возяць у суседнія раёны, што само па сабе стратна. Насельніцтва часта звяртаецца да раённых улад з просьбай пабудаваць ФАК. «Прыгожая пляцоўка для яго ёсць, але сіламі раёна такі аб'ект не падняць», — прызнаецца Дзмітрый Міхайлавіч.

— Чэрыкаў неаднаразова станавіўся пераможцам рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў у сваёй намінацыі. Сёлета ён зноў заваяваў гэта званне. У чым сакрэт?

— Кожны год робім малыя архітэктурныя формы, уладкоўваем дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі, на 100% заасфальтавалі ўсе дваравыя тэрыторыі. Пры падвядзенні вынікаў улічваецца таксама стан дарог, выкананне патрабаванняў па асобным зборы другаснай сыравіны, іншыя параметры. І мы над гэтым шмат працуем.

Будучае за альтэрнатыўнай энергетыкай

Чэрыкаўскі раён актыўна выступае за чысціню энергетыкі і робіць стаўку на альтэрнатыўныя крыніцы яе атрымання. Летась тут была ўведзена ў эксплуатацыю станцыя сумарнай магутнасцю 3 МВт, якая з дапамогай 11 400 сонечных панэляў пераўтварае сонечную энергію ў электрычную. Праект рэалізавала таварыства з абмежаванай адказнасцю «Энергія века», якое ў выніку змяніла магілёўскую прапіску на чэрыкаўскую.

— Ёсць яшчэ адзін інвестдагавор з удзелам ірландскай кампаніі, які прадугледжвае будаўніцтва сонечнага парка магутнасцю 109 МВт, — дзеліцца добрай навіной намеснік старшыні Чэрыкаўскага райвыканкама Сяргей Палуйчык. — Гэты праект доўгатэрміновы, канчаткова яго плануецца рэалізаваць у ліпені 2019 года. Яшчэ адзін праект у сферы альтэрнатыўнай энергетыкі прапанавала прыватнае прадпрыемства «Энергія-Ра». Яно збіраецца пабудаваць на тэрыторыі Вепрынскага сельсавета сонечны парк, сумарнай магутнасцю 50 МВт. Не менш шматабяцальны праект па вытворчасці безалкагольных напояў. Менавіта такія мэты пераследуе літоўскі інвестар, якому даспадобы прыйшлася наша вада. Аналіз яе быў зроблены ў Літве, і па яго выніках прызнана, што яна вельмі высокай якасці з добрай мінералізацыяй.

Дзе­ла­вы (на фо­не рай­вы­кан­ка­ма) і ганд­лё­вы цэнтр Чэ­ры­ка­ва.

Паспяхова развіваецца ў раёне дрэваапрацоўчая галіна. Летась у гэтай сферы было створана аж 4 камерцыйныя арганізацыі. Але прывабных прапаноў, якія можна рэалізаваць на тутэйшых землях, яшчэ хапае. У дапамогу прадпрымальным людзям райвыканкам распрацаваў інвесткаталог, дзе прадстаўлена інфармацыя пра раён, перспектыўныя зямельныя ўчасткі, льготы і прэферэнцыі. «Нам трэба развіваць у першую чаргу прамысловы патэнцыял, бо з гэтым у нас пакуль праблемы, — адзначае Сяргей Іванавіч. — З 12 інвестпляцовак, якія мы прапаноўваем, 7 разлічаны на арганізацыю прамысловых вытворчасцяў. Але мы будзем не супраць, калі нехта вырашыць іх «перапрафілаваць». Мэтавае прызначэнне заўсёды можна памяняць.

Настрой і здароўе падорыць «Бразгун»

Адной з візітак Чэрыкаўскага раёна з'яўляецца абрадавае свята пад назвай «Бразгун». Ёсць прыгожая легенда, як у старадаўнія часы паміж вёскамі Наркі і Вудага ў дзень святых Пятра і Паўла забіла моцная крыніца, перазвон пырскаў якой пачулі нават за некалькі кіламетраў у Нарках. Вада супакоілася толькі пасля таго, як на месцы крыніцы быў пастаўлены зруб з драўляным крыжам і прынесена ікона святых Пятра і Паўла. Цудадзейная ікона і зараз захоўваецца ў адной з жыхарак вёскі Наркі. У дзень святых Пятра і Паўла яе па традыцыі нясуць да крыніцы і мясцовы свяшчэннік праводзяць набажэнства. На свята з'язджаюцца людзі з розных куточкаў Беларусі і замежжа. Па старадаўнім абрадзе, чалавек, які пройдзе пад іконай, трапляе пад заступніцтва святых, яму адпускаюцца грахі і даецца шанц на лепшую долю.

Ка­ця­ры­на Кар­ко­за­ва ра­іць на­ве­даць уні­каль­нае аб­ра­да­вае свя­та «Браз­гун».

— У 2011 годзе абрадавае свята «Бразгун» атрымала статут нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі, — расказвае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Чэрыкаўскага райвыканкама Кацярына Каркозава. — З 2014 года стала традыцыяй праводзіць у рамках гэтага абраду свята-конкурс фальклорных ансамбляў і сольных выканаўцаў. У мерапрыемстве прымаюць удзел творчыя калектывы з розных раёнаў. Чэрыкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей арганізуе выстаўку этнаграфічных экспанатаў са сваіх фондаў, а раённы дом рамёстваў прапануе ацаніць зробленыя рукамі майстроў творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Ёсць магчымасць пагартаць старонкі духоўнай літаратуры, якую падбірае для гэтага мерапрыемства раённая бібліятэка. Свята знаёміць людзей з культурнымі традыцыямі рэгіёна і служыць умацаванню міжрэгіянальнага творчага супрацоўніцтва. Далучыцца да нашых вытокаў можна будзе 13 ліпеня. Прыязджайце, будзем рады вас бачыць у нас у гасцях.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму 14 лістапада варта лічыць днём яднання?

Чаму 14 лістапада варта лічыць днём яднання?

З прапанаваных для абмеркавання дат, адна з якіх можа стаць Днём народнага адзінства — 14 лістапада.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цялец. Тыдзень абяцае прынесці пазітыўныя тэндэнцыі ў многіх справах.