Вы тут

Беларусь плануе правесці Еўрапейскія гульні з аптымальным бюджэтам


Беларусь плануе правесці Еўрапейскія гульні з аптымальным бюджэтам, пра гэта заявіў дырэктар Дырэкцыі ІІ Еўрапейскіх гульняў — 2019 Георгій Катулін. Ён адзначыў, што арганізатары ўлічаць вопыт Азербайджана, дзе праходзілі І Еўрагульні, але не плануюць занадта вялікіх выдаткаў. «Мы возьмем цеплынёй, атмасферай, беларускай гасціннасцю і добрай арганізацыяй. Паколькі ў краіне развіта спартыўная інфраструктура, мы былі гатовыя правесці Гульні з прыцягненнем абласных гарадоў, але была прынятая іншая канцэпцыя (зніжэнне выдаткаў), і прыйшлося сканцэнтраваць спаборніцтвы ў Мінску», — адзначыў Георгій Катулін.


Фота: БЕЛТА

Урачыстая цырымонія адкрыцця пройдзе на стадыёне «Дынама» 21 чэрвеня 2019 года. Правядзенне спаборніцтваў запланавана на 20—30 чэрвеня. Цырымонія закрыцця гульняў адбудзецца 30 чэрвеня. Алімпійскую вёску для пражывання спартсменаў арганізуюць у сталічнай Студэнцкай вёсцы. Зона гасціннасці Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў размесціцца ў гатэлі «Марыёт».

Сімволіка другіх Еўрапейскіх гульняў ужо зацверджана і будзе прадстаўлена грамадскасці пазней. «Гэта будзе арыгінальнае рашэнне, заснаванае, перш за ўсё, на нацыянальных традыцыях. Гэтыя традыцыі чырвонай ніткай пройдуць праз сімволіку гульняў і знойдуць адлюстраванне ў цырымоніях адкрыцця і закрыцця Еўрагульняў», — растлумачыў Георгій Катулін.

На час правядзення топ-турніру беларускі бок бярэ на сябе абавязацельствы спрасціць мытныя працэдуры (у дачыненні да спартыўнага, медыцынскага і іншага абсталявання) для ўсіх удзельнікаў спаборніцтваў для паскоранага праходжання мытні. Таксама Беларусь збіраецца выкарыстоўваць практыку бязвізавага ўезду для гасцей мерапрыемства.

Дарэчы, Міністэрства спорту і турызму прапаноўвае павялічыць тэрмін бязвізавага знаходжання ў Беларусі да 10 сутак. Гэта датычыцца не толькі часу правядзення Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе. Неабходнасць павелічэння бязвізавага тэрміну Мінспорту тлумачыць у тым ліку важнасцю развіцця санаторна-курортнага кірунку. «Але на першым плане пры прыняцці канчатковага рашэння будуць пытанні бяспекі: вы бачыце, што ў свеце здараецца. Разам з тым работа па павелічэнні гэтага тэрміну вядзецца», — адзначыў намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной.

Нагадаем, пяцідзённы бязвізавы рэжым у Беларусі для грамадзян 80 краін пачаў дзейнічаць 12 лютага. Абавязковай умовай з'яўляецца прыбыццё праз Нацыянальны аэрапорт Мінск.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Возьмем цеплынёй, атмасферай і гасціннасцю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.