Вы тут

Як невідушчыя беларусы вучацца асновам макіяжу і сталоваму этыкету


Як зразумець, які з відэльцаў закусачны, калі не бачыш? Ці нанесці румяны навобмацак? Мінскі Цэнтр паспяховага чалавека арганізаваў для невідушчых курс па сацыяльнай рэабілітацыі, дзе іх вучылі не толькі арыентавацца з дапамогай белага кійка і карыстацца камп'ютарам, але і рабіць макіяж, танцаваць і разбірацца ў тонкасцях сталовага этыкету. На некаторых занятках пабывалі і мы.


Нафарбавацца за 10 хвілін

Звычайна на курсах па візажы стол ломіцца ад касметыкі: алоўкі для вачэй, рознакаляровыя цені, падводкі, хайлайтары... Але не ў гэтым выпадку. Дэкаратыўных сродкаў тут выкарыстоўваюць мінімум.

— Сутнасць курсаў — навучыць дзяўчат рабіць звычайны дзённы макіяж, — тлумачыць цырульнік Марына Міцкевіч. — Наносім касметыку навобмацак. З рассыпчатай пудрай прасцей за ўсё працаваць. Пасля заняткаў я дапамагаю падабраць пэндзлік і тон. Вучу наносіць румяны. Як? Знаходзім выступаючую костачку на шчацэ, ставім палец да гэтай кропкі і ад вуха вядзём да яе лінію. А тушшу дзяўчаты рэдка карыстаюцца. Бо калі сляза пацячэ, не змогуць выцерці акуратна — размажуць. Да таго ж многія носяць цёмныя акуляры.

Насупраць сядзіць адзінаццацікласніца Ксенія Сачанка. На курсы рэабілітацыі яна прыехала з аграгарадка Старабарысаў Барысаўскага раёна. Раней, прызнаецца, касметыкай самастойна не карысталася, па святах яе фарбавалі аднакласніцы. Цяпер Ксюша і сама можа справіцца: на макіяж у яе ідзе хвілін дзесяць.

— Фарбуйся павольней, не так моцна, каб пудра не разляталася. Памятаеш, што я табе казала? Не бойся лішні раз правесці пэндзлем па твары, каб растушаваць, — падказвае ёй падчас працэсу Марына Міцкевіч.

Марына заўважае, што некаторыя слухачкі фарбуюцца вельмі спрытна. «Раз, два — памаду нанесла. Пальчыкамі ў вугалках выцерла, і ўсё — ідэальны контур. Вось як? Нават я так не магу».

На курсах разбіраюць таксама, якія стрыжкі каму пасуюць. Расказваюць, як на прафесійнай мове растлумачыць цырульніку, што ты хочаш. І дапамагаюць падабраць цёмныя акуляры, якія падкрэсляць рысы твару, а не схаваюць яго.

«Прынясіце нам келіхі»

Што рабіць з пенкай на капучына, як паклікаць афіцыянта, калі не бачыш яго, навошта ў кактэйль ставяць дзве трубачкі (аказалася, проста для эстэтыкі) — падчас майстар-класа па сталовым этыкеце пытанні так і сыпаліся.

А для пачатку менеджар банкетнай службы гатэля «Рэнесанс» Андрэй Мілюцін сарыентаваў невідушчых гасцей, дзе якія прыборы ляжаць. Так, бліжэй за ўсё да талеркі — сталовыя: імі ядуць гарачыя стравы. Гэтыя прыборы большыя і цяжэйшыя за закусачныя. Рыбныя відэлец і нож больш плоскія, падобныя да лапатак. Лыжку трэба шукаць паміж сталовым і закусачным нажамі, а прыборы для дэсерту — зверху над талеркай.

— Як складваць прыборы, калі вы ўжо паелі? Савецкі спосаб — скрыжаваць. Але ў Еўропе гэта будзе лічыцца, што вы просіце дабаўкі. Таму калі хочаце, каб посуд прыбралі, відэлец і нож павінны ляжаць на талерцы паралельна адзін аднаму, — інструктуе Андрэй Мілюцін.

Сурвэтку з тканіны кладуць на калені, каб абараніць штаны ці сукенку ад крошак, а каб выцерці рот, выкарыстоўваюць папяровую. Хлеб прынята ламаць па кавалачках, а не адкусваць.

— Лыжачку, якую з кавы вымаеш, куды класці? — пытаецца хтосьці з-за стала.

— На сподак. А чайны пакецік — у піражковую талерку, — адказвае прадстаўнік гатэля.

— А як правільна паклікаць афіцыянта? Мы ж не бачым, дзе ён...

— Проста падняць руку. Уявіце, што вы вітаеце некага. І ніякіх пстрычак пальцамі!

— А калі меню па Брайлю няма, як быць?

— Вы можаце папрасіць афіцыянта зачытаць меню. Гэта яго работа.

— А прынясіце нам розныя келіхі — памацаць...

Праз пару хвілін перад кожным з'яўляецца некалькі відаў шкла. Андрэй Мілюцін расказвае, які з келіхаў для чаго прызначаны і як іх правільна трымаць. Напрыклад, высокі трэба браць падушачкамі пальцаў за ножку. Абхопліваць чашу прынята толькі ў выпадку з келіхам для каньяку: каб цяпло рукі сагравала напой, і ён раскрываў свой водар.

Ніякіх суправаджаючых

Праект «Шлях да поспеху» арганізаваны ўстановай рэабілітацыі інвалідаў па зроку «Цэнтр паспяховага чалавека» пры фінансавай падтрымцы пасольства ЗША ў Беларусі. Заняткі бясплатныя, і на іх запрашаюць невідушчых з розных абласцей краіны.

Канстанцін Халюкоў, напрыклад, са Жлобіна. Ён працуе праграмістам і даўно з камп'ютарамі на «ты», але, прызнаецца, на занятках па тэхналогіях адкрыў для сябе шмат новага. «Аказалася, столькі праграм ёсць, з якімі больш зручна працаваць», — дзеліцца ўражаннямі ён.

Падчас курсаў удзельнікі перасоўваюцца па горадзе самастойна (толькі ў першыя дні ім дапамагаюць з навігацыяй арганізатары). Пакуль ніхто не губляўся, жартуюць. Быў толькі адзін выпадак, калі мужчына загаварыўся з дзяўчынай у аўтобусе і праехаў свой прыпынак.

— На курсах ёсць жорсткае патрабаванне — ніякіх суправаджаючых, — кажа спецыяліст па інфармацыйна-адаптыўных тэхналогіях цэнтра Аляксандр Севярын. — Гэта дрэнна ўплывае: чалавек, які прывык разлічваць толькі на клопат блізкіх, наўрад ці чаму-небудзь навучыцца — ён проста наведвае заняткі. Разумеем, што трэба працаваць і са сваякамі. Бо калі чалавек вяртаецца ў цяплічныя ўмовы, ён забывае тое, чаму тут навучыўся. Мы настройваем на самастойнасць.

Афіцыйна

Міхаіл АНТОНЕНКА, дырэктар Цэнтра паспяховага чалавека, намеснік старшыні Беларускага таварыства інвалідаў па зроку:

— Для людзей, якія будуць удзельнічаць у праекце, мы плануем адкрыць клуб ці нават кавярню і там праводзіць тэматычныя сустрэчы. Цяпер шукаем пляцоўку для гэтага. Маем дамоўленасць аб арганізацыі call-цэнтра на базе нашай установы. За аснову возьмем амерыканскі вопыт. Будзем працаваць з абітурыентамі, іх бацькамі, кансультаваць, у які ўніверсітэт ці каледж можна паступіць. Наладжваем таксама супрацоўніцтва з кампаніяй ЕРАM. Хадзілі да іх на экскурсію, паказвалі, якімі камп'ютарнымі праграмамі карыстаюцца невідушчыя. Магчыма, ЕРАM возьмецца рыхтаваць нашых людзей з перспектывай далейшага працаўладкавання. Кампанія будзе падцягваць іх тэхнічны ўзровень, а мы, са свайго боку, — вучыць карыстацца інструментамі для работы з камп'ютарам. Невідушчы чалавек можа смела канкурыраваць на рынку інтэлектуальнай працы — там, дзе зрок адыгрывае другасную ролю.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Фо­та Сяр­гея НІ­КА­НО­ВІ­ЧА

Загаловак у газеце: Пудра, акуляры і меню па Брайлю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».