Вы тут

Прэзідэнт агучыў, як будуць развівацца населеныя пункты ўсіх узроўняў


Справа ад аўтамабільнай дарогі — поле льну. Дасканала роўна пасаджанае, яно нагадвае зялёны дыван з блакітным адценнем. Яно нараджае адчуванне чысціні, дагледжанасці і дасканаласці, якое не пакідае на працягу ўсяго шляху да гарадскога пасёлка Копысь і ў ім самім.


Фота: БЕЛТА

Мясцовая жыхарка Таццяна Чарнюк прызнаецца, што за апошнія гады Копысь змянілася ў лепшы бок. Палепшыліся інфраструктура, знешні выгляд. «Такую прыгажуню зрабілі! — кажа яна. — Але тое, што зроблена, трэба берагчы».

Жыхары гарадскога пасёлка, якія прыйшлі на сустрэчу з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, у адзін голас кажуць, што родную Копысь не пазнаць. За лічаныя месяцы паклалі новае дарожнае пакрыццё, праклалі сеці вода-, газа- і электразабеспячэння, а таксама сувязі. Цяпер ідуць работы па рэканструкцыі дзіцячага садка, школы, бальніцы. Па словах беларускага лідара, Копысь можа стаць прыкладам таго, як варта ўдыхаць новае жыццё ў невялікія населеныя пункты:

— Я хацеў паглядзець, як выканана маё даручэнне. Мы прынялі рашэнне восенню мінулага года аднавіць гэты гарадскі пасёлак. Не таму, што дзесьці я хадзіў па гэтым пасёлку, хаця тут няма таго метра, дзе б я ні хадзіў, ды і нарадзіўся тут. Пытанне глыбейшае. Перад намі стаіць праблема, як далей развіваць краіну, як яе засяляць, дзе павінны жыць людзі.

Камфорт павінен быць не толькі ў буйных гарадах, але і ў невялікіх пасяленнях. Трэба стварыць добрыя ўмовы, не разбураючы тое, што ўжо ёсць. Пры гэтым людзям важна мець годную працу.

Па словах Прэзідэнта, родны для яго пасёлак быў абраны не выпадкова: тут усё яму вядома, тут не падманеш, спрацаваўшы дрэнна.

— Мы зрабілі адзін пасёлак. Усіх губернатараў сюды прывязём. З наступнага года ў кожнай вобласці два пасёлкі кожны год дастань і пакладзі. Менавіта так, як у Копысі, мы іх павінны прывесці ў парадак. Так мы замыкаем вертыкаль аднаўлення краіны, пра якую я казаў: Мінск, абласныя цэнтры, раённыя цэнтры (яны ўсе ў парадку, нават у Віцебскай вобласці), ніжэй ідзе аграгарадок (таксама ведаем, як рабіць), далей ідуць пасёлкі гарадскога тыпу і вёскі, дзе раней былі цэнтры аб'яднаных гаспадарак.

Прэзідэнт азнаёміўся з адноўленымі аб'ектамі ў пасёлку, наведаў цэнтр народнай творчасці, бальніцу, добраўпарадкаваны бераг Дняпра. Асобную частку ў паездцы заняла гутарка з мясцовымі жыхарамі.

Адно з пытанняў датычылася коштаў на лекі, якія «пастаянна растуць». У сваю чаргу, кіраўнік дзяржавы запэўніў жанчыну, што раз такая праблема сапраўды хвалюе людзей, цэны на лекавым рынку будуць дадаткова правераны. «Вы ведаеце маё стаўленне. Наколькі магчыма сёння, я імкнуся стрымліваць цэны», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым калі шэсць гадоў таму ў Беларусі рабілі толькі 18% лекаў ад усіх, якія прысутнічалі на рынку, то цяпер — 56—57%, і пры гэтым большасць з іх каштуе каля аднаго-двух долараў.

Маладая маці падзялілася сваімі ўражаннямі ад парада ў Мінску, які глядзела па тэлебачанні разам са сваім трохгадовым сынам, і запытала, ці спадабаўся ён Прэзідэнту. «У цэлым мне парад спадабаўся. Зрабілі ўжо больш маштабна, — сказаў ён. — Я прасіў, каб паказалі моц арміі, каб людзі паглядзелі і зрабілі высновы, што там штосьці ёсць, што можа іх абараніць. І іх дзяцей, і вашага трохгадовага малыша».

Галіна Куляшова запыталася ў Прэзідэнта, ці будзе ў гэтым годзе наша краіна з хлебам, нягледзячы на неспрыяльнае надвор'е. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што год гэты для сельскай гаспадаркі неблагі: збожжавыя, сапраўды, невысокія, бо было халаднавата, але затое добра развілася каранёвая сістэма. Слабыя былі травы першага ўкосу, асабліва злакавыя, але зараз, пасля таго як прайшлі дажджы, трава стала лепшая.

— На працягу тыдня я вам абяцаю спёку да 30 градусаў. Мы чакаем моцны паўднёвы цыклон. І яшчэ надакучыць. Маё асабістае меркаванне, я ўжо казаў, я — чалавек зімні. Для мяне гэта благадаць. Гэта надвор'е — маё надвор'е. Я адчуваю сябе камфортна. Давайце будзем бліжэй да Госпада, і ён нам падорыць добрае надвор'е. Тое, якое кожны з вас чакае.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

г. п. Копысь

Загаловак у газеце: Ад сталіцы да вёскі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.