Вы тут

У Мінску працягваецца 26-я сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ


Учора ўдзельнікі пасяджэнняў 26-й сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ працягнулі разгляд асноўных пытанняў парадку дня. Нашы карэспандэнты інфармуюць пра найбольш цікавыя моманты сустрэч.


Адказ тэрарыстычнай пагрозе

На пасяджэнні Агульнага камітэта па палітычных пытаннях і бяспецы абмеркавалі папраўкі да праекта рэзалюцыі і дадатковыя пытанні. Асноўнай тэмай стаў тэрарызм. Прадстаўнік Таджыкістана адзначыў, што для супрацьстаяння гэтай сусветнай праблеме неабходны калектыўны падыход. Магчыма, трэба выпрацаваць на заканадаўчай аснове новыя падыходы, накіраваныя ў тым ліку на прадухіленне.

Прадстаўнік Грэцыі падкрэсліў, што абсалютны прыярытэт для грамадзян — бяспека, якую гарантуе дзяржава. У гэтым кірунку парламентарыі могуць зрабіць наступнае: па-першае, узгадніць заканадаўства па барацьбе з тэрарызмам, па-другое, наладзіць супрацоўніцтва паміж арганізацыямі бяспекі.

Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Баляслаў Пірштук прапанаваў падтрымаць прапанову расійскай дэлегацыі — праект рэзалюцыі аб умацаванні ролі АБСЕ ў супрацьдзеянні тэрарызму: «Вітаем прыняцце ў Мінску рашэння аб заснаванні ў рамках ПА АБСЕ Камітэта па супрацьдзеянні тэрарызму. Упэўненыя, што яго работа будзе спрыяць узмацненню ўкладу нашай асамблеі ў барацьбу з гэтай чумой XXІ стагоддзя, ахвярамі якой за апошнія гады сталі многія тысячы нявінных людзей па ўсім свеце».

Гуманітарны аспект

На пасяджэнні Агульнага камітэта па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях прадстаўнік Канады падняла пытанне аб дыскрымінацыі на рэлігійнай глебе. Яна адзначыла, у прыватнасці, што распаўсюджанне тэрарызму ўплывае на адносіны да мусульман па ўсім свеце. У сваіх прапановах па ўдасканаленні рэзалюцыі дэлегаты звярталіся ў асноўным да традыцыйных каштоўнасцяў: свабоды слова і іншых правоў чалавека.

Пляцоўка для паразумення

На пасяджэнні Агульнага камітэта па эканамічных пытаннях, навуцы, тэхналогіі і навакольным асяроддзі абмяркоўвалі магчымасць унясення 20 паправак да праекта будучай Мінскай дэкларацыі. Парламентарыі прынялі ініцыяваную беларусамі 19-ю папраўку, якая мае на ўвазе ўключэнне пункта аб неабходнасці далейшага развіцця і пашырэння ўзаемадзеяння паміж інтэграцыйнымі працэсамі і структурамі на прасторы АБСЕ ў інтарэсах фарміравання адзінай эканамічнай прасторы. Робіцца гэта ў адпаведнасці з абавязацельствамі, якія замацаваны ў Хельсінкскім заключным акце і Астанінскай юбілейнай дэкларацыі 2010 года. Пры гэтым асаблівае месца аддаецца менавіта АБСЕ: арганізацыя магла б адыгрываць ролю платформы для дыялогу. Беларуская папраўка нацэлена на тое, што дадзеную практыку неабходна спрасціць, у тым ліку па лініі міжнароднага парламенцкага супрацоўніцтва.

Важнай падзеяй таксама стала прыняцце беларускай рэзалюцыі аб «Распрацоўцы своечасовых і эфектыўных заканадаўчых, нарматыўных, адміністрацыйных мер рэагавання на з'яўленне новых псіхаактыўных рэчываў». Віцэ-спікер Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Баляслаў Пірштук пасля прадстаўлення рэзалюцыі адзначыў, што выпрацаваць агульныя аператыўныя падыходы рэагавання будзе няпроста. Але прыняцце рэзалюцыі большасцю галасоў кажа пра тое, што тэма актуальная і вельмі важная для ўсёй прасторы АБСЕ.

Акрамя таго, ён звярнуў увагу на тое, што за апошнія два-тры гады колькасць людзей, якія прымаюць псіхаактыўныя рэчывы, павялічылася ўдвая. Гэта пацвярджаюць эксперты ААН і АБСЕ. На яго думку, выявіць такія рэчывы складана, таму што іх цяжка зарэгістраваць. Гэта адбываецца таму, што яны хутка з'яўляюцца, а выяўляць іх не паспяваюць. Гэты працэс трэба папярэджваць, лічыць віцэ-спікер ніжняй палаты беларускага парламента.

Баляслаў Пірштук таксама адзначыў, што Беларусь гатова прымаць актыўны ўдзел у дзейнасці АБСЕ. «Нам хацелася б больш працаваць менавіта ў эканамічным блоку, каб мы дзейнічалі эфектыўней у рэгіёне АБСЕ, у Еўрасаюзе, прыцягвалі і патэнцыяльных інвестараў, і новыя тэхналогіі», — рэзюмаваў беларускі дакладчык.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Ілья КРЫЖЭВІЧ

kryzhevіch@zvіazda.by

Фота Надзеі Бужан

Загаловак у газеце: Згода будуе ...кажуць беларусы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.