Вы тут

Нарада галоўных нарколагаў дзяржаў — членаў АДКБ прайшла ў Мінску


Галоўныя нарколагі Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, а таксама прадстаўнікі рэгіянальнага офіса ўпраўлення ААН па наркотыках і злачыннасці па Афганістане і суседніх краінах чарговы раз абмеркавалі сітуацыю з ужываннем наркотыкаў і новых псіхаактыўных рэчываў у краінах — членах Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, падзяліліся вопытам работы па лячэнні, рэабілітацыі і рэсацыялізацыі нарказалежных, вызначылі эфектыўныя меры прафілактыкі.


Дагэтуль у межах Дагавора аб калектыўнай бяспецы шмат гадоў распрацоўваліся ў першую чаргу механізмы сілавога, праваахоўнага процідзеяння незаконнаму абароту, што, безумоўна, прыносіла свой плён. Дастаткова прыгадаць хоць бы адну з апошніх маштабных аперацый «Заходні заслон» (са штабам у Брэсце), падчас якой дзяржавамі — членамі АДКБ з прыцягненнем іншых краін было канфіскавана каля 16 тон наркотыкаў. Аднак барацьба з псіхаактыўнымі рэчывамі патрабуе эфектыўных мер процістаяння не толькі прапанове, але і попыту. Цікавым вопытам работы дзеліцца ў гэтым кірунку, напрыклад, расійскі бок.

— Даволі доўга мы даказвалі неабходнасць ранняга выяўлення спажыўцоў наркотыкаў у адукацыйным асяроддзі, і ўрэшце быў распрацаваны адпаведны закон, і цяпер мы актыўна тэсціруем школьнікаў і студэнтаў, — паведаміў галоўны пазаштатны псіхіятр-нарколаг Міністэрства аховы здароўя Расіі Яўген БРУН. — Калі 5—6 гадоў таму ўзровень спажывання наркотыкаў сярод апытанных старшакласнікаў і студэнтаў набліжаўся да 10—15 працэнтаў, то летась размова ішла пра 3 працэнты, а дзесьці і менш. Надалей мы будзем займацца выяўленнем спажыўцоў наркотыкаў і алкаголю ў кардыялагічных, пульманалагічных, гастраэнтэралагічных аддзяленнях бальніц. Паводле першых вынікаў, каля 15 працэнтаў пацыентаў гэтых аддзяленняў атрымалі свае захворванні менавіта з прычыны злоўжывання псіхаактыўнымі рэчывамі. Плануецца ў нас працягваць і прафілактыку на працоўных месцах: у мужчынскіх працоўных калектывах выяўляецца да 20 працэнтаў праблемных людзей...

Гэтыя падыходы Расія прапануе і краінам — удзельніцам АДКБ. З 2014 года Беларусь таксама выяўляе ў арганізаваных калектывах грамадзян, схільных да ўжывання псіхаактыўных рэчываў. У тым жа годзе Міністэрства аховы здароўя распрацавала метадычныя рэкамендацыі па выяўленні наймальнікамі ў сваіх працоўных калектывах асоб, якія злоўжываюць або маюць такую схільнасць, нагадвае галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Іван КАНАРАЗАЎ. Прапісаны ў рэкамендацыях і шляхі вырашэння праблемы — куды звяртацца па наркалагічную дапамогу. Плануецца ў краіне праводзіць і даследаванне па выяўленні схільных да злоўжывання алкаголем у саматычных стацыянарах. Своечасовае выяўленне згубнай схільнасці дапамагае ажыццявіць індывідуальную прафілактыку ў групах рызыкі. Аб эфектыўнасці падобных мер сведчыць, напрыклад, той факт, што за апошнія 4—5 гадоў колькасць траўмаваных на вытворчасці знізілася прыкладна ўдвая.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Некалькі мер, каб знізіць попыт

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».