Вы тут

Магія вакол




Магія вакол

Ці часта вы сутыкаецеся з магіяй у штодзённасці? Ці адчуваеце лёгкасць яе дакрананняў і, разам з тым, самаўпэўненую сілу? Ці верыце ў існаванне паралельных сусветаў? Якія ў вас адносіны да чараўніцтваў і цудаў? А як склаліся стасункі з марамі? Якое месца ў вашым жыцці займаюць колеры, смакі, гукі і пахі фантазіі? Проста справа ў тым, што ў дэбютнай кнізе Яніны Пінчук «Горад мрой» так званая рэальнасць цесна пераплятаецца з фантастыкай. На аснове гэтай сувязі аўтарка будуе шэраг магічна-рэалістычных апавяданняў пра гарады (сярод якіх Мінск займае цэнтральнае месца). Хаця, відаць, правільней было б сказаць, што дадзеная кніга з’яўляецца выразнікам суб'ектыўных пачуццяў, перажыванняў, думак галоўных гераінь у дачыненні да іх рэчаіснасці. А ўрбаністычны фон — толькі тканіна, на якой вымалёўваецца адмысловае светабачанне.

Увогуле, пры прачытанні неаднойчы ўзнікала адчуванне дысанансу: з-за аднастайнай стылістыкі і фігуравання адных і тых жа персанажаў так і не атрымалася ўспрыняць «Горад мрой» як шараговую зборку разнародных апавяданняў. З’яўлялася жаданне звязаць нейкімі пераходамі сюжэтныя лініі, бо ў працэсе азнаямлення з тэкстам складвалася ўражанне, што існуе пэўная прадуманая храналогія, — і атрымаць нядрэнны раман J У наяўнасці ж маем чатырнаццаць пазлаў, якія так і просяцца, каб іх склалі ў адну выяву, але не атрымліваецца. Хаця кожнае з апавяданняў і вылучаецца сваёй непасрэднасцю, да самастойнага ладнага твора не дацягвае. На старонках разгортваецца цэлы калейдаскоп падзей: сустрэча сябровак у кавярні, нірвана ў трамваі сярод горада, асэнсаванне ўнутранага зАмка з цішынёй і вечнасцю, баўленне часу ў Сан-Марціна, ірацыянальнае каханне, помста з летальным сыходам, вучоба ў міністра ВКЛ, матэ як мадэль жыцця, танец сальса, пошукі папараць-кветкі і іншае, іншае, іншае. Не дзіўна, што ў вочы кідаецца своеасаблівая эскізнасць кнігі. Да прыкладу, даведваемся пра тое, што адна з гераінь працуе на міністра з паралельнага свету, дзе ВКЛ квітнее на ўсю моц. Ніякіх дакладных і разгорнутых тлумачэнняў і падрабязнасцей Яніна Пінчук чытачу не прапаноўвае. А якая завязка! Можа, аўтарка «падкінула» ўяўленню чытачоў гэткае практыкаванне для трэніроўкі фантазіі? J Іншыя эпізоды таксама маюць патэнцыял стаць больш буйнымі творамі: яны нагадваюць пупышкі, якія вось-вось павінны лопнуць, каб выпусціць вонкі зялёнае лісце.

Крыху не дацягваюць да самастойных яркіх персанажаў і героі кнігі. Дзве галоўныя дзеючыя асобы, якіх можна вылучыць, і чые характары прапісаны найбольш выразна, — Алеся і Улада. Яны нядрэнна падыходзяць пад апісанне з аднаго апавядання: «Мы нагадваем персанажаў картасараўскага рамана «Экзамен» — маладыя, няпростыя, мы шукаем, чагосьці там ствараем, вечна ў стане прадчування». Асабіста ў мяне з гэтымі дзяўчынамі адносіны не склаліся: не хапіла глыбіні, псіхалагізму, «жыццяздольнасці». Пры ўсім тым, што літаратура так ці інакш з’яўляецца ўмоўнасцю, Алеся і Улада сапраўды толькі нагадваюць герояў кнігі — а ніяк не паўстаюць жывымі асобамі мастацкага свету. Я не пераканалася, што яны сапраўдныя. Магчыма, прычынай таму з’яўляецца тая акалічнасць, што свет, створаны аўтаркай, падаецца значна ярчэйшым за дзеючых персанажаў. І магчыма, менавіта якраз тут трэба прыняць да ўвагі, што гэта ўсё ж апавяданні, а не цэльны тэкст, які часта да драбніц раскрывае «нутро» герояў… Але і адна, і другая дзяўчыны выглядаюць тыповымі, нягледзячы на спробу прадставіць іх выключнымі. Яны тыповыя ў сваёй нетыповасці, створаныя па шаблоне: дзяўчаты «не такія, як усе», рамантычныя, па-сучаснаму высакародныя. Плюс пару індывідуальных характарыстык. А яшчэ яны вядзьмаркі. Хаця, па словах адной з гераінь, гэта «тэрмін прымітыўны і састарэлы. Я — аташэ па сувязях са звышнатуральным». Няхай і так. Гераіні мілыя сваёй упэўненасцю ў  арыгінальнасці: «Навошта нам штучна сябе падсцёбваць, калі мы і так досыць дзікаватыя: якраз гэтак, каб знаходзіць радасць у ласунках, травеньскім надвор’і і назіранні за тым, як гараць запалкі?»

Мяркую, Яніна Пінчук магла б стварыць «магічна-рэалістычныя апавяданні» і без звароту да звышнатуральных рэчаў. Самае моцнае ў «Горадзе мрой» — гэта стыль. Дзякуючы толькі аднаму стылю перад маімі вачамі навакольны свет Алесі паўставаў дзіўным і прываблівым. Цёплым і пяшчотным. Прыцягальным сваёй вытачанасцю і маляўнічасцю. Цікавым і непрадказальным, як само жыццё. Заўважна любоў гераіні (думаецца, найперш аўтаркі) да ўсяго, што яе акаляе, да сваіх «учора», «сёння» і «заўтра», да будзённых дробязей. Таму звароты да паралельнага свету, да камунікацыі з памерлымі і да т. п. «рэчы» нішчылі магію штодзённасці. Такі вось парадокс выйшаў. А вы проста пасмакуйце такое невялічкае апісанне: «Аднак і мясцовыя жыхары, і турысты ўсё адно не маглі выстаяць перад спакусамі аксаміцістай ночы, падобнай да пялёстка архідэі з мігатлівымі светлячкамі». Гэткіх прыгожых апісанняў у кнізе дастаткова. На іх аснове можна будаваць сапраўдны лірычны твор шчырых асабістых перажыванняў. І пра горад, і пра мроі, і пра што заўгодна. Такіх перажыванняў, што залезлі б у самую глыб твайго сэрца і заявілі: свет — чароўны. Ты можаш адбрыквацца ад гэтай ідэі, хавацца і бачыць тое, што хочаш. Гэта не адмаўляе існавання магіі ў нашым жыцці. «Часам рэальнасць чыніць вельмі цудоўныя штукі». І гэта насамрэч так, і гэта цешыць і напаўняе святлом. Таму, можа, і падаецца, што ў кнізе зліцця цудаў «рэальнасці» і цудаў «звышнатуральных» не адбылося. Першыя аказаліся нашмат мацнейшымі і пераўзышлі другія. Магчыма, аўтарка і не імкнулася да падобнага зліцця. Але выглядае так, быццам задумваўся арганічны мікс рознаякасных цудаў, да таго ж, згадаем, што кніга падаецца менавіта як «магічна-рэалістычныя» апавяданні.

У гэтым недамяшаным міксе часам трапляюцца недапрацаваныя заўвагі і роздумы, якія выглядаюць нацягнутымі і картоннымі. Нібы аўтарка спецыяльна ўклініла ў кнігу пэўныя штампы кшталту сакральнай сувязі чалавека з яго роднай зямлёй і народам, кшталту тыповых аптымістычных парад «як лепш жыць». Сэнсавай нагрузкі гэтыя думкі не нясуць, прынамсі, на ідэю кнігі не працуюць ніяк. Яны маглі б дапамагчы стаць «больш жывымі» гераіням кнігі, але толькі пры ўмове выхаду за межы штампаванасці. Бо пра важнасць мінулага, пра значнасць этнічнай прыналежнасці і так сказана ўжо шмат. Хочацца адкінуць убок банальнасці і паўторы.

Падводзячы рахункі з дадзенай кнігай, атрымліваем, што «Горад мрой» — гэта ненапружная кніга са сваім гучаннем. Яна пра суіснаванне нашай рэальнасці і «іншага плана быцця», пра захопленасць штодзённымі цудамі і спробамі знайсці сваё месца сярод іх, пра рамантычныя ўзаемаадносіны жывых і мёртвых, пра паралельны свет з ВКЛ і свет, дзе непарушнай застаецца сувязь з народнымі ўяўленнямі і традыцыямі. Без прэтэнзіі на грунтоўнасць і пераканальнасць. Гэта вобразная кніга з атмасферай «звычайнага» чараўніцтва, агеньчыкі якога здольныя прыхарошыць рэчаіснасць і падарыць усмешку. «А цяпер я несла ў сабе цэлае скопішча шматкаляровых агеньчыкаў, яны грэлі мяне, прымушаючы забыцца пра надвор'е, мігацелі, як светлячкі ў слоіку».

P. S. На сайце Livelib чытачы ўжо паспелі параўнаць «Горад мрой» з «Казкамі старога Вільнюса» Макса Фрая. У вас ёсць магчымасць пагрузіцца ў свет, створаны Янінай Пінчук, паблукаць па мінскіх і не толькі вулачках і пагадзіцца з такім параўнаннем і ўсім вышэй напісаным альбо не. А таксама стварыць свой чароўны горад, у якім мроі становяцца рэчаіснасцю.

Анастасія Анцімонік

 

Каментары

Довольно примитивная рецензия. Правду говорят, что критики - это неудавшиеся писатели, у которых не получилось эволюционировать до создателей своих миров. Рецензентка оказалась не готова писать о магическом реализме. Ей не хватило читательского опыта и литературоведческих знаний, а то бы она обнаружила, что всё, что она критикует у Янин ы Пинчук, - это как раз фирменный стиль магреалистов, их особенности. Дорогая редакция, пожалуйста, доверяйте рецензирование более опытным и эрудированным людям.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».