Вы тут

Угледзецца ў аблічча Песняра...


У гасцёўні Купалавага дома — нізенькія столікі, ля якіх на крэселках, прынесеных Уладзіславай Францаўнай з дзіцячага садка, сядзяць шматлікія госці. Сябры і маладыя творцы прыйшлі павіншаваць Купалу з юбілеем. Пасля афіцыйнай урачыстасці ў кінатэатры «Культура» гаспадар крыху стомлены, але жартуе, адгукаецца на прачытаныя вершы. Сымон Баранавых уручае паэту падарунак — рэдкі на той час радыёпрыёмнік... Вось так Максім Лужанін апісаў святкаванне пяцідзесяцігоддзя Янкі Купалы, на якім апошні раз агучваў тост за здароўе паэта.


Сёлета юбілейныя ўрачыстасці распачаліся таксама ў Купалавым доме — прэзентацыяй зборніка выбраных вершаў Янкі Купалы «А хто там ідзе?» на славацкай мове. Над кнігай працавалі паэты-перакладчыкі Марыян Серватка, Яраслаў Рэзнік і Сяргей Макар. Сёння ж у дзень нараджэння паэта адбылося ўрачыстае ўскладанне кветак да помніка Янкі Купалы ў сталічным парку, які носіць яго імя. Тыя ж, хто не знайшоў магчымасці далучыцца да святкавання, могуць узгадаць паэта дзякуючы новай кнізе: «Янка Купала. Для тых, якіх люблю», што пабачыла свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура». І ўспаміны Максіма Лужаніна — адны з найцікавейшых у гэтым выданні.

Большую палову кнігі займаюць эсэ і ўспаміны пра паэта. Жыццё Купалы ўзнаўляецца са слоў яго сяброў, сваякоў і вучняў, але ёсць тут і больш праўдзівая гісторыя — каля паўсотні фотаздымкаў, дакументаў амаль непадуладных ідэалагічным патрабаванням у параўнанні з пісьмовымі тэкстамі савецкай эпохі. Некаторыя фотаздымкі адлюстроўваюць значныя падзеі з жыцця Івана Дамінікавіча, якія па тых ці іншых прычынах не былі ўзгаданыя аўтарамі. Але найбольш каштоўныя тыя выявы, якія дазваляюць адчуць душэўны стан паэта, — яны нярэдка дысануюць з тэкстам альбо дазваляюць уявіць, якія думкі аўтар пакінуў пры сабе.

Вернемся да першых старонак: пачынаецца кніга неспадзявана проста — успамінамі малодшай сястры паэта Леакадзіі Раманоўскай. Натуральна, што тэкст аднаго з самых блізкіх людзей мае адкрываць кнігу, выдадзеную да юбілею творцы. І менавіта гэтымі ўспамінамі можна распачаць першае знаёмства з жыццяпісам Купалы: маленькія чытачы будуць слухаць з задавальненнем, бо галоўная ўвага Леакадзіі Дамінікаўны была прысвечана дзяцінству брата.

Ёсць у кнізе і тэксты, якія зацікавяць людзей дасведчаных. Напрыклад, Франц Гінтаўт на некалькіх старонках распавёў пра Франуся Аўлачынскага — суседа Луцэвічаў па фальварку Селішча. На думку Гінтаўта, «жыццяпіс гэтага даволі цікавага чалавека, напэўна, дастасаваўся да задумы такіх твораў, як “Адплата кахання”, “Паўлінка”, “Сват”, “Страх”». Пра першую пастаноўку «Паўлінкі» і свае стасункі з Янкам Купалам згадвала Паўліна Мядзёлка.

Калі ва ўспамінах сваякоў Іван Дамінікавіч паўстае чалавекам, які любіў прыроду, быў гасцінным, часта адведваў сясцёр і пляменнікаў, то літаратары, вядома, згадвалі Купалу найперш як паэта. Пятро Глебка адзначаў яго патрабавальнасць да тэхнікі верша і ўзнавіў дасціпную размову пра сімвалізм, Зінаіда Бандарына звярнула ўвагу на стаўленне Купалы да маладых літаратараў. З імі паэт часам абыходзіўся даволі строга: напрыклад, аднойчы закінуў у крапіву прыгожыя дарагія пальчаткі са словамі «Не трэба быць малпай...». Галоўная ж парада Янкі Купалы маладым савецкім паэтам: «У кожнага павінен быць свой голас».

Успаміны Максіма Лужаніна датуюцца 1962 годам. У гэты час можна было ўжо дастаткова свабодна згадваць колішнія размовы, а з маладым пісьменнікам Янка Купала быў шчыры: у 1930-я гг., і падчас знаходжання ў Маскве на пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Максім Лужанін дэталёва апісаў Купалу ў стасунках з іншымі людзьмі, узгадаў нямала цікавых эпізодаў. Асабліва падрабязна пісьменнік распавёў пра сустрэчы з Купалам у Маскве ў ліпені 1941 года, калі паэт быў у глыбокай роспачы...

Фотааб’ектыў зафіксаваў і іншыя падзеі: 1934 год, Янка Купала ў прэзідыуме І Усесаюзнага з’езда савецкіх пісьменнікаў нявесела глядзіць, як Максім Горкі падпісвае нейкія паперы. 1939 год, Купала зноў у прэзідыуме Саюза савецкіх пісьменнікаў: стрыманы твар і яшчэ большая гаркота ў куточках вуснаў. Адсланёнасць і відавочны недавер адрозніваюць Купалу ад іншых творцаў, якія трапляюць у кадр разам з ім. Найбольш уражвае фотаздымак 1940 года: Купала з запалымі шчокамі побач з уласным бюстам у майстэрні Заіра Азгура. Тады адбывалася гучнае святкаванне 35-годдзя творчай дзейнасці народнага паэта, але ён менш за ўсё падобны да задаволенага жыццём чалавека. Хай сабе Іван Дамінікавіч піша пра шчаслівых савецкіх грамадзян, аднак гэтыя фотаздымкі дазваляюць уявіць, з якім настроем ён іншым разам браўся за вершы.

Выбар вядомых твораў у кнізе дастаткова традыцыйны: паэмы «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і я», п’еса «Паўлінка», каля пяцідзесяці вершаў, сярод якіх «Мая малітва», «Нашай ніве», «Перад будучыняй», «Паязджане»... Перачытваеш, і ўражвае арганічная паяднанасць Купалавай творчасці з фальклорнай стыхіяй, уражвае, якую вялікую паэтычную сілу можа мець шчырая, глыбокая думка. Многія ўсхваляваныя творы, здаецца, наўпрост тычацца нашага часу і напісаныя так, нібы Янка Купала ніколі не пакідаў свой народ.

Алеся ЛАПІЦКАЯ

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.