Вы тут

Як вярнуць у правінцыю сферу паслуг


У Камітэце дзяржкантролю Гродзенскай вобласці канстатуюць: жыхары сельскіх населеных пунктаў скардзяцца на адсутнасць некаторых бытавых паслуг. У шэрагу раёнаў замест 10 прыёмных пунктаў працуе некалькі.


Так, у Воранаўскім раёне цяжка знайсці цырульніка, здаць рэчы ў хімчыстку і пральню. Сёлета раённае прадпрыемства бытавога абслугоўвання перастала існаваць, а прыватны сектар у гэтым кірунку развіваецца марудна. За гэты час зарэгістраваны адзін прадпрымальнік па рытуальных паслугах і адно прадпрыемства — лазня. Нават у райцэнтры немагчыма здаць бялізну ў пральню ці хімчыстку. Спадзявацца на адраджэнне былога камбіната наўрад ці варта, бо ў прадпрыемства дагэтуль вісіць пазыка ў памеры 50 тыс. рублёў.

У Шчучынскім раёне камбінат бытавога абслугоўвання не закрылі, затое рэарганізавалі. У выніку — трэцяя частка прыёмных пунктаў на вёсках знікла. Зараз на ўвесь раён засталося толькі тры з дзесяці. Прадпрымальнікі гэту нішу таксама не спяшаюцца заняць — на арандаваных плошчах былых комплексных прыёмных пунктаў (КПП) ажыццяўляюць толькі частку заяўленых паслуг.

Наша даведка

У 2016 годзе ў рамках праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» камбінатам бытавога абслугоўвання Гродзенскай вобласці накіравана каля 200 тыс. рублёў, якія выкарыстоўваліся на пагашэнне крэдытаў, выплату заработнай платы, падаткаў, іншых плацяжоў.

Аналагічнае становішча ў Іўеўскім раёне. Прыватны сектар арандуе тут пяць былых КПП. Але адрамантаваць абутак, скарыстацца хімчысткай альбо пастрыгчыся можна далёка не ўсюды. Жыхары населеных пунктаў з такой сітуацыяй мірыцца не гатовы. Пасля неаднаразовых іх зваротаў у розныя інстанцыі ў аграгарадку Падароск Ваўкавыскага раёна ўсё ж такі адкрылі цырульню.

— А між іншым, у краіне зацверджана дзяржаўная праграма «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе», разлічаная да 2020 года, — паведаміў старшыня Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка. — А ў ёй прапісана, што насельніцтва, незалежна ад месца пражывання, павінна быць забяспечана якаснымі бытавымі паслугамі па даступных цэнах. Праверкі дзяржкантролю паказалі, што не ва ўсіх райцэнтрах вобласці наладжана работа арганізацый бытавого абслугоўвання з шырокім спектрам паслуг.

У Гродзенскай вобласці стандарты па «бытоўцы» выконваюцца, функцыяніруе больш за 3,5 тыс. аб'ектаў. За мінулы год колькасць павялічылася на 503, у тым ліку ў сельскай мясцовасці з'явілася каля 100 новых аб'ектаў паслуг. Ёсць прырост і ў гэтым годзе. Аднак «болевымі» кропкамі застаюцца вёскі і аграгарадкі. Не ў поўнай ступені сеткай комплексных прыёмных пунктаў ахоплены Воранаўскі, Гродзенскі, Дзятлаўскі і Шчучынскі раёны. Непакоіць кантралёраў і праблема неплацяжоў. Запазычанасць камбіната бытавога абслугоўвання перад бюджэтам за мінулы год склала 666 тыс. рублёў, амаль палова гэтых сродкаў — пеня. Таму і стараюцца ў раёнах пазбавіцца ад нерэнтабельных аб'ектаў: папросту іх закрыць. Будынкі і абсталяванне пры гэтым не выкарыстоўваюцца, тэрыторыя зарастае травой.

У тэму

Аляксей Садоўскі, намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама:

— З-за высокай запазычанасці мы вымушаны былі закрыць камбінат бытавога абслугоўвання. Паступова разлічыліся з работнікамі, выплацілі даўгі. Паэтапна перавялі паслугі на індывідуальных прадпрымальнікаў. Перадалі ім швейны цэх, і ён працуе. Здалі ў арэнду абутковую майстэрню. Працуюць тры прыватныя цырульні. Будзем прапаноўваць нашым работнікам адкрыць ІП у аграгарадках. Лічу, што трэба пазбавіцца фармалізму ў рабоце. А для гэтага перавесці паслугі ў прыватны сектар.

Алена Бубенчык, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама:

— У рэгіёне павінна развівацца і дзяржаўная, і прыватная сфера. І не толькі на паперы. Пакуль гэта не так. Жыхары сельскай мясцовасці падчас прыёму выказваюць прэтэнзіі па рабоце «бытоўкі». Магчыма, стандарты будуць аптымізаваны, але не адменены. Калі адмянілі адзін від паслугі, трэба прапанаваць нешта ўзамен. Што датычыцца памяшканняў, іх трэба ўцягнуць у гаспадарчы абарот не толькі продажам, але і бясплатнай перадачай альбо арэндай. Улада на месцы павінна прымяніць усе механізмы для аказання бытавых паслуг і дапамогі суб'ектам гаспадарання, гэта адбываецца не ў поўнай ступені.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Дзе на вёсцы КПП?

Каментары

"Будзем прапаноўваць нашым работнікам адкрыць ІП у аграгарадках. Лічу, што трэба пазбавіцца фармалізму ў рабоце. А для гэтага перавесці паслугі ў прыватны сектар". - Словаблудства. Бытоўка ў глыбінцы стратная з-за нізкага попыту - і туды пойдзе працаваць прыватнік? Што яму там рабіць, калі нават дзяржаўнае прадпрыемства, якое сядзела на датацыях, там разарылася? У цырульню і ў абутковую майстэрню можна і ў горад з'ездзіць, гэта не штодзённы клопат, а бялізну і ўручную памыць не вялікая навука. Гэта рэальнасць, ад яе не ўцячэш і яе не зменіш: змяншаецца колькасць насельніцтва - перастаюць акупацца розныя паслугі, і той, хто ў гэтых паслугах мае патрэбу, павінен сам шукаць выйсце, а не чакаць, што яму паднясуць патрэбнае на талерачцы. Бюджэт не бяздонны, і каб даць нешта задарма аднаму, трэба спачатку забраць штосьці ў кагосьці іншага (патрэбна ў нейкай вёсцы цырульня? Давайце прафінансуем, але тады ў суседнюю вёску аўтобус пусцім не 3, а 1 раз на тыдзень). Так што падобная шкодная пастаноўка пытання (забяспечце, дайце, прадастаўце і г.д.) спрыяе ўзмацненню ўтрыманскіх настрояў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі трансплантуюць органы

Як у Беларусі трансплантуюць органы

І чаму да нас на аперацыі едуць замежнікі.

Эканоміка

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

У гэтым упэўнілася карэспандэнт, наведаўшы пасёлак.