Вы тут

Маладзёжнае свята пройдзе на «Славянскім базары»


14-15 ліпеня ў рамках афіцыйнай праграмы XXVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ў горадзе над Дзвіной адбудуцца мерапрыемствы Дня моладзі, аб'яднаныя агульнай тэматыкай "Беларусь - крыніца натхнення".


14 ліпеня, у 20.00 пад дэвізам "Сустракаем Дзень моладзі" праграму свята адкрые Disсo-folк "ВЫШЫВАНКА.BY" (пл.Перамогі). Вопытныя беларускія DJ - рэзідэнты папулярных клубаў і дыск-жакеі, якія толькі-толькі пачынаюць адточваць свой стыль за DJ-пультам, абяцаюць "запаліць" грандыёзную танцавальную маладзёжную вечарыну, здзівіць яе ўдзельнікаў моднымі рэміксамі беларускіх хітоў і забяспечыць выдатны настрой на ўсё маладзёжнае свята.

15 ліпеня у 12.00 стартуе арт-парад маладзёжных субкультур "Беларусь у сэрцы маім!" Парад пройдзе ад перасячэння вуліцы Шубіна і вуліцы Леніна да плошчы Перамогі. Творчае шэсце аб'яднае папулярныя ў маладзёжным асяроддзі субкультуры і аб'яднанні: велатрэалістаў,  джампераў, скейтбардыстаў, ролераў, брэйк-дансістаў, графіцістаў, хадулістаў, бітбоксераў, хіп-хопераў, мастакоў бодзі-арт, поп- і рок-групы, удзельнікаў  рыцарскіх клубаў, танцавальныя школы краіны, фальклорныя маладзёжныя калектывы, маладзежныя тэатры, байкераў і іншых.

Адным з важных мерапрыемстваў Дня моладзі стане традыцыйная патрыятычная акцыя "Мы памятаем і ганарымся!" з ускладаннем кветак і вянкоў да мемарыяльнага комплексу на плошчы Перамогі ў Віцебску (15 ліпеня  ў 13.00).  У той жа дзень у 13.30 на цэнтральнай сцэне, усталяванай на плошчы Перамогі, адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Дня моладзі з удзелам прадстаўнікоў таленавітых юнакоў і дзяўчат з усіх рэгіёнаў краіны.

У 14.00 лепшыя танцавальныя калектывы з Беларусі і Расійскай Федэрацыі закруціць у харэаграфічных батлах фінал рэспубліканскага маладзёжнага танцавальнага марафону "Агонь танца". Упершыню ў конкурсную праграму гэтага фестывалю, які аб'яднаў розныя харэаграфічныя стылі і напрамкі, уключаныя такія намінацыі як "Беларускі народны танец" і "Нацыянальны танец".

Паралельна з "Агнём танца" на плошчы Перамогі разгорнецца інтэрактыўная экспазіцыя "Беларусь - крыніца натхнення". Яе аснову складуць творчыя праекты "Беларусь - наш родны дом", "Зорны каскад", майстар-класы, выстава-дэгустацыя  страў нацыянальнай кухні, адзення, сувеніраў, аксэсуараў з беларускім арнаментам, праца фотаатэлье пад адкрытым небам, фотасесіі ў вышыванках, фотасушка і фотагалерэя. Тут жа будуць працаваць інтэрактыўныя пляцоўкі (бодзі-арт, аквагрым, стрыт-арт), а таксама арганізавана раздача стужачак з арнаментам.

Гасцей маладзёжнага свята запрашае і Фестываль маладзёжных субкультур, дзе сваё майстэрства, шырокі спектр талентаў і ўменняў прэзентуюць прадстаўнікі экстрэмальных відаў спорту. Яны змогуць паўдзельнічаць у майстар-класах па стрытболе, графіці, фрыстайле...  Кагосьці можа зацікавіць конкурс "Аўта-Мота-Фэст", адкрыты чэмпіянат па скейтбордынгу "Беларусь skаtеboard  challange" або турнір па сілавым экстрыме "Моцная Беларусь".

15 ліпеня ў 14.30 на алеі па вуліцы Б.Хмяльніцкага разгорнецца "Свята гульнi" і маштабная разнапланавая інтэрактыўная экспазіцыя "Маладзёжны падворак". Вобраз падворка - вялікі базар-кірмаш, куды з'язджаюцца шматлікія госці, якія прывозяць свае лепшыя песні, таленты і тавары. Адначасова на алеі будзе арганізавана эстафета "Калейдаскоп гумару" з выступленнем творчых калектываў, груп і выканаўцаў, жартаўнікоў з каманд КВЗ.

Кульмінацыяй маладзежнага свята стане "Бітва дыджэяў " Беларусь і Я" з удзелам пераможцаў рэгіянальных тураў гэтага праекта ў 2017 годзе. Бітва  распачнецца на плошчы Перамогі ў 20.00. Акунуцца ў атмасферу музычна-танцавальнай эйфарыі запрашаюць будучыя каралі "круцёлак" - Dj Project An2An (Брэсцкая вобласць), Dj Swan (Віцебская вобласць) Dj Toha і Dj Oleg Prazdnik (Гродзенская вобласць), Dj Pogosyan (Гомельская вобласць), Dj Airo Amis (Мінская вобласць), Dj Energy Life (Магілёўская вобласць), Dj Nikolive і Dj Benjamin (г.Мінск). Таксама да іх далучацца і "зоркі" беларускай эстрады. А лепшыя фаершчыкі тэатраў агню абяцаюць падарыць усім удзельнікам "Бітвы дыджэяў" перфоманс "Вогненная феерыя".

Ідэйным натхняльнікам маладзёжнага свята з 2004 года выступае Грамадскае аб'яднанне "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі". Праект "Дзень моладзі" на Славянскім базары ў Віцебску рэалізуецца пры падтрымцы міністэрстваў адукацыі і культуры Рэспублікі Беларусь, Дырэкцыі XXVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", Віцебскага аблвыканкама,  Студыі сучаснага танца "CityDance", радыёстанцый "Пілот-FM" і "Душэўнае радыё".

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.