Сацыяльныя сеткі поўняцца шматлікімі фотаздымкамі, зробленымі падчас купання ў кар'ерах. Але для выпадковых людзей гэтыя наватворныя азёры ўяўляюць вялікую небяспеку. Якую ж? Пра гэта расказаў вядучы спецыяліст рэспубліканскага савета Таварыства ратавання на водах Алег Баразна.
— На тэрыторыі нашай краіны любы грамадзянін мае права адпачываць там, дзе ён пажадае. Але ёсць асобныя водныя аб'екты, на якіх купацца і адпачываць забаронена. Разам з тым іх канчатковы спіс вызначае не Таварыства ратавання на водах, а выканаўчыя камітэты — абласныя або раённыя ці Мінскі гарадскі.
Калі ўзяць азёры ці рэкі, то іх берагі фарміраваліся на працягу соцень і нават тысяч гадоў. Яны маюць натуральную геадэзічную структуру, не такія падатлівыя да падмывання і магчымага абвальвання. Ды і тое мы дазваляем купацца не па ўсёй акваторыі прыроднага вадаёма, а толькі ў вызначаных месцах. А што такое кар'ер? Гэта, як правіла, участак зямлі, куды аднойчы прыйшла цяжкая тэхніка, каб пачаць здабычу карысных выкапняў — мелу, торфу, пяску, гліны... Выемка грунту там рабілася не натуральным шляхам на працягу многіх стагоддзяў, а за лічаныя месяцы. А пасля здабываць у кар'еры не стала чаго. І тэхніка адтуль сышла. Натуральна, што такія «рукатворныя» аб'екты проста так прастойваць не будуць. І іх або наўмысна запоўнілі вадой, або адбыўся натуральны працэс — скажам, прабіліся крыніцы. Але берагі там няўстойлівыя.
Так, часам у інтэрнэце сустракаюцца заклікі ператварыць кар'ер у прыгоднае для купання месца. Але насамрэч гэта нешта з разраду фантастыкі. Як умацаваць сыпучы бераг? Як можна ўвогуле назваць месца для купання бяспечным, калі глыбіня ў тэхнічным кар'еры можа складаць і 30, і нават 40 метраў? Вось уявіце сабе, што вы стаіце на краі кар'ера, і бераг раптам пачынае пад вамі абсыпацца... Працэс гэты ідзе лавінападобна, адскочыць вы не паспяваеце і ў імгненне вока разам з грунтам падаеце ў ваду. А зверху вас накрываюць тоны новага грунту... Выжыць у такой сітуацыі абсалютна нерэальна.
— Як вырашаецца праблема па абмежаванні вольнага доступу да такіх вадаёмаў? — задаецца пытаннем Алег Баразна. — Гэта можна паглядзець на прыкладзе Краснасельскіх мелавых кар'ераў, якія ў народзе празвалі «беларускімі Мальдывамі». Іх у рэшце рэшт абгарадзілі сеткай. Былі выстаўлены папераджальныя аншлагі. Тэрыторыю, якая прылягае да кар'ераў, пастаянна патрулююць зводныя атрады. У іх уваходзяць супрацоўнікі выканкамаў, міністэрстваў па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў, а таксама Таварыства ратавання на водах. Зразумела, што за кожным кустом чалавека не паставіш. Але па меры магчымасці верагоднасць доступу да кар'ераў скарачаецца...
А вось выпадкаў, калі кар'ер засыпалі, прыгадваецца толькі адзін. Здарылася гэта ў мінскім мікрараёне Брылевічы, калі там у кастрычніку 2014 года патануў хлопчык, — ён праваліўся пад тонкі лёд.
У 2015 годзе ў штучных вадаёмах патанула 50 чалавек. 2016 год выдаўся яшчэ больш сумным — купанне ў кар'ерах і копанках адабрала 75 жыццяў, з іх 12 ахвяр былі непаўналетнімі...
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.