Вы тут

Калі ў Магілёве добраўпарадкуюць вуліцу Краснадарскую?


Да праблемы добраўпарадкавання вуліцы Краснадарскай у Магілёве «МС» вымушана звяртацца за апошнія два гады ўжо трэці раз

Старшыня вулічкама Віталь Гардзееў да апошняга адкладваў нашу сустрэчу. Кажа, спадзяваўся, што праблема вырашыцца. Але пасля таго, як на свята горада жыхары вымушаны былі з-за дажджу ісці ў цэлафанавых пакетах, замацаваных паверх абутку, страціў усякае цярпенне. У той дзень ён шмат чаго выслухаў ад незадаволеных суседзяў. «Вельмі справядлівыя словы, — дзеліцца Гардзееў набалелым. — Людзей можна зразумець. Яны ўжо другі год ходзяць па гліне, а камунальнікам да гэтага ніякай справы».


На што скардзімся?

На Крас­на­дар­скай  больш за ўсё ба­яц­ца даж­джоў,  бо ву­лі­ца пе­ра­тва­ра­ец­ца  ў глі­ня­нае ба­ло­та.

Першы раз «МС» пісала пра дарожныя праблемы жыхароў раёна Чапаеўка летась першага чэрвеня. Нагадаем сутнасць скаргі. Карэспандэнт пабывала на месцы і разам са старшынёй вулічкама прайшлася па рабрыстай, як пральная дошка, вуліцы Краснадарскай, пабачыла ямы на вуліцы Валгаградскай, выслухала абурэнні жыхароў... Дарэчы, калісьці да дарогі па вуліцы Краснадарскай наогул не мелася прэтэнзій. Была добрая грунтовая дарога, якую час ад часу прафілявалі. Усё змянілася, калі адна фірма ўзялася за будаўніцтва тут каналізацыі. Работы праводзіліся за грошы жыхароў. Людзі разлічыліся з фірмай загадзя і хутка вельмі пашкадавалі. Бо будаўнікі не палічылі патрэбным прывесці ўсё пасля сябе ў першапачатковы выгляд.

 — Гліну, выцягнутую падчас работ з глыбіні на паверхню, яны раскаталі па дарозе і прысыпалі невялікім слоем рачнога пяску, — кажа Віталь Гардзееў. — Пясок ужо даўно размыты, засталася адна гліна. Пакуль суха, усё нармальна, але як толькі пайшоў дождж, — хоць плач. Гразі па калена.

Былі спадзяванні, што публікацыя ў дзяржаўнай газеце прымусіць прыняць нейкія меры і навесці парадак на Краснадарскай. Праз чатыры месяцы, у кастрычніку, калі зноў палілі дажджы, Віталь Гардзееў запрасіў карэспандэнта ў госці яшчэ раз. Каб паказаць, што нічога не змянілася.

Генеральны дырэктар Магілёўскага гарадскога ўпраўлення камунальных прадпрыемстваў (УКП) Андрэй Кіблоў тады паведаміў, што комплексным планам добраўпарадкавання на 2016 год прадугледжана падсыпка шэрагу вуліц, у тым ліку і Валгаградскай, асфальтагранулятам з вуліцы Мінская шаша, дзе на той час ішла рэканструкцыя. Ён таксама паабяцаў, што будуць прыняты меры і па вуліцы Краснадарскай. Вось яго словы: «Мы накіравалі ліст у фірму, якая рабіла земляныя работы, з патрабаваннем прывесці ў адпаведнасць месца раскопак. Калі гэтага не будзе зроблена, фірма можа пазбавіцца дазволу на раскопкі, пакуль не ліквідуе недахопы».

Прайшло ўжо восем месяцаў, але ўсё застаецца па-ранейшаму.

Хаджэнне па пакутах

За два гады, што цягнецца гэта праблема, Віталь Гардзееў паспеў сабраць цэлую папку дакументаў. Перапіска з рознымі інстанцыямі, фотаздымкі з участкамі злашчасных вуліц — гэтага так шмат, што хопіць калі не на дарожны раман, то на аповесць дакладна. Старшыня вулічкама сцвярджае, што апошнім часам адказныя за стан вуліц асобы сталі яго ігнараваць або казаць, што ніхто нічога яму не абяцаў.

Ві­таль Гар­дзе­еў  са­браў цэ­лае дасье  па «да­рож­най»  спра­ве.

— Два гады таму дзве ямкі засыпалі на вуліцы Валгаградскай і на гэтым іх праца скончылася, — абураецца Віталь Фёдаравіч. — Далі адпіску, што на вуліцу Валгаградскую патрацілі 98 тон асфальтагранулята. Дзе яны? Намеснік генеральнага дырэктара УКП спасылаецца на тое, што Дзяржнагляд прыняў гэтую дарогу. Але яе нельга было прымаць, бо яна амаль не змянілася. Няўжо нельга зрабіць так, каб і самім было спакойна на душы, і людзям не трэба было пакутаваць? Месяц таму зрабіў заяўку, каб падраўнялі вуліцы Беларускую, Львоўскую, Філатава, але дагэтуль нічога не зроблена. Кожны дзень тэлефаную ў дарожна-маставое прадпрыемства — нуль увагі.

Дарогу павінны аднавіць... жыхары?

— Вось прыслалі нядаўна яшчэ адзін ліст з упраўлення камунальных прадпрыемстваў, — дэманструе Віталь Гардзееў афіцыйны дакумент. — Там гаворыцца, што ў мэтах праезду па вуліцы Краснадарскай абяцаем зрабіць дарогу ў 3-м квартале 2017 года. Але я ім ужо не веру. Вельмі баюся, што падмануць.

«МС» звярнулася ва ўпраўленне камунальных прадпрыемстваў Магілёва, каб высветліць, колькі яшчэ чакаць жыхарам рашэння іх праблемы. Па словах першага намесніка генеральнага дырэктара УКП Аляксандра Бурачкова, прафіляванне вуліцы Краснадарскай з падсыпкай асфальтагранулята будзе выканана ў трэцім квартале гэтага года. Спецыяліст адзначыў таксама, што прафіляванне грунтовых вуліц у горадзе пастаянна праводзіцца 1—2 разы на год. Што датычыцца асфальтавання вуліц Валгаградская і Краснадарская, то сёлета гэта не плануецца.

— Мы працуем згодна з тымі планамі, якія зацверджаны гарвыканкамам, і ў межах таго фінансавання, якое выдзяляецца, — паведаміў Аляксандр Бурачкоў. — Робіцца ўсё, каб не было крытычнага стану дарог і забяспечваўся праезд. Пры гэтым перавага аддаецца тым дарогам, дзе курсіруе грамадскі транспарт. У далёкіх планах усю дарожную сетку горада прывесці ў ідэальны стан, хоць разумеем, як гэта складана.

А вось наконт дзеянняў арганізацыі, якая ператварыла вуліцу Краснадарскую ў гліняную, спецыяліст растлумачыў, што «яна тут ні пры чым». Што былі двухбаковыя дагаворы паміж жыхарамі вуліцы і арганізацыяй на пракладку каналізацыі, згодна з якімі добраўпарадкаванне Краснадарскай павінна было адбыцца за кошт... жыхароў. Стан грунтовага пакрыцця на вуліцы Краснадарскай, па словах першага намесніка генеральнага дырэктара УКП, здавальняючы, пра што сведчыць падпісаны УКП 27 мая 2016 года акт прынятых работ. І дарога зараз пяць гадоў павінна знаходзіцца на гарантыі. Трэба разумець, што на гарантыі... жыхароў вуліцы? Магчыма, пры падпісанні дагавора людзі проста не цалкам вывучылі свае абавязкі. Цяпер вось маюць праблемы. Дзіўна і тое, што камунальнае прадпрыемства не пракантралявала гэты, мякка кажучы, не зусім карэктны дагавор. Бо падрадчык перакапаў усю вуліцу, а не кавалачак ад канкрэтнага дома да дарогі.

Як растлумачыў Аляксандр Бурачкоў, на сённяшні дзень усе дагаворы на раскопкі даюцца юрыдычным асобам з умовай, што менавіта яны, як падрадчыкі, павінны адказваць за тое добраўпарадкаванне, якое павінна быць зроблена пасля зямельных работ. А вось жыхарам вуліцы Краснадарскай, напэўна, проста не пашчасціла. Але, паабяцала адказная асоба, будзе рабіцца ўсё магчымае, каб дапамагчы жыхарам.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Гардзееў» вузел

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?