Вы тут

Чаму беларусы шмат п'юць?


Сёння Рэспубліка Беларусь не з'яўляецца самай пітушчай краінай у свеце. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, лідар па гэтым паказчыку — Літва з 16 літрамі алкаголю на душу насельніцтва. Аднак мы сышлі не так далёка: з 15 літрамі алкагольных напояў на грамадзяніна Беларусь заняла зусім не ганаровае другое месца. Чаму беларусы так шмат п'юць? Як з гэтым змагацца? Як перамагчы не менш страшную хваробу — наркаманію? Гэтыя пытанні на круглым стале на тэму «Жанчыны супраць п'янства і наркотыкаў» абмеркавалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз жанчын» Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Сустрэча прайшла на базе Мінскага абласнога клінічнага цэнтра «Псіхіятрыя — наркаманія».


— У сучасным грамадстве ўжо шмат дзесяцігоддзяў ідзе барацьба з такімі сацыяльнымі праблемамі, як алкагалізм і наркаманія, — адзначыла дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз жанчын» Вольга ПЕТРАШОВА. — І рашэннем гэтай праблемы разам з медыцынскімі і сацыяльнымі работнікамі займаюцца дзяржава ў цэлым, грамадзянская супольнасць і розныя грамадскія інстытуты.

— На наркалагічным уліку ў Рэспубліцы Беларусь знаходзіцца каля 3% насельніцтва — і гэта толькі па алкаголі. Пры гэтым паказчык разлічваўся з улікам нованароджаных, бабуль і дзядуль, — падкрэсліла галоўны ўрач Мінскага абласнога клінічнага цэнтра «Псіхіятрыя — наркалогія» Людміла АНДРЭЕВА. — Калі разлічваць яго толькі адносна мужчынскага насельніцтва краіны, то атрымаецца ўжо 8%. А калі казаць пра сельскую мясцовасць, то там каля 14% працаздольных мужчын ва ўзросце ад 20 да 39 гадоў, а таксама каля 4% жанчын знаходзіцца на наркалагічным уліку.

Не менш сур'ёзнай праблемай Людміла Андрэева называе і наркотыкі, якія сёння па сваім хімічным саставе сталі досыць разнастайнымі. Гэта прывяло да таго, што наркатычная залежнасць у людзей стала фарміравацца значна хутчэй. «Ужо з першага або другога ўжывання ў чалавека пачынаецца прывыканне», — дадала галоўны ўрач.

Адкуль узнікаюць гэтыя праблемы? На думку многіх удзельнікаў круглага стала, усё пачынаецца з сям'і. Калі бацькі здолеюць прывіць свайму дзіцяці культуру піцця, будуць гаварыць аб негатыўных наступствах залежнасці як алкагольнай, так і наркатычнай, то правільнае стаўленне да гэтых пытанняў абавязкова складзецца. Акрамя таго, у школьны перыяд пастаянны кантакт з вучнямі па гэтых пытаннях абавязаны трымаць і настаўнікі, і школьныя псіхолагі, упэўнены ўдзельнікі круглага стала.

Як перамагчы гэтыя цяжкасці? На думку Вольгі Петрашовай, менавіта эфектыўная прафілактыка, прапаганда здаровага ладу жыцця, наглядныя прыклады сацыяльных і медыцынскіх наступстваў спажывання алкаголю і наркотыкаў дапамогуць пераадолець гэтыя вельмі складаныя праблемы.

Абмежаванне продажу алкаголю толькі ў пэўны час не вырашыць праблему, упэўнена член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Ала СОПІКАВА. «Напэўна, ёсць нейкі працэнт людзей, якім раптам сярод ночы захацелася купіць алкаголь. Але звычайна, калі ўжо чалавек плануе гэтай справай заняцца, то ён можа ўсё гэта купіць і загадзя, — лічыць дэпутат. — І такія строгія меры не заўсёды прыводзяць да жаданага выніку». Парламентарый таксама нагадала, што ў часы так званага сухога закона нават на безалкагольных вяселлях «у чайнікі разлівалі спіртное».

Але ў выпадку з наркотыкамі абмежаванні распаўсюджвання неабходныя, лічыць старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Людміла МАКАРЫНА-КІБАК. «Мы абмежавалі распаўсюджванне псіхаактыўных рэчываў, — падкрэсліла яна. — І я лічу, што менавіта пры шматфактарным аналізе і актыўнай рабоце мы атрымаем пазітыўны вынік».

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Жанчыны супраць!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».