Вы тут

Што прапануе «Славянскі базар у Віцебску»


13 ліпеня, а палове дзявятай гадзіны вечара ў Летнім амфітэатры распачнецца ганаровае адкрыццё ХХVІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Разам з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у цырымоніі «старту» возьме ўдзел і Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон, які ў гэтыя дні знаходзіцца ў Беларусі з афіцыйным візітам.


І, вядома, пасля таго, як прагучаць афіцыйныя акорды фестывалю, вядучыя на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах скажуць: «Увага: гаворыць і паказвае Віцебск!»

Падчас цырымоніі адкрыцця фестывалю кіраўнік нашай краіны ўручыць Тамары Гвердцытэлі, народнай артыстцы Расіі, народнай артыстцы Грузіі, спецыяльную ўзнагароду «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення». «Зоркі» з розных краін выступяць на сцэне ўнікальнай канцэртнай залы, якая ўмяшчае больш за 6 тысяч гледачоў. Тыя, каму не пашчасціла купіць білеты, убачаць трансляцыю яскравага шоу па тэлебачанні.

«Культурная сталіца» свету

Без перабольшвання Віцебск у гэтыя дні можна назваць «культурнай сталіцай» усіх кантынентаў. За час правядзення «базару» тут, бадай, не было толькі прадстаўнікоў Арктыкі і Антарктыды.

Сёлета ў Віцебск прыехалі спевакі, танцоры, музыканты, акцёры, мастакі з 36 краін. Упершыню фестывальны Віцебск наведалі ўдзельнікі з Эквадора і Нігерыі. Усяго свята сабрала каля 5000 гасцей. Гэты паказчык штогод прыкладна на адным узроўні. Дарэчы, калі памножыць колькасць акрэдытаваных удзельнікаў на 26 гадоў правядзення «базару», атрымаецца лічба, роўная насельніцтву горада памерам з райцэнтр. Прыкладна столькі ж — больш за 130 тысяч чалавек — жывуць, напрыклад, у Оршы і яе гарадках-спадарожніках.

У дырэкцыі фестывалю паведамілі, што на працягу ўсіх фестывальных дзён адбудзецца каля 160 мерапрыемстваў. Толькі ў Летнім амфітэатры запланаваны 18 канцэртаў.

«Зоркі» кідаюць тэлефон

Традыцыйныя прэс-канферэнцыі з вядомымі творчымі людзьмі — так званыя «Зорныя гадзіны» — можна глядзець у прамым эфіры тэлевізійнага канала «Віцебск» і, калі не атрымалася, у запісе на інтэрнэт-сайце: vtv.bу.

Сёлета сярод пяці соцень прадстаўнікоў СМІ, якія асвятляюць падзеі фэсту, ёсць і блогеры. Адзін з іх падчас прэс-канферэнцый з вядомымі артыстамі просіць апошніх дапамагчы зафіксаваць на відэа так званы чэлендж. У перакладзе з англійскай мовы гэта слова адзначае «выклік». Хлопец прапануе кінуць яму ўключаны смартфон, які робіць відэа. У эксперыментах ужо ахвотна ўдзельнічалі Нона Грышаева, заслужаная артыстка Расіі, і папулярная расійская спявачка Зара. Блогер намераны «ўвекавечыць сябе на прасторах інтэрнэту», дзякуючы іншым знакамітасцям. Апошнія задаволены.

На вуліцы

Ужо трэці год запар у рамках «базару» праходзіць фэст вулічнага мастацтва «На сямі вятрах». Бясплатна пад адкрытым небам выступаюць тэатры, клоўны, мімы, танцоры, майстры вогненных шоу. Сярод заяўленых удзельнікаў, акрамя беларусаў, прадстаўнікі Украіны, Расіі, Швецыі і нават Афрыкі. Насычаны падзеямі «вулічны марафон» распачынаецца 14 ліпеня.

Вельмі шмат людзей прыходзяць убачыць падзеі Дня моладзі. Як і ў мінулыя гады, плошча Перамогі стане эпіцэнтрам мноства мерапрыемстваў. Хлопцы і дзяўчаты з розных краін запрашаюць на сваё свята 15 ліпеня.

Па традыцыі каля павільёнаў, у якіх прадстаўлены беларускія рэгіёны, таксама бясплатна выступаюць самадзейныя артысты.

Водар «базару»

Упершыню на фэсце прадстаўлена і парфумернае мастацтва. На незвычайнай выставе «Пахі жыцця» ў Мастацкім музеі можна панюхаць водары, зробленыя і падораныя Цімаці, Кіркораву, Меладзэ, «Віягры», Каралёвай і іншым «зоркам» шоу-бізнесу. З інгрэдыентамі, з якіх робіцца парфума, аказваецца, можна тварыць цуды. Калі спецыяльна змяшаць, атрымаюцца нечаканыя пахі: гумы, цыгары, пылу...

Я спытаў куратара выставы Дзмітрыя Папова, якім можна было б зрабіць пах «базару»? Той задумаўся і адказаў, што фэст пахне зусім не шашлыком, які робяць у вулічных кафэ. А... спякотай і дажджом. І, як дадала яшчэ адна куратар выставы Вольга Кліп, — ліпай. Тым часам у майстэрні парфумера Улада Рэкунова (творчасць якога прадстаўлена) зрабілі пах, прысвечаны Беларусі. Ён таксама аўтар ідэі і стваральнік водару для самага вялікага парфумернага флакона ў свеце Rеkunоv&Zараshnіу, што зарэгістравана Кнігай рэкордаў Гінеса.

Парфумер аднавіў пахі духоў, туалетнай вады, якія вырабляліся для сям'і апошняга расійскага цара. Пасля Віцебска выставу плануюць прэзентаваць у Казані, Екацярынбургу і Уладзівастоку.

У кнізе рэкордаў

Летась вырашылі ў дырэкцыі, што трэба фіксаваць рэкорды «базару». І ў адпаведнай «кнізе» тады з'явіўся першы рэкорд: марафон па чытанні вершаў. На праекце «1000 вершаў аб Віцебску» 17 ліпеня 2016 года без перапынку агучвалі вершаваныя радкі больш за 14 гадзін. Усе ахвотныя змаглі выступіць. Зачыталі больш за 850 твораў. У акцыі ўдзельнічала і дырэкцыя фестывалю.

Сёлета збіраюцца зафіксаваць новыя рэкорды. У прыватнасці, 10 фатографаў зробяць па 100 здымкаў у дзень афіцыйнага адкрыцця фестывалю. Вынік гэтай напружанай працы будзе прэзентаваны на насступны дзень.

А рэзчыкі па дрэве паабяцалі прадэманстраваць на «базары» самую вялікую драўляную лыжку. Сёння, 13 ліпеня, два майстры з Беларусі і Літвы каля канцэртнай залы «Віцебск» пачнуць працаваць над гігантам. Даўжыня лыжкі з асіны складзе 7 метраў. Зробяць яе за некалькі дзён.

Па вялікім рахунку сам па сабе «базар» — рэкардсмен. На постсавецкай прасторы толькі ў Віцебску столькі гадоў запар праводзіцца фестываль такога ўзроўню.

Па фестывальным гадзінніку

Віцебск традыцыйна падстройваецца пад «базарны» час. У ДАІ распрацавалі схему парковак, у тым ліку і платных. Каб у цэлым «базар» прайшоў без інцыдэнтаў, на дапамогу мясцовым міліцыянерам прыехалі калегі з іншых рэгіёнаў.

Пазней зачыняюцца крамы, а вулічныя кавярні працуюць і ноччу. Графік руху грамадскага транспарту распрацаваны так, каб гледачы змаглі дабрацца дамоў пасля завяршэння начных шоу.

Падчас «базару» праводзяцца сустрэчы дзелавых людзей, міні-фестывалі, кірмашы-прэзентацыі. Традыцыйна праходзіць і выстава «Малы бізнес у фестывальным Віцебску», у ліку арганізатараў якога выступіў і Віцебскі аблвыканкам.

Наконт надвор'я. Як напісаў класік, яно выступае ва ўсіх ролях. Пазаўчора толькі пад вечар пайшоў дождж. Учора — з раніцы. Але дажджы на «базары» не псуюць сонечны і радасны настрой «зоркам», гараджанам і турыстам. Старажытны горад, як і ў мінулыя гады, літаральна становіцца Меккай для тых, хто хоча Свята з вялікай літары!

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.