Вы тут

Космас, філасофія і навука растання


Калі новыя тэмы з’яўляюцца, але старыя не сыходзяць у нябыт — вось ён, поспех. Выказвацца пра тое, што хвалюе суайчыннікаў сёння, заўсёды было станоўчай рысай беларускіх дакументалістаў: нягледзячы на тое, ці вечная тэма, ці зусім нядаўні трэнд. Сёлета студыя «Летапіс» (у штаце якой — усяго 5 рэжысёраў) ужо паспела ўзрадаваць прыхільнікаў дакументалістыкі, паказаўшы «Першадрука», але далей — болей.


Пустыя месцы

Усё пачынаецца з руйнавання быццам бы будынка, а на самай справе гледача чакае ліквідацыя зусім іншага плана. Рэжысёр Юрый Цімафееў у стужцы «Агмень» узняў праблему, якая хоць ужо і гучала з вялікага экрана (напрыклад, фільм «Ты сюды больш не вернешся» Дзмітрыя Махамета), але застаецца такой жа балючай і актуальнай. Што будзе з вёскай, якая набірае хуткія смяротныя тэмпы? Здымаўся «Агмень» у вёсцы Лактышы Ганцавіцкага раёна, побач з малой радзімай Юрыя Цімафеева. Магчыма, таму кіно і атрымалася вельмі шчырым і блізкім — з-за адчування мясцін, дзе праводзіў дзяцінства рэжысёр.

Лактышы на экране выглядаюць нібы замена бязлюднай Прыпяці — пустэча і шэрасць будынін, але не без яркіх колераў, што нагадваюць пра колішняе жыццё. Сёння ж у вёсцы нават школы ўласнай няма, таму некалькім дзеткам даводзіцца вучыцца ў суседнім пасёлку. А на месцы школы жыхары стварылі штосьці накшталт клуба — адзінай мясціны, дзе можна бавіць час у аддаленні ад цывілізацыі. Юрый Цімафееў знайшоў для свайго фільма трапнага героя, нават антыгероя ў дадзеным выпадку: ён хоць і падзяляе меркаванне пра смерць вёскі, але працягвае ўносіць у павольнае жыццё хоць нейкія зрухі. Напрыклад, арганізаваў у былой школе «пакой прапаганды здаровага ладу жыцця» згодна з шыльдай на дзвярах, а згодна са зместам пакоя — музей шкляных бутэлек.

У гэтым пакоі раз-пораз ладзяцца лекцыі пра шкоду алкаголю. Вясковы клуб з канцэртамі і мясцовымі спектаклямі, святкаванне Калядаў і паходы на рыбалку — такое жыццё ў Лактышах. Цімафееў адзначае, што здымалі фільм амаль шэсць месяцаў, здымачны працэс не зацягвалі, бо жыццё ў вёсцы заўсёды аднолькавае. І сапраўды, так лічаць нават самі героі і прыкмячаюць, што ўсе з’язджаюць, знік дзіцячы смех. Як бы жудасна гэта ні гучала, але паступова знікае і смех дарослых. За амаль паўгода здымак у Лактышах было шэсць пахаванняў, распавядае рэжысёр: «Тэма натуры, што сыходзіць, мяне заўжды цікавіла — я даўно ў ёй, гэта заўважна па маіх мінулых фільмах. І тут я планаваў зняць камедыю, але не мог прайсці міма такой сітуацыі, калі за кароткі тэрмін здымак не стала столькіх людзей. Таму атрымалася нешта кшталту трагікамедыі».

Яшчэ больш трагічнасці ў фільм дадаў сам Цімафееў: адзін з нямногіх пастановачных эпізодаў быццам крычыць гледачу, што вёска памірае. Рэжысёр вырашыў зрабіць рэканструкцыю фатаграфіі, створанай больш за паўстагоддзя таму: на фоне царквы сядзелі 20 маладых жыхароў Лактышоў. Цяпер на школь- ным фота з гэтага сюжэта засталіся толькі тры чалавекі, няма на фоне і царквы. Але разам з гэтай драматычнасцю стужка прасякнута святлом, некаторыя кадры быццам залітыя сонцам. Цімафееў тлумачыць такі падыход да здымкі тым, што гэта абстрагаванне, погляд на рэальнасць збоку, а не знутры. Хоць атрымалася не абстракцыя, а кіно з канкрэтным, вельмі моцным мэсэджам, улічваючы, што фільм зрэжысіравала жыццё, а ролі ў ім выканалі звычайныя людзі.

Няёмкія пытанні

Праблему смерці, але ўжо чалавечай, працягнула ў сваім фільме Галіна Адамовіч. Для гераіні стужкі «Чужое і сваё» Ганны Гарчаковай смерць — не пусты гук, а з’ява, з якой яна сутыкаецца ледзьве не штодня, бо працуе дырэктарам дзіцячага хоспіса. Менавіта таму і атрымалася кіно сур’ёзнае, вельмі трагічнае, але ўсё ж жыццесцвярджальнае, бо хто, калі не Гарчакова, ведае, як сумяшчаць два гэтыя супрацьлеглыя тэрміны. Галіна Адамовіч падзялілася гісторыяй, як яна прыйшла ў хоспіс, каб пазнаёміцца з будучай гераіняй свайго кіно: дырэктар хоспіса пачала размаўляць з рэжысёрам пра завушніцы, замежныя краіны, але толькі не пра хваробу: яна вельмі любіць жыццё, што бачна і ў карціне. Але ж не забываецца пытацца ў кожнага, з кім сустракаецца: «А як ты хочаш памерці?»

«Чужое і сваё» — гэта чарговая (на падобную тэму на «Беларусьфільме» ў 1993 годзе знятая стужка «Імгненні радасці» Басава) кінематаграфічная спроба навучыць гледача задаваць сабе няёмкія пытанні, шукаць адказы на іх і задумацца пра фінал. Недарэмна Адамовіч адразу папярэджвае публіку падрыхтавацца маральна і фізічна, бо наперадзе чакае вельмі складанае падарожжа: «Чаму я вырашыла здымаць? Тэма вельмі добрая, а гераіня — сапраўдны герой, асабліва для дакументальнага кіно. Тэма неверагодная, бо тут ты задаешся пытаннямі жыцця і смерці, якія датычацца кожнага з нас. Менавіта таму фільм і назвалі «Чужое і сваё», бо калі з кімсьці здараецца нейкая гісторыя, усё роўна мы пачынаем праецыраваць яе на сябе».

Як заўважаў Талстой, чалавечае няшчасце вельмі рознае. Гісторыі абсалютна супрацьлеглых людзей, абсалютна розных хвароб і характараў доўга не складаліся ў Адамовіч у пазл — хацелася распавесці пра хоспіс, пра людзей і іх справу, пра эмоцыі і пачуцці. Словам, спрабавала ўмясціць у 40-хвілінны фільм цэлы сусвет, які ў выніку не разваліўся б на аскепкі. Гісторыі плаўна пераходзяць адна ў другую, чырвонай ніткай праз стужку праходзіць лінія жыцця самой Ганны Гарчаковай, якая кожны год піша завяшчанне (каб прааналізаваць сябе і паразмаўляць з сабой пра смерць), а шэраму адлюстраванню рэалій існавання хоспіса надае яркіх фарбаў гераіня-мастачка Ганна Балаш, якая размалёўвае сцены будыніны ў колеры раю.

Як прызнаецца рэжысёр, яна плакала на працягу амаль усіх здымак (а гэта 8 месяцаў), і медсястра ацвярозіла яе тым, што слёзы тут нікому не патрэбныя. І сапраўды, калі верыць відэашэрагу, бацькі хворых дзяцей перасталі ліць слёзы ўжо даўно, як і задаваць пытанне «за што?», як і ўспрымаць сітуацыю як пакаранне. У «Чужым і сваім» слабасці няма наогул — ад першага і да апошняга героі, якія часам нават рухацца не могуць, вядуць барацьбу з жорсткім навакольным светам, цягнуцца да таго, хто прымае іх, і выціраюць слёзы слабейшым за іх бацькам. Натуральна як на фронце. Як не бывае плюса без мінуса, так і жыцця — без смерці. Пра гэта Адамовіч таксама распавяла, нават паказала, без аніякай жорсткасці і страху, маўкліва і празрыста, каб глядач зразумеў, што трэба быць асцярожным да чужога гора. Яшчэ адным важным пастулатам рэжысёра стала і праблема сацыялізацыі: ці гатовае наша грамадства прыняць асаблівых людзей, ставіцца да іх з павагай, а не са спачуваннем? Адказы варта шукаць…

Паказчыкі любові

У Віктара Аслюка заўсёды атрымлівалася паказаць космас мясцін і людзей. У кожным з фільмаў гэтага рэжысёра бачыцца не толькі свая філасофія, але і ўласны мікрасусвет унутры Беларусі. Сусвет паэтычны ён паспрабаваў паказаць у фільме з даволі прамалінейнай назвай «Янка Купала». Але кіно атрымалася не зусім звычайнае — наўрад ці такім мы прывыклі бачыць стужкі пра выбітных дзеячаў беларускай культуры.

Справа ў тым, што самога паэта ў фільме быццам і няма — вось дыпламаты, паслы розных краін у Беларусі чытаюць яго вершы: хтосьці — на сваёй роднай мове, а хтосьці — на беларускай; а вось дзеці катаюцца на роварах і дакладна не ведаюць, хто ж такі Янка Купала. Віктар Аслюк вырашыў пайсці шляхам не больш простым ці больш складаным, а проста іншым: па-першае, зрабіць так, каб пра Купалу гаварыў не ён сам, а людзі, да паэзіі не датычныя; а па-другое, падштурхнуць гледача да разваг пра больш метафізічныя рэчы, чым вершы, кшталту ўсведамлення сябе беларусам.

А як гучыць Купала на кітайскай мове? Ці ўплывае менталітэт іншаземца на эмацыянальны мэсэдж вершаў Купалы? Звяртаннем да замежнага Аслюк спрабуе падкрэсліць блізкасць, беларускасць паэта, якога нават на чужой мове ні з кім не пераблытаеш. Але ў фільме надта мала вясёлкавых колераў. Вось вясковыя хлопцы, у якіх рэжысёр пытаецца пра Купалу і атрымлівае адказ, што «ў школьнай праграме да яго яшчэ не дайшлі». З аднаго боку — дыпламаты, а з другога — хлопцы, і ці з’яўляюцца першыя паказчыкам усенароднай любові да Янкі Купалы?

Любоў гэтую ў народзе і трэба шукаць, так і зрабіў рэжысёр. Вяскоўцы, вядома, саромеліся, вершаў не памяталі, але з пачуццём адказнасці перад Песняром казалі ў адзін голас, што «ў жыцці працоўнаму чалавеку без паэзіі жыць нельга». Ды і задаваліся пытаннем, дзе ж узгадаць вершы (хоць на вёсцы часам спяваюць «Явар з калінаю»)? Па тэлебачанні іх няма, там наогул усё на рускай мове. Аслюк не паказаў Купалу, не дазволіў героям распавядаць пра яго заслугі і ўнёсак, нават даў ім магчымасць падацца крыху разгубленымі: хлопец на школьным уроку спяваў «Спадчыну» і забыўся тэкст. Рэакцыя Купалы на гэта была роўна такой жа, як і рэакцыя аднакласнікаў: ён усміхнуўся ўскрайкам вуснаў, нібы спачуваючы гарэзе… А адкуль Купалава ўсмешка? Гэта заслугоўвае асобных слоў, бо ў Віктара Аслюка атрымалася знайсці каштоўныя кадры дарэвалюцыйнай хронікі: тут і верш «А хто там ідзе?», кадры, знятыя ў Бранскай вобласці, беларускія тыпажы і, канечне, Купалава ўсмешка. Апошняя, дарэчы, выклікае ў гледача жывую і вельмі яркую рэакцыю.

Рэдактар студыі «Летапіс» Уладзімір Мароз адзначае, што «Аслюк стварыў такое кіно, якое абуджае думкі пра нашу жорсткую рэальнасць у становішчы з мовай і літаратурай, недасведчанасць людзей у гэтых пытаннях. У гэтым сэнсе стужка вельмі карысная, яе можна нават назваць публіцыстычнай і, безумоўна, зробленай па-майстэрску». Але самога Янку Купалу ў фільме знайсці будзе складана: ён няўлоўны, празрысты, нават эфемерны, а вось беларускіх рэалій на экране дастаткова.

Штогод беларускія дакументалісты ставяць сабе ўсё больш складаныя задачы: адыходзіць ад звыклых прыёмаў, шукаць незвычайных герояў, здзіўляць новымі задумамі. Адзінае пытанне — для каго старацца? Кінематаграфісты ўвесь час у пошуку і чаканні не толькі ідэй фільмаў, але і ўдумлівага гледача, які зможа ацаніць іх намаганні.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.