Вы тут

Храм для мастака


Творчасць, якая прыцягвае не толькі знешнім эфектам, але і дазваляе адчуць глыбокі змест, ідэю, заўсёды будзе актуальнай і запатрабаванай. Напрыклад, работы мастака Усевалада Швайбы спараджаюць шэраг філасофскіх разважанняў, у якіх ты знаходзіш важныя думкі, адгукаешся на іх і сам не заўважаеш, як становішся ўдзельнікам творчага дыялогу з аўтарам і яго героямі. Цягам ліпеня работы майстра экспануюцца ў арт-прасторы «Высокае места» на выстаўцы «Храм».


 «Armaturamater».

Калі дагэтуль вы не былі знаёмыя з творчасцю Усевалада Швайбы, то будзьце ўпэўнены: убачыўшы ўпершыню яго карціны і графіку, аўтарскі почырк запомніце назаўсёды. Мастак — эстэт, раскрывае душу праз адлюстраванне жаночых грацыёзных вобразаў, акцэнтуе ўвагу на целе чалавека, якое лічыць храмам, што ў любы момант можа быць асветлены альбо апаганены. У гэтым і ёсць філасофскі складнік твораў: мастак заклікае гледача зразумець, чаго ён хоча ад жыцця і як больш камфортна існаваць у ім.

На думку Усевалада Швайбы, адна з важных мэт чалавека — знайсці храм у сабе і берагчы ўсё жыццё. А калі атрымаецца, што нехта яго знішчыць, на месцы старога разбуранага храма «за тры дні ўзвесці іншы, нерукатворны». Гэтая ідэя аб’ядноўвае ўсе творы экспазіцыі.

У работах мастака прасочваюцца агульныя матывы для славянскай і антычнай міфалогіі. Майстар дэманструе захапленне жаноцкай прыгажосцю і абаяльнасцю. На яго палотнах — жанчыны, у рысах якіх адначасова захоўваюцца матывы мінулага і цяперашняга. Такім чынам, майстар стварае повязь часоў і не дазваляе гледачу падзяляць сваю творчасць на пэўныя перыяды. Важна, што творы аўтара не пакідаюць адчування недасказанасці, яны лёгкія, нават меладычныя. Мастацтвазнаўцы адзначаюць, што экспазіцыя Усевалада Швайбы — своеасаблівае падарожжа да сябе.

Тэматыка і тэхніка работ Усевалада Швайбы розныя. Ён займаецца як жывапісам, так і графікай, звяртаецца да рэалістычнага жывапісу, пейзажаў, нацюрмортаў, партрэтаў, сюррэалізму і элементаў славянскай культуры. Мастак выкарыстоўвае такія матэрыялы, як туш, папера, палатно, алейныя фарбы. Але пры гэтым дасягае эфекту празрыстасці і нематэрыяльнасці прасторы. Гэта той выпадак, калі аўтар валодае не толькі звыштонкім адчуваннем рэчаіснасці, але і майстэрствам адлюстроўваць сваё светаўспрыманне.

Назва не толькі падказвае канцэпцыю выстаўкі, праз якую кожны можа задумацца пра сэнс жыцця, але і раскрывае мастака як філосафа. На выстаўцы ў большасці прадстаўлены графічныя творы мастака, якія варта аналізаваць. Пасля прагляду думкі складваюцца, быццам пазлы, у агульную карціну. У гэтым і заключаецца аўтарская задума. Арганізатары ўдала сфарміравалі выстаўку: графічныя творы прадстаўлены на першым паверсе галерэі, а жывапісныя — на другім. Такім чынам, глядач адразу ўспрымае графіку, яго ўвагу не адцягваюць яркія колеры і вялікі памер карцін, а ўжо на другім паверсе перад вачыма паўстае шыкоўная панарама жаночых партрэтаў, якія не пакінуць абыякавымі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».