Вы тут

Мой прапрадзед — велікан


У дні летніх канікул не сціхаюць звонкія дзіцячыя галасы на двары і ў класах барысаўскай сярэдняй школы №18. Тут дзейнічае летні аздараўленчы лагер. Адпачынак дапаўняюць цікавыя заняткі, спартыўныя гульні, сустрэчы. Адна з такіх сустрэч была прысвечаная сусветна вядомаму велікану Фёдару Махнову, а вяла рэй у разглядзе свайго радаводу прапраўнучка гіганта трэцякласніца Паліна Махнова.


Пра­пра­дзед Паліны (яна трымае ў руках сваю даследчую работу) у школь­ным класе «да­стае» га­ла­вою да сто­лі.

«...боты з халявамі, якія яму ледзь дастаюць да кален, простаму смертнаму дастаюць да пояса, а 12-гадовы хлопчык можа памясціцца ў іх з галавой. Скрозь пярсцёнак, які велікан носіць на ўказальным пальцы, праходзіць сярэбраны рубель».

(Пра Фёдара Махнова са старонкі адрыўнога календара 1905 года.)

Клас, у якім адзінаццацігадовая Паліна прэзентавала сваю вучнёўскую даследчую работу «Мой род, мая сям'я», упрыгожыў вялізны (да самай столі!) фотапартрэт у поўны рост яе вядомага продка.

— Стары фотаздымак беларускага волата, чый рост дасягаў 2 метраў 85 сантыметраў, мы павялічылі да сапраўдных памераў волата, — растлумачыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга ВАВІЛАВА. — Раму для партрэта дапамаглі зрабіць шэфы з мясцовага мясакамбіната — выканалі яе так, каб можна было складаць і зручна перавозіць. Знаёміць сучаснікаў з беларусам-веліканам ХІХ стагоддзя цяпер можна будзе паўсюды.

Фёдар Махноў нарадзіўся ў 1878 годзе недалёка ад Віцебска ў вясковай сям'і. Яго бацькі былі высокага росту, але да гігантаў ім было вельмі далёка. Да васьмі гадоў Фёдар рос звычайным хлопчыкам, але затым яго нібы падмянілі: хутка стаў дужым і надзвычайна высокім. Мясцовы памешчык забраў юнака працаваць на млын.

У 14-гадовым узросце рост Фёдара перавысіў два метры. Бацька заказаў кавалю новы вялізны ложак для сына. Усё лета майстар вырабляў заказ, а хлапец тым часам працягваў падрастаць. Неўзабаве абноўка была гатовая, але і яна на той час аказалася занадта маленькай.

На ар­хіў­ным фо­та­здым­ку Фё­дар по­бач з людзь­мі звы­чай­на­га рос­ту.

Незвычайнага падлетка заўважыў замежны гаспадар перасоўнага цырка. Два гады Фёдар вывучаў цыркавое майстэрства, замежную мову. У 16 гадоў ён падпісаў кантракт і стаў сапраўдным артыстам цырка. Дзевяць гадоў працаваў ён на арэне, здзіўляючы публіку ростам і фізічнай сілай. Вельмі папулярным быў нумар, у якім Фёдар лежачы падымаў над сабою драўляную платформу з маленькім аркестрам.

У пачатку ХХ стагоддзя Махноў пакінуў цырк і вярнуўся на радзіму. На заробленыя грошы выкупіў у памешчыка зямлю і хату, пабраўся шлюбам з вясковай настаўніцай. Жонка гіганта таксама была не маленькага росту, але не вышэйшая за яго локаць.

Фёдар любіў падарожнічаць разам з жонкаю і дзецьмі. У сям'і захаваліся ўспаміны пра адну з такіх далёкіх вандровак. Беларускі гігант у Парыжы паспрачаўся з некалькімі гараджанамі. Паліцэйскія затрымалі Фёдара, але за краты пасадзіць не атрымалася: ні ў адну камеру ён не ўмяшчаўся.

Афі­ша цыр­ка, дзе пра­ца­ваў Фё­дар Мах­ноў, апа­вя­шча­ла пра вы­ступ­лен­ні бе­ла­рус­ка­га гі­ган­та.

Памёр Фёдар Махноў на радзіме ў выніку хранічных хвароб. Помнік на яго магіле блізу вёскі Касцюкі захаваўся па сёння, але прах гіганта знік — гэта заўважылі пасля Другой сусветнай вайны.

Такую цікавую прэзентацыю радаводу пачуў я ў барысаўскай школе. Унікальнасць гэтага матэрыялу не толькі ў біяграфічных звестках пра незвычайнага продка. Паліна Махнова разам з бацькамі і сваёй настаўніцай пачатковых класаў Наталляй Янковай прасачыла далейшы лёс усіх членаў сям'і. Разам яны сабралі цікавую статыстыку росту дарослых і дзяцей. Вучнёўская даследчая работа «Мой род, мая сям'я» атрымала высокую ацэнку на конкурсах у Беларусі і Расіі.

Яўген ПЯСЕЦКІ,

фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.