Вы тут

Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастэрнак: Дзяцей трэба паважаць


Каму лепш за ўсіх разумець падлеткаў, як ні пісьменнікам, якія ствараюць для іх кнігі? Андрэй ЖВАЛЕЎСКІ і Яўгенія ПАСТЭРНАК вядомы беларускім школьнікам як аўтары аповесцяў «Час заўсёды добры», «Гімназія №13», «Пакуль я на краі». Яны таксама вядуць сайт forteen.іnfo — у дапамогу татам і мамам падлеткаў. А яшчэ Андрэй і Яўгенія самі бацькі, якія не па чутках ведаюць пра ўсе нюансы пераходнага ўзросту. У інтэрв'ю гутарым з пісьменнікамі пра спісы літаратуры на лета, бяспеку ў інтэрнэце, дзяцей, якія чытаюць, і дарослых, якія любяць дыктаваць, як жыць.


«Спісы літаратуры вельмі аднастайныя»

— Канікулы ў разгары. Ні адно школьнае лета не абыходзіцца без абавязковых спісаў літаратуры. Як ставіцеся да іх?

Андрэй: Вось калі з іх прыбраць слова «абавязковы», то чаму не?

Яўгенія: Насамрэч нічога страшнага ў спісах няма, акрамя таго што яны вельмі аднастайныя. На мой погляд, там павінна быць, напрыклад, 200 найменняў, з якіх дзіця выбера для сябе тое, што яму хочацца.

Андрэй: Згодны. Бо дзеці розныя.

Яўгенія: Ёсць настаўнікі, якія даюць спіс таго, што будуць праходзіць у наступным класе. Яны лічаць, што потым на працягу навучальнага года дзеці прачытаць гэта не паспеюць. Па мне, гэта няправільна, таму што летам трэба чытаць для задавальнення. Вельмі выбраныя вучні здольныя прачытаць Грыбаедава для душы.

Я давала б спіс, каб паказаць, наколькі цяпер багатая і рознабаковая літаратура. Калі ў нашым дзяцінстве для падлеткаў можна было налічыць сто-дзвесце найменняў, то цяпер іх тысячы. Школьнікі арыентуюцца ў гэтым моры літаратуры нашмат лепш за дарослых. Я праводзіла апытанні сярод падлеткаў: яны чытаюць столькі, што ты потым сядзіш і гугліш паўдня. Бо толькі трэць з таго, што называюць, я ведаю — гэта з улікам таго, што я добра знаёма з сучаснай літаратурай.

— Чаму сучасным школьнікам «не заходзіць» класіка?

Яўгенія: Таму што з часу напісання тых твораў ужо не адна эпоха змянілася. Магу пра свой вопыт расказаць. З малодшай дачкой я чытала класіку ўслых. У пятым класе гэта было жудасна. Мы селі чытаць «Муму», і дачка з планшэтам гугліла ўсе незразумелыя словы. А там жа яшчэ сітуацыі незразумелыя. У выніку кожны класічны твор перацякаў ва ўрок па гісторыі. І на адно апавяданне ішоў тыдзень.

Андрэй: Другая праблема — гэта насілле. Калі я падлетак і мне кажуць надзець шапку, я яе не надзену, нават калі на вуліцы мінус 30. З класічнай літаратурай тое ж самае. Гэта на ўзроўні анекдота. Хлопчыку паказваюць нашу кнігу, ён глядзіць: «Пастэрнак? Школьная праграма? Не адкрыю!»

— Як прывучыць дзяцей чытаць?

Яўгенія: Толькі асабістым прыкладам — іншых спосабаў няма. Выдатна, калі трапляецца на шляху добры бібліятэкар ці настаўнік мовы і літаратуры. Але гэта хутчэй выключэнне — каб у нечытаючай сям'і вырасла чытаючае дзіця.

Андрэй: Мая сярэдняя дачка часта ходзіць у бібліятэку і вяртаецца з вялікім стосікам кніг. 80 працэнтаў гэтай кіпы — дэтэктывы і масавая літаратура. Але 2—3 кнігі — ваў! Іх у бібліятэцы, што называецца, падсоўваюць.

Яўгенія: Падлеткі цяпер капрызныя. Усе гэтыя заходы бацькоў — «вось я ў дзяцінстве чытаў «Тома Соера», выдатная кніжка!» — не праходзяць. Калі вы прапанавалі падлетку кніжку, а ён сказаў, што не можа яе адолець, значыць, вы не тое прапанавалі. Трэба ісці ў бібліятэку, шукаць. Гэта праца.

«Кніга не можа давесці да самазабойства»

— Свае рукапісы, яшчэ да друку, вы рассылаеце тэст-чытачам у сацыяльных сетках. Хто імі можа стаць? Першыя чытачы істотна ўплываюць на сюжэт?

Андрэй: Тэст-чытачом можа быць хто заўгодна. Іх меркаванне важна ў тых месцах, дзе мы нечага не ведаем. Апошняя кніга ў нас пра Мінск. Там гераіня некалі займалася скачкамі ў ваду. І ёсць літаральна адзін абзац тэксту, як яна бачыць сон, дзе стаіць на вышцы. Сярод тэст-чытачоў была кандыдат у майстры спорту па скачках у ваду. Яна нам напісала: «Тры чвэрці слоў няправільныя!»

У кнізе «Пакуль я на краі» падлеткі прасілі растлумачыць, чаму ў нашых герояў такія нікі дзіўныя, а дарослыя патрабавалі расказаць, адкуль галоўны злодзей браў грошы і чаму ён стаў такім.

— Апошнія вашы творы закранаюць няпростыя пытанні: суіцыды, наркотыкі. Не баяліся ўздымаць складаныя тэмы? Наколькі гэта кніжная размова?

Андрэй: Мы баяліся нашкодзіць. Таму складаныя тэмы заўсёды абмяркоўваем з псіхолагамі і паказваем ім тэкст. І толькі пасля іх адабрэння друкуем. Вядома, на такія тэмы лепш размаўляць у сям'і. Але кніга можа стаць падставай для гэтага. Вось вы баіцеся пагаварыць пра суіцыды — а давайце прачытаем кніжку. Мы ж не пра цябе цяпер, а пра нейкіх герояў.

Наконт кнігі пра спайсы нам нарколагі раілі: «Вы дарма ставіце 12+, трэба 6+». Фарміраваць адносіны да наркотыкаў трэба, пакуль гэта не стала балючай тэмай. І тады ў 12—14 гадоў, калі яны раптам аказваюцца побач з дзецьмі (а яны аказваюцца ў любой, нават самай прыстойнай гімназіі), у чалавека будзе ўжо сфарміравана меркаванне.

— Бачыла статыстыку, што ў падлеткаў вельмі папулярныя творы пра суіцыды...

Яўгенія: У нас, дарэчы, аповесць «Пакуль я на краі» менавіта з гэтага нарадзілася. Я тады прааналізавала дваццатку самых папулярных кніжак, якія спампоўваюць, і высветліла, што 17 з іх заканчваюцца (ці пачынаюцца) суіцыдам. Для мяне гэта было ўзрушэнне: чаму? Але мне вельмі хутка растлумачылі: расслабся, так было заўсёды.

Андрэй: Успомніце літаратуру канца XVІІІ стагоддзя. Сентыменталізм увесь заканчваецца самазабойствамі.

Яўгенія: Падлеткавыя бунты і, у клінічным выпадку, суіцыды — гэта ўвогуле не пра смерць. Дзеці не разумеюць, што гэта канец.

Андрэй: Ім трэба, так бы мовіць, сімвалічна памерці. Падлеткі ўпэўнены, што пасля пачнецца нешта іншае.

— Некаторыя бацькі ў водгуках на кнігу пішуць: маўляў, ні за што дачцэ не дам чытаць пра суіцыды.

Яўгенія: Гэта іх права. Але калі б людзі маглі скончыць жыццё самагубствам, прачытаўшы кнігу, усё чалавецтва ўжо б памерла.

Андрэй: Гэта датычыцца і інтэрнэту. Псіхолагі ўжо адкрытым тэкстам кажуць: у сеціве давесці да самагубства немагчыма. Няма такіх механізмаў. Падштурхнуць — можна. Але толькі гатовага да гэтага чалавека. Яго падштурхнуць можа нават карціна Фядотава.

«Калі прысутнічае гіперкантроль, пачынаецца хлусня»

— Вы праводзіце семінары на тэму бяспекі ў інтэрнэце. Падзяліцеся, як абараніць дзіця ў сеціве?

Яўгенія: Ніякія знешнія фільтры не працуюць. Якраз сёння чытала выдатны артыкул. «Ты гісторыю браўзера чысціш?» — пытаецца ў падлетка карэспандэнт. «Не, навошта? — адказвае той. — Я ўсё дрэннае раблю з тэлефона». Немагчыма адсачыць, што яны глядзяць.

Фільтр павінен быць у дзіцяці ўнутры. Я са сваёй дачкой вельмі шмат на тэму паводзін у інтэрнэце размаўляю. Ёсць нейкія базавыя рэчы, якія падлеткі для сваёй бяспекі павінны ведаць абавязкова. Ніколі не выкладаць далікатныя фатаграфіі. Асабліва дзяўчат датычыцца. Столькі гісторый потым бывае, калі дзяцей пачынаюць шантажыраваць. Трэба тлумачыць, што нават калі ты выклаў фотаздымак у асабістай перапісцы — лічы, павесіў на агароджы. Усе так званыя гарачыя чаты, якія цяпер існуюць, небяспечныя.

Андрэй: А самае галоўнае — нашы дзеці вельмі чыстыя, не сапсаваныя. З тымі ж фатаграфіямі прыходзіцца тлумачыць, як гэта ўспрымаецца. Мы нават напісалі апавяданне, дзе расказалі, што думаюць некаторыя мужчыны, калі глядзяць на юнае жаночае цела.

Яўгенія: Плюс меры бяспекі зусім эканамічныя. Не называць свой дамашні адрас, не даваць тэлефон, ніякіх звестак пра асабістае жыццё, інфармацыі, калі ты дома адзін. Гэта так жа важна, як навучыць дзіця пераходзіць дарогу.

Андрэй: У Аўстраліі добра зрабілі. Там правілы паводзін у інтэрнэце зачытваюць усім дзецям кожны год першага верасня пад роспіс.

— Ці варта бацькам кантраляваць, колькі часу дзіця сядзіць у інтэрнэце?

Яўгенія: На гэты конт ёсць выдатнае даследаванне псіхолага Кацярыны Мурашовай. Бацькоў падзялілі на тры групы. Першыя жорстка кантралявалі час, які падлетак праводзіць у інтэрнэце. Па іх словах, дзеці сядзелі ў сеціве па 7 гадзін на тыдзень. Другая група сачыла не так строга: яны лічылі, што іх сыны і дочкі праводзяць анлайн па 11 гадзін на тыдзень. Трэцяя група бацькоў не ўмешвалася, і іх дзеці, па ацэнцы дарослых, былі ў сеціве 25 гадзін на тыдзень. Па паказаннях саміх падлеткаў, школьнікі з першай групы сядзелі ў інтэрнэце 21 гадзіну на тыдзень, з другой і трэцяй — 24 гадзіны. Кантралюем мы ці не, гэта ніяк не ўплывае. Wi-Fi па горадзе валам — пайшоў у любы гандлёвы цэнтр, падключыўся і сядзі.

Андрэй: Чым дрэнны татальны кантроль? Ты губляеш кантакт з дзіцем. Падлетак уваходзіць у той узрост, калі яму патрэбны сакрэты, і ён натуральна пачынае загароджвацца. І ты можаш прапусціць нешта сур'ёзнае. А дзеці ў гэтым плане вельмі вынаходлівыя. Тату нешта не спадабалася ў профілі дзіцяці — хлопчык проста заводзіць другі. Калі прысутнічае гіперкантроль, пачынаецца хлусня.

«Яны здзіўляюць сваёй мудрасцю»

— Як бацькам лепш зразумець падлеткаў?

Яўгенія: Варта размаўляць. Вельмі паказальная была гісторыя з блогерам Уладам Бумагам (на сустрэчу з ім прыйшло тры тысячы школьнікаў. — Аўт.): дарослыя даведаліся, што ў падлеткаў, аказваецца, ёсць свой свет. Добра быць у курсе, чым захапляецца тваё дзіця.

Андрэй: Кажуць: як, з гэтых падлеткаў нічога не выцягнеш! А не трэба нічога выцягваць — проста зацікаўлена слухайце. Не з пазіцыі «што ты мне лухту расказваеш, вось у наш час». Пасля першай жа такой размовы сцяна вырастае. Мы ж нашым падлеткам лекцыі чытаем, дыктуем, як жыць.

Нас увесь час вучаць, што дзяцей трэба любіць. Але гэта бессэнсоўна: мы іх і так любім. Бацькоў трэба вучыць паважаць дзяцей. Разумець, што гэта іх права — выбіраць сабе кнігі, сяброў, блогераў. Успрымаць іх выбар без наезду, без спроб высмеяць. Тады дзеці да нас будуць цягнуцца, бо мы іх галоўны рэсурс. Калі за спінай сям'я, куды можна вярнуцца, бунт праходзіць спакайней.

— Як самі наладжваеце кантакт з дзецьмі?

Андрэй: У нас з сярэдняй дачкой ёсць такая забава — садзіцца гаварыць. Тэма можа быць любая. Галоўнае — размова на роўных. А яшчэ лепш што-небудзь разам рабіць. З малодшым сынам мы, напрыклад, «лега» збіраем.

Яўгенія: Абедзве мае дочкі дакладна ведаюць, што на любое пытанне атрымаюць адказ. Не ўяўляю, што ў мяне можна спытаць, каб «выбіць». Але калі ты не гатовы да размовы, трэба растлумачыць: праз пяць хвілін адкажу, мне неабходна падумаць. Ні ў якім разе не крычаць: «Што за жах ты ў мяне пытаеш?! Дзе ты набраўся такіх слоў?»

— Прыслухоўваецеся да парадаў сваіх дзяцей?

Андрэй: Яны даюць радыкальныя парады наконт кніг. Аднойчы Жэніна дачка нам тры месяцы работы загубіла (усміхаецца). Далі прачытаць ёй першы варыянт «52 лютага». І пачулі: «Добра. А адбывацца што-небудзь будзе?» Выкінулі тэкст і нанова перапісалі.

Яўгенія: Дзеці здзіўляюць сваёй мудрасцю. Калі я дома «разыдуся», старэйшая кажа: «Мам, ты так не нервуйся, усё ж нармальна». І сапраўды. Спакайней стала ставіцца да некаторых рэчаў. Няўжо я сур'ёзна буду сварыцца на дзяцей за тое, што яны не ядуць за сталом?

Андрэй: Яны ўвесь час вучаць нейкім правільным адносінам да жыцця.


Спіс літаратуры на лета для... мамы і таты

Так-так, мы не памыліліся. Разам з пісьменнікамі мы склалі невялікую падборку таго, што будзе карысна пачытаць (і паглядзець) бацькам падлеткаў.

1. Калонка піцерскага псіхолага Кацярыны Мурашовай у анлайн-часопісе «Сноб».

2. Відэа-канал «Мама дарагая! Быць бацькам падлетка» на сайце psychologіes.ru.

3. Пачытайце тое, што чытае ваша дзіця. «Многае зразумееце пра яго. Галоўнае — ніякіх каментарыяў, — раяць пісьменнікі. — Калі спадабалася, скажыце, за што, калі не — проста маўчыце».

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.