Вы тут

Цудзік і цуды


Прачытала нядаўна кнігу Свэна Нурдквіста «Пэтсан сумуе». Яна пра тое, як знаходлівы кот Фіндус спрабаваў развесяліць любімага гаспадара. І ўспомніла сваіх двух вусатых ратавальнікаў.


У дзяцінстве бацькі чамусьці забаранялі мне заводзіць хатніх жывёл. Але, нягледзячы на забароны, я ўсё адно прынесла дадому маленькае кацяня. Калі мама з татам пачулі, што сусед хацеў закапаць гэты шэранькі клубочак, дазволілі яго пакінуць. Праз год я з краснухай трапіла ў бальніцу. Ніколі не забудуся, як мама патэлефанавала мне ранкам і сказала праз слёзы радасці: «Твая Мурза выратавала нам жыццё».

Узімку, перад тым як класціся спаць, мы зачынялі кошку на кухні. У тую злашчасную ноч яна так гучна і доўга мяўкала, што бацькі прачнуліся, выбеглі ў качагарку, а там — агонь. Ён, на шчасце, яшчэ не паспеў разгарэцца, таму ўдалося папярэдзіць бяду.

Пасля таго як Мурзы не стала, я яшчэ доўга не наважвалася завесці новага сябра. Але чатыры гады таму лёс падарыў мне Цудзіка. Рудое кацяня хтосьці хацеў утапіць у Свіслачы. Гэтым разам маленькі камячок выратаваў ад смерці знаёмы. Коціку зусім не было дзе жыць, і я забрала яго да сябе. Але гарадская кватэра аказалася не самым добрым месцам для Цудзіка. У чатырох сценах яму не было куды дзяваць сваю энергію. Менавіта з-за гэтага часам паводзіў сябе даволі агрэсіўна: мог падрапаць маіх гасцей, перагрыз усе падзарадкі і навушнікі.

У канцы вясны мы з мужам адвезлі Цудзіка ў вёску. Бацькі пагадзіліся прыгледзець ката падчас нашага адпачынку. Калі вярнуліся, не пазналі ні Цудзіка, ні бацькоў. Тата — не аматар гаварыць па тэлефоне — расказваў мне пра прыгоды коціка як мінімум хвілін 15. «Ён з мамай ходзіць у поле. Чакае, пакуль яна падоіць карову. А пасля вяртаецца разам з ёй назад. А бачыла б ты, як смешна Цуд носіцца па двары за вераб'ямі! А калі хоча зайсці ў хату, становіцца на заднія лапы і грукае ў дзверы. Ён ужо зусім не агрэсіўны. Скача на калені ды лашчыцца, просіць, каб пагладзілі. А ўчора зранку ўпершыню прыйшоў да нас у ложак, прымасціўся каля ног ды варкатаў. Ведаеш, па-мойму, яму тут лепш». І зноў коцік, гэтым разам Цудзік, здзейсніў цуд. Бацькі павесялелі. Калі раней на пытанне «як справы?», чула ў адказ «усё па-старому», то цяпер кожны дзень у іх нейкія прыгоды.

Як бачыце, дабро заўсёды вяртаецца. І рана ці позна гэта разумеюць усе.

Адзінокая жанчына кожную раніцу пякла дзве аладкі. Адну для сябе, другую для выпадковага мінака. Апошнюю заўсёды клала на падаконнік і пры гэтым малілася за свайго сына, які пайшоў шукаць лепшую долю.

На працягу многіх месяцаў маці нічога не ведала пра яго. Кожны дзень аладку з падаконніка забіраў адзін і той жа гарбун. Але замест слоў падзякі, ён толькі мармытаў: «Зло, якое вы робіце, застаецца з вамі, а дабро вяртаецца вам!» Не атрымліваючы чаканых слоў падзякі, жанчына адчувала сябе яшчэ больш няшчаснай. Аднойчы яна вырашыла пазбавіцца ад няўдзячнага гарбуна. І дадала атруту ў яго аладку. Ужо сабралася пакласці яе на падаконнік, але ў галаве пранеслася думка: «Што ж я раблю?» Жанчына дрыготкімі рукамі кінула атрутную аладку ў агонь. Хуценька прыгатавала іншую і паклала яе на падаконнік. Гарбун, як звычайна, узяў аладку, прамармытаўшы нязменнае: «Зло, якое вы робіце, застаецца з вамі, а дабро вяртаецца вам!» і працягнуў свой шлях. У той жа вечар нехта пагрукаў у дзверы. На парозе жанчына ўбачыла свайго сына — худога, знясіленага, у лахманах. «Мама, гэта проста цуд, што я тут! Я быў ад дома ўсяго толькі на адлегласці адной мілі, калі ледзь не страціў прытомнасць ад голаду. І, напэўна, памёр бы, але менавіта тады нейкі стары гарбун аддаў мне сваю аладку. Сказаў: «Гэта мая адзіная ежа на цэлы дзень, але бачу, што ты маеш у ёй большую патрэбу, чым я». Жанчына збялела і прытулілася да дзвярэй, каб не ўпасці. Цяпер яна зразумела, што меў на ўвазе гарбун, калі казаў: «Зло, якое вы робіце, застаецца з вамі, а дабро вяртаецца вам!»

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».