Вы тут

Прэзідэнт заклікаў журналістаў не забывацца пра маральныя каштоўнасці


Гібрыдныя войны, адказнасць за напісанае, сказанае, агучанае, пытанне маральнага выбару журналіста. Гэтыя тэмы ўзняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пленарным пасяджэнні ХІХ Сусветнага кангрэса рускай прэсы, які праходзіць у гэтыя дні ў Беларусі.


Сіла слова

Сёння не ўсё залежыць ад рашэнняў, якія прымаюць палітыкі і кіраўнікі дзяржаў, а задача СМІ ўжо не абмяжоўваецца фіксаваннем падзей. Усё большую ролю ў фарміраванні грамадскай думкі пачынае адыгрываць прэса, якая ўплывае ў тым ліку і на лідараў дзяржаў. «У сувязі з гэтым на парадак узрастае адказнасць за публічнае слова — і ў палітыка, і ў журналіста», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Менавіта журналісты ствараюць карціну свету. «Таму каласальнае значэнне набываюць прафесіяналізм і грамадзянская адказнасць людзей са сферы масмедыя. Вядома, чытач патрабуе сенсацый. Газеты, тэлеканалы, інтэрнэт-выданні, асабліва ў сучасным свеце, у многім выжываюць за кошт скандалаў, часта імі ж і арганізаваных. Але ці не вельмі высокай можа аказацца цана такіх падыходаў?» — звярнуўся да ўдзельнікаў кангрэса Прэзідэнт.

Рэйтынг — не апраўданне

Імкненне грамадства даведацца пра ўсё, а СМІ — данесці інфармацыю як мага хутчэй, непазбежна прыводзіць да памылак і часам да перайначвання фактаў, якія ў выніку разыходзяцца з рэчаіснасцю. «Гэта інфармацыя становіцца зброяй, якая правакуе канфлікты і ўзброеныя сутыкненні, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Распальваючы варожасць і нянавісць, не дае магчымасці для мірнага будаўніцтва, здаровага абмеркавання розных думак, палітычных і сацыяльных падыходаў да жыцця. І тут, пагадзіцеся, наўрад ці можна апраўдацца рэйтынгамі».

Беларускі лідар звярнуў увагу на тэму так званых гібрыдных войнаў, якія вядуцца ў медыя, эканоміцы, палітыцы, кіберпрасторы. «Я падводжу да таго, што важнейшай, можа, першай ступенню гэтых сучасных войнаў з'яўляюцца войны
ў медыяпрасторы. Ідзе не артылерыйская падрыхтоўка, а падрыхтоўка ў СМІ, перш чым той ці іншай дзяржаве, групоўцы развязаць вайну», — заявіў Прэзідэнт.

Свабода — значыць адказнасць

Навязваць журналістам меркаванне, заганяць у рамкі нейкіх стэрэатыпаў недапушчальна, лічыць Аляксандр Лукашэнка. «Сэнс сапраўднай свабоды слова, якую мы ў Беларусі высока цэнім, не толькі ў магчымасці выбару, але і ў адказнасці за яго. Давайце будзем адзіныя ў галоўным — у пошуку і сцвярджэнні праўды», — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт выказаў спадзяванне, што вынікам правядзення кангрэса стануць канструктыўныя ініцыятывы, якія даюць магчымасць ачысціць інфармацыйную прастору ад бруду і хлусні. «У свой час Беларусь стала найбуйнейшай пляцоўкай мірнага ўрэгулявання. Наша краіна заўсёды была і застаецца адкрытай для новых кантактаў і інфармацыйных абменаў. Чаму б нам не прыйсці да рэалізацыі ідэі па правядзенні ў Мінску маштабнага міжнароднага форуму — аналага «Хельсінкі-2»? Чаму б не збірацца разам, прыцягваючы палітыкаў, дзеячаў навукі, культуры, бізнес-эліты для абмеркавання праблем захавання міру?» — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Праўда ў эпоху інтэрнэту

Прафесія журналіста ў новых тэхналагічных умовах кардынальна змянілася, адбыўся пераход да новай сістэмы стварэння і распаўсюджвання інфармацыі — грамадзянскай журналістыкі. Цяпер у якасці масмедыя можа выступіць практычна любы чалавек, які мае тэлефон і выхад у інтэрнэт. Пры гэтым для многіх людзей сусвет звузіўся да экрана смартфона, а карціна сусвету — да стужкі навін у сацыяльных сетках, лічыць Аляксандр Лукашэнка.

На інфармацыйным полі складваецца няпростая сітуацыя. Таму ў гэтых умовах менавіта ад прафесійных журналістаў, ад традыцыйнай прэсы шмат у чым залежаць маральныя і грамадзянскія арыенціры. «Таму заўсёды важны правільны выбар: рэйтынг альбо праўда, аб'ектыўнасць альбо асабістыя інтарэсы», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Агульны набытак

Асобна кіраўнік дзяржавы звярнуўся да тэмы рускай мовы, якая разам з беларускай з'яўляецца ў нашай краіне дзяржаўнай. Па яго словах, гэта робіць нашу краіну і народ адметнымі. «Дзякуючы гэтаму мы маем магчымасць больш маштабных і прамых кантактаў у галіне навукі, культуры і мастацтва. Пашыраем інтэлектуальныя і інфармацыйныя гарызонты плённага супрацоўніцтва з брацкімі народамі, прасоўваючы ідэі добрасуседства і міралюбнасці», — адзначыў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, рускамоўная журналістыка мае велізарную аўдыторыю і сферу ўплыву, адыгрывае найважнейшую ролю носьбіта ўсходнеславянскага культурнага кода, агульных каштоўнасцяў і жыццёвых арыенціраў.


На палях пасяджэння ў ХІХ Сусветнага кангрэса рускай прэсы Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з паслом добрай волі ЮНЕСКА, прэзідэнтам Сусветнай асацыяцыі рускай прэсы Віталем Ігнаценкам і адказным сакратаром Сусветнай асацыяцыі рускай прэсы, першым намеснікам генеральнага дырэктара інфармацыйнага агенцтва ТАСС Міхаілам Гусманам, паведамляе БЕЛТА.

На сустрэчы абмяркоўваліся глабальныя тэмы, у тым ліку ініцыятывы, вылучаныя Беларуссю падчас 26-й летняй сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ па арганізацыі новага маштабнага міжнароднага форуму па аналогіі з Хельсінкскім працэсам, а таксама роля сродкаў масавай інфармацыі ў сучасных працэсах у свеце.

Аляксандр Лукашэнка таксама даў кароткае інтэрв'ю агенцтву ТАСС. У ім закраналіся такія тэмы, як вынікі пасяджэння ў Маскве Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, развіццё беларуска-расійскіх адносін па важнейшых напрамках, перспектывы і праблемы функцыянавання Саюзнай дзяржавы. Таксама абмяркоўваліся пытанні, сугучныя тэматыцы Сусветнага кангрэса рускай прэсы. Вынікам размовы стане новая серыя праграмы з цыкла «Формула ўлады», якая, як плануецца, выйдзе ў жніўні.


Гавораць удзельнікі

Міністр інфармацыі Беларусі Лілія АНАНІЧ:

— Беларусь шмат зрабіла для развіцця нацыянальных СМІ і не аддзяляе сябе ад агульнай інфармацыйнай прасторы. Ужо ў першы дзень кангрэса да яго ўдзельнікаў неаднаразова звярталіся прадстаўнікі масмедыя, грамадскасці і бізнесу, многія з якіх цікавіліся, чаму СМІ сталі так мала казаць пра галоўнае — пра стваральную працу. Няхай гэта тэма стане галоўнай на палях нашых інфармацыйных дзён у Беларусі.

Галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей ВЕНЕДЫКТАЎ:

— Аляксандр Лукашэнка правільна паставіў дыягназ тых пагроз, якія на нас ідуць. Ва ўмовах лічбавай рэвалюцыі, развіцця сацыяльных сетак кожны чалавек, які не мае дачынення да журналістыкі і СМІ, мае рэальную магчымасць ствараць уласны інфармацыйны паток, публікуючы тое, што ён лічыць навінамі. Кантраляваць такі паток, які па асобных параметрах можа нават перакрываць прафесійную журналістыку, вельмі складана. Аднак з гэтай дэструктыўнай з'явай неабходна змагацца самымі сучаснымі і эфектыўнымі метадамі. Мне ўяўляецца, што ўнясенне прафесіяналізму ў гэтую хвалю — адзін са спосабаў знутры яе прывесці ў нейкі стан праўдападобнасці.

Акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр КАВАЛЕНЯ:

— У цяперашніх умовах давер аўдыторыі да масмедыя страчваецца. Як чалавек, які пачынае раніцу з прачытання навін, думаю, што сёння, сапраўды, надзвычай шмат інфармацыі негатыўнага характару. Аўдыторыя «перакормлена» негатывам. Акцэнтаваць увагу чытачоў, гледачоў і слухачоў варта ў большай ступені не на негатыўных момантах, у тым ліку ў двухбаковых адносінах Беларусі і Расіі, а на тых фактах, якія даюць магчымасць СМІ выглядаць больш пазітыўна ў інфармацыйнай прасторы. Неабходна вярнуцца да таго, каб з'яўлялася больш станоўчых вобразаў, якіх у нашым жыцці звышдастаткова. У нас ёсць людзі, на якіх мы павінны раўняцца.

Вераніка ПУСТАВІТ

рustаvіt@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Зрабіць правільны выбар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?