Вы тут

Важна — любіць...


...Баба Люда ў людзі выбіраецца зрэдку. Яно і не дзіва: хваробы, гады. Да таго ж прадукты машына прывозіць дахаты, у краму не трэба хадзіць. Трэба (гэта святое!) — толькі ў касцёл, раз на тыдзень, у нядзельку.

Але ж днямі і ў суботу некуды ішла. Аказалася — на аўтобусны прыпынак. «Дзяўчына, дачка мая, пазваніла. Сказала, што раніцай сёння прыедзе. Іду сустракаць», — паведаміла жанчына.

Ёй далёка за 80. Дачцэ — трэба разумець — за 60. Але для маці яна ўсё роўна дзяўчына.


Крута!

Тата (светлай памяці!) некалі казаў, што няма горшай балесці, як хочацца есці. А калі да гэтага ні прадуктаў, ні часу...

Зрэшты, перабольшваем: цеста на аладкі ў нас было.

Паспрабавалі цыркацца, пячы іх, але нават на дзвюх патэльнях справа ішла марудна: прыйшлося перайсці на бліны.

— Во, у вас нешта новае? — спытала суседка, «падцягнуўшыся» на пах. — Прасначкі?! Далібог... Вачам не веру! А малая ж некалі ела... Мама пякла...

Як высветлілася, усё новае і насамрэч добра забытае старое, то-бок нашы продкі пяклі праснакі — з жытняй мукі на содзе і сыроватцы, з тоўчанай бульбы, з «крута замешанага цеста на бліны».

У нас, шчыра кажучы, яно было не зусім такое — то-бок замешанае не вельмі «крута»? Але ж усе пад'елі, а гаспадыні прытым яшчэ і заўважылі, што часу на выпечку пайшло меней, алею і газу — таксама. А значыць, праснакі — гэта ўсё-такі крута!


Быў стымул — і знік

Пахудзець спрабавалі многія...

І чаго тады не рабілі: сядзелі на дыетах, не елі пасля 18, бегалі цёпла адзеўшыся, плавалі, пілі шмат вадкасці...

У Каці быў свой адмысловы спосаб пахудзення: яна купляла...

Не, не скакалку, не лыжы, а... новую прыгожую сукенку альбо спадніцу.

Дома гэта абноўка (што важна — 46-га памеру, а не патрэбнага ёй 48-га) вешалася на кухні бліжэй да халадзільніка. І там самым вымушала гаспадыню пастаянна выбіраць, чаго ж ёй хочацца больш: нешта з'есці альбо пахудзець, каб прыбрацца-такі ў новае?

...Вось гэта, другое жаданне, як правіла, перамагала: Каця — нічога не скажаш — выглядала, што трэба! Раней. Цяпер — пашырэла... І нават нашмат:

— Трэці год 50-ы памер нашу, — уздыхае жанчына. — Пахудзець ну ніяк не ўдаецца: дочкі выраслі — усе абноўкі, значыцца, ім. А я (і ў старым) — толькі папраўляюся.


Без бабкі

З лесу дзядзька Валодзя з пустым кашом не прыходзіць — вечна нешта нясе: то грыбы, то ягады, то нейкія травы...

Не пашчасціла хіба нядаўна: па-першае, з надвор'ем, а па-другое, — анічогачкі не знайшоў, як сказала жонка: «аніводненькай бабкі!»

— Дык ты радуйся, — суцешыў яе сусед, — а то падвернецца якая (у лесе ды пагодным днём), і прапаў мужык: можа, і дадому ці вернецца.

І сапраўды, бабкі яны такія... Асабліва цяпер.


Суцяшэнне

«...Ну, што вам людзі пішуць?» — час ад часу пытае каляжанка, бо гэта ёй і сапраўды цікава.

А значыць, можна расказаць, што, апроч іншага, у рэдакцыю прыйшоў артыкул пра жыццё і творчасць Міцкевіча — з яго вершамі, з завочнай экскурсіяй па ўлюбёных мясцінах, з паўтарэннем наказу Багушэвіча «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!»

І ўсё гэта — на адрас «Звязды», у вялікім канверце, падпісаным... па-руску.

— Ну чаму? — пытаю ў каляжанкі.

— А назва газеты хоць праз «я» напісана, ці праз «е»? — пытае ў мяне яна.

— Праз «я», здаецца?

— Ну, тады не ўсё яшчэ страчана...

Умее суцешыць.


Шукай дзяўчыну!

Беларускую мову (так склалася) Алег не вывучаў. А значыць, ніколі на ёй не чытаў, не пісаў, само сабой — не размаўляў. Але ж, дзякаваць Богу, слухаў і — што важна — разумеў, ва ўсякім разе, не цадзіў праз зубы, што ў нас, маўляў, дзве дзяржаўныя і размаўляць па-беларуску яго ніхто не прымусіць... Як быццам, вельмі трэба нам — некага прымушаць: можа — як той самы Алег — самі загавораць. Ды гэтак жа добранька! Вушам не паверыла, спытала ў хлапца, дзе ж гэта што здохла?

Ён ахвотна растлумачыў, што з паўгода сустракаецца з дзяўчынай. Яна — лінгвіст, добра ведае іспанскую, англійскую і рускую мовы, а вось размаўляе — на сваёй, на роднай, прычым з усімі... І, вядома ж, з ім. Вось ён і прыламаўся, падабаецца...

Калі падабаецца дзяўчына.

Дзе б іх толькі набраць, тых дзяўчат, каб хапіла на хлопцаў.


«Я сама...»

На працу Марусю праводзіць матуля (яны ўдзвюх жывуць): гатуе сняданак, збірае з сабой на перакус, глядзіць, якое надвор'е, каб нараіць, што надзець і абуць, сочыць, каб тая не забылася ключ ад кабінеціка, тэлефон, праязны...

Карацей, «дастае» дачку сваім залішнім клопатам, і тая зрэдчас зрываецца: крычыць, што яна сама з усім разбярэцца, што не маленькая ўжо, не дурная, што хопіць...

Ну сапраўды: дзеўцы 33-і ўжо, з адукацыяй, нават з пасадай... Значыць, маці можа пакінуць яе адну — на лета з'ехаць на дачу? Маруся ж справіцца?

...Прачнулася днямі, паглядзела ў акно, падумала, што, выходзячы з дому, трэ будзе ўзяць парасон.

Не, яна не забылася: на вуліцы раскрыла (дождж ішоў), без праблем дабегла да прыпынку, а зайшла ў трамвай і адчула дзіўныя позіркі.

Падумала, з чаго б гэта, і ўбачыла, што адзін парасон — толькі што згорнуты, мокры — трымае ў правай руцэ, а другі — матулін, сухі — разам з сумкай у левай.


«Рухавік гандлю»

Горад, скрыжаванне, падземны пераход — з безліччу людзей (асабліва пад вечар), з добрым дзясяткам розных крамаў і ці не сотняй гандляроў-прыватнікаў.

— Па-мі-доры! — гучна выкрыквае цыбаты, чарнявы дзяцюк. — Херсонскія памідоры.

Ну і няхай сабе: мы ля іх не спыняліся б, не куплялі б (бо гародніна дома ёсць), але ж побач з гэтым дзецюком — за нейкі метр — стаіць яшчэ адзін і... умінае той вялізны, чырвоны, сакаўны памідор. Умінае з такім апетытам, за абедзве шчакі, што...

Давялося вярнуцца, купіць і потым са смакам з'есці, дзякуючы рэкламе.


Спадчына

...Ліда ўсё жыццё крыўдавала на бацьку: маўляў, кінуў яе маленькую.

І сапраўды, ён зрабіў зусім не па-людску: з немаведама якой прычыны ў свае 23 звёў рахункі з жыццём, пакінуў дачку.

У выніку сама яна, можна сказаць, гаравала-гадавалася (маці глядзела меншых дзяцей, ад новага шлюбу), сама затым выбівалася ў людзі.

І такі ж змагла: абараніла дыплом і кандыдацкую дысертацыю, стварыла сям'ю, пабудавала кватэру і дачу, абжылася... Без бацькі, без спадчыны.

Ці яна ўсё ж... была: у выглядзе генаў — генаў працавітасці і ўпартасці, генаў любові да людзей, да жыцця.


Важна — любіць

...Нейчае маладое, відаць, не трэніраванае пачуццямі сэрца не змясціла пачуццяў: фарбай на асфальце пад вокнамі вывела: «Варя, я люблю тебя».

Першае слова (імя) пісалася, мусіць, вельмі нясмела, на апошняе — бракавала фарбы. А таму праз год на асфальце засталося толькі сэрца ды галоўнае слова: «Люблю!»

Закаханаму дастаткова?

Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.