Вы тут

Фільму «Міміно» — 40 гадоў


У перакладзе з грузінскай мовы «мімінo» — сокал, і гэта слова вось ужо шмат гадоў ведае, любіць і памятае вялікая колькасць жыхароў постсавецкай прасторы. Сёлета знакамітая карціна рэжысёра Георгія Данелія, упершыню прадстаўленая на Х Міжнародным Маскоўскім кінафестывалі, адзначае 40-годдзе.


«Міміно» — больш, чым гісторыя пра правінцыйнага лётчыка, ролю якога цудоўна выканаў Вахтанг (Буба) Кікабідзэ. Праз памкненне галоўнага героя Валіко Мізандары да вялікай авіяцыі насамрэч паказана непарушная сувязь чалавека не з небам, а з роднай зямлёй, са сваімі каранямі, без якіх немагчыма жыць. Нездарма карціну надзвычай цёпла прынялі і гледачы, і мастацтвазнаўцы, і прафесіяналы кінематографа: «Міміно» атрымаў некалькі прэстыжных узнагарод і ў савецкім пракаце 1978 года заняў 17-е месца, сабраўшы 24,4 мільёна гледачоў.

Выдатны акцёрскі ансамбль упрыгожыў і асноўны сюжэт, і дробныя эпізоды: Вахтанг Кікабідзэ, Фрунзік Мкртчан, Яўген Лявонаў, Алена Проклава, Арчыл Гаміяшвілі, Марына Дзюжава, Леанід Кураўлёў, Савелій Крамараў... Маленькая роля знайшлася і для самога Георгія Данелія, які сыграў камандзіра экіпажа рэйса Тбілісі—Масква. А даўжэй за ўсё давялося шукаць... сабаку на ролю Зарбазана (з грузінскай перакладаецца як «гармата»). Пародзісты і дагледжаны маскоўскі сабака Чапа рэжысёра не натхніў — а сустрэты на вуліцах Тэлаві бадзяжка-дварняк не толькі адразу трапіў на здымкі, але і прапісаўся ў Маскве ў дырэктара карціны.

Адметнасць «Міміно» — вялікая колькасць забаўных рэплік, якія прыдумаў для свайго персанажа-шафёра Рубена Хачыкяна Фрунзік Мкртчан непасрэдна падчас здымак і на стадыі агучвання. Практычна ўсе яны сталі крылатымі.

Народная любоў да фільма была настолькі вялікай, што за мінулы час яго героям паставілі некалькі помнікаў: у Тбілісі на Аўлабарскай плошчы і ў Арменіі, у курортным Дыліжане — радзіме кіношнага Рубіка. Больш за тое, летась грузінскія бізнесмены цалкам сур'ёзна разглядалі ідэю зняць працяг фільма «Міміно» — падзеі праз 40 гадоў, пра «пацярпелага», які стаў алігархам, і дзяцей герояў першага фільма. На жаль ці на шчасце, да рэалізацыі праекта справа пакуль не дайшла.

І хоць, па ўспамінах Вахтанга Кікабідзэ, з фільма было выразана каля васьмі эпізодаў, у тым ліку цалкам перапісаны фінал, «Міміно» застаецца класікай савецкага кіно і адным з любімых фільмаў мільёнаў гледачоў.

Сказана!

  •  «Дзякуй, я пешшу пастаю».
  •  «Слухай, калі мне будзе прыемна, я так давязу, што табе таксама будзе прыемна!»
  •  «Вы чаму кефір не ясце? Не любіце?»
  • — Лётчык?
  • — Часам. Наогул, я эндакрынолаг.
  • «Валік-джан, я табе адзін разумны рэч скажу, але толькі ты не крыўдуй: ты і яна не дзве пары ў чаравікі...»
  • «Ларысу Іванаўну хачу!»

Загаловак у газеце: «Я табе адзін разумны рэч скажу...»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.