Вы тут

Якія праекты ў галіне анкалогіі рэалізуюцца ў нашай краіне?


Фундаментальныя навуковыя даследаванні ў галіне анкалогіі праводзяць РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, медыцынскія вучэбныя ўстановы, а таксама прыватныя кампаніі, напрыклад СТАА «Націвіта». Праекты ажыццяўляюцца ў галіне прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння. Распрацоўваецца, напрыклад, тэхналогія атрымання і прымянення індывідуальных вакцын супраць анкалагічных захворванняў. Займаецца гэтым адразу некалькі арганізацый, у тым ліку прыватная і замежная кампаніі. Падобныя даследаванні настолькі затратныя, што праводзіць іх у адзіночку не ўяўляецца магчымым. Аб тым, што яшчэ прыцягвае ўвагу айчынных вучоных і ці шмат маладых спецыялістаў уцягваецца ў навуковую дзейнасць, расказваюць удзельнікі круглага стала.


— Наколькі актуальная для Беларусі тэма ўласных навуковых распрацовак для анкалогіі?

Сяр­гей КРАС­НЫ.

Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Сяргей КРАСНЫ:

— У Беларусі назіраецца ўстойлівы рост анкалагічнай захваральнасці — штогод выяўляецца каля 50 тысяч новых выпадкаў злаякасных новаўтварэнняў, і гэта лічба прырастае прыкладна на 1 тысячу ў год.

Такая тэндэнцыя прывядзе да таго, што праз 20 гадоў размова ўжо будзе ісці прыкладна аб 70 тысячах новых выпадкаў у год. Мы павінны быць да гэтага гатовыя, і таму сярод іншых кірункаў дзейнасці асаблівая ўвага ўдзяляецца навуковым даследаванням. Толькі ў нашым цэнтры штогод праводзіцца ад 60 да 70 навуковых праектаў, і ў першую чаргу трэба адзначыць распрацоўку і ўкараненне праграм скрынінгу (абследавання здаровых) злаякасных новаўтварэнняў.

Праграмы скрынінгу ў нашай краіне распрацаваны для пяці лакалізацый злаякасных пухлін, якія ахопліваюць каля 50 працэнтаў усіх выпадкаў пухлін. Іх, вядома, вельмі шмат, і абследаваць усё насельніцтва на ўсе пухліны немагчыма, дый эканамічна неабгрунтавана. Таму мы кажам пра скрынінг раку малочнай залозы, прастаты, шыйкі маткі, каларэктальны рак і рак лёгкага. Пры гэтым для кожнага віду раку вызначаны свае групы рызыкі, акрамя таго, скрынінг рэалізуецца не адразу па ўсёй краіне, а ў межах пілотных праектаў.

У Беларусі ўсяго 300 анколагаў, на якіх прыпадае 50 тысяч новых пацыентаў і 250 тысяч тых, што стаяць на ўліку. Таму калі вас нічога не непакоіць, то проста так ісці да ўрача-анколага не трэба. Іншая рэч, незалежна ад скрынінгу кожная жанчына ва ўзросце пасля 25—30 гадоў павінна раз у год абследавацца ў гінеколага з выкананнем мазка з шыйкі маткі. У найбліжэйшы час для такога даследавання ў кожнай вобласці з'явіцца апарат, здольны забяспечыць патрэбы вобласці ў правядзенні гэтага абследавання паводле новай методыкі — вадкаснай цыталогіі. Рак шыйкі маткі выклікае вірус папіломы чалавека. Інфіцыраванне адбываецца з пачаткам палавога жыцця, а анкалогія развіваецца праз 10—15 гадоў. Вось чаму яшчэ да пачатку палавога жыцця дзяўчынкам 11—12 гадоў рэкамендуецца прайсці вакцынацыю. Яна платная, але гэта стапрацэнтны сродак прафілактыкі. Што да ўсіх іншых катэгорый насельніцтва, то кожны дарослы павінен раз у год выконваць ультрагукавое абследаванне органаў брушной поласці і малога таза, здаваць агульны і біяхімічны аналіз крыві і праходзіць рэнтген лёгкіх.

Злаякасныя пухліны не праяўляюцца на ранніх стадыях ніякімі сімптомамі, а таму нашы намаганні павінны быць скіраваны на абследаванне здаровых людзей. Выяўляючы пухліны ў тых, хто ні на што не скардзіцца, можна дасягнуць вылечвання ў 95—100 працэнтах выпадкаў. Калі мы выяўляем маленькія пухліны, то ўжо не абавязкова выконваць велізарныя, траўматычныя аперацыі і прымяняць вельмі складаныя метады лячэння.

Другі вельмі важны кірунак нашых даследаванняў — распрацоўка малых інвазіўных тэхналогій, бо каля 20 працэнтаў выпадкаў злаякасных пухлін усё роўна выяўляюцца ў запушчанай стадыі. У свеце з'явілася велізарная колькасць вельмі дарагіх сучасных метадаў лячэння і лекавых сродкаў. Сёння мы вызначаем патэнцыяльную адчувальнасць да гэтых складаных лекаў — як да хіміяпрэпаратаў, так і да таргетных (мэтавых), якія ўздзейнічаюць на канкрэтную мутацыю. Вызначэнне патэнцыяльнай адчувальнасці дазваляе прызначаць іх мэтавай групе, а таксама падабраць індывідуальнае лячэнне кожнаму канкрэтнаму пацыенту. І тут не абысціся без малекулярна-генетычных даследаванняў, якія сталі магчымыя ў нас з увядзеннем Рэспубліканскай малекулярна-генетычнай лабараторыі канцэрагенезу і цэнтра пазітронна-эмісійнай тамаграфіі. Такое сучаснае абсталяванне выкарыстоўваецца сёння не толькі для клінічнага прымянення, але і для навуковых даследаванняў. Аднак даследаванні гэтыя вельмі дарагія, неабходна прыцягненне ўсіх магчымых крыніц фінансавання. Тут і дзяржаўны бюджэт, і сродкі самога цэнтра, што зарабляюцца дзякуючы лячэнню і дыягностыцы пацыентаў з іншых краін, і міжнародныя праекты, якія аб'ядноўваюць намаганні некалькіх краін, і прыцягненне прыватных сродкаў. З прыватнай кампаніяй «Націвіта» мы займаемся такім перспектыўным кірункам, як імунатэрапія злаякасных пухлін, стварэнне індывідуальных супрацьпухлінных вакцын.

У межах дзяржпраграм летась у краіне выконвалася каля 120 праектаў медыцынскай накіраванасці. На вырашэнне задач у галіне анкалогіі скіравана каля 40 праектаў. Асноўнай праграмай, дзе ўсе яны прадстаўлены, з'яўляецца Дзяржаўная навукова-тэхнічная праграма «Новыя метады аказання медыцынскай дапамогі».

— На якія распрацоўкі ў галіне анкалогіі звяртаюць сёння ўвагу прыватныя кампаніі?

Аляк­сей СЫ­ЧОЎ.

Старшыня савета дырэктараў СТАА «Націвіта» Аляксей СЫЧОЎ:

— У сферы нашых навуковых інтарэсаў змяненне самога падыходу да лячэння анкалагічных захворванняў. Цяпер людзі едуць на іншы кантынент па дарагое лячэнне. Мы чакаем, што дзякуючы нашым сумесным распрацоўкам такі спосаб лячэння стане даступным у Беларусі.

NаtіVіtа — міжнародная навукова-вытворчая фармацэўтычная кампанія па распрацоўцы і выпуску інавацыйных лекавых сродкаў. Сёння мы ствараем персаніфікаваныя супрацьпухлінныя вакцыны для прафілактыкі і тэрапіі рэцыдываў злаякасных пухлін. Даследаванні скіраваны на распрацоўку тэхналогіі іх атрымання і прымянення вакцын, якія будуць вырабляцца з выкарыстаннем сучасных метадаў біятэхналогій і геннай інжынерыі. Праект рэалізуецца сумесна з навуковым цэнтрам BіоMеd у Славакіі. У праекце ўдзельнічаюць Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі. Сумесна з Віцебскім медуніверсітэтам укараняем тэхналогіі аднаўлення «паламанага» геному ў саматычных пухлінных клетках для спынення пухліннага росту (так званы імунітэт на ўзроўні генаў). Віцебскі медуніверсітэт і ТАА СІВітал працуюць над стварэннем дыягнастычных тэст-сістэм, якія дазволяць хутка правесці дыягностыку пухліннага працэсу з дапамогай перыферычнай крыві, забяспечыць прызначэнне індывідуальных таргетных прэпаратаў і кантраляваць іх эфектыўнасць. Сумесна з Цэнтрам геннай інжынерыі і біятэхналогій (Куба) РНПЦ анкалогіі правядзе клінічныя выпрабаванні стымулюючых імунную сістэму вакцын, скіраваных на лячэнне раку лёгкага, тоўстай і прамой кішкі, печані, яечнікаў і шыйкі маткі, падстраўнікавай залозы.

Любы фармвытворца адчувае дэфіцыт высокакваліфікаваных кадраў. Таму мы самі рыхтуем для сваёй кампаніі ў Віцебску спецыялістаў на курсе біятэхналогій. А пераможцаў алімпіяд па біятэхналогіях прыцягваем да стажыроўкі на прадпрыемствах, якія вырабляюць інавацыйныя прадукты, — у сябе, Расіі і іншых краінах.

— Якія навуковыя праекты рэалізуюцца ў галіне дзіцячай анкалогіі?

Мі­ха­іл БЕ­ЛЕЎ­ЦАЎ.

Намеснік дырэктара па навуцы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі Міхаіл БЕЛЕЎЦАЎ:

— Тут таксама дыягностыка ўсё больш пераходзіць на выяўленне генетычных мутацый, якія суправаджаюць захворванне. Разам з РНПЦ анкалогіі працуем над стварэннем індывідуальных для кожнага пацыента ДНК-вакцын супраць лімфом. Каля 10 пацыентаў ужо атрымалі такую тэрапію, эфектыўнасць яе пацвярджаецца. Генна-інжынерная вакцына пры нейрабластоме праходзіць выпрабаванне на жывёлах, і праз год-два мы плануем прымяняць тэхналогію ў групах высокай рызыкі. Распрацоўваецца праект па генна-інжынернай тэрапіі для самых цяжкіх пацыентаў з лейкозам. У стадыі рэалізацыі знаходзіцца распрацоўка генна-інжынерных тэхналогій клетак, якія змогуць актывізаваць клеткі, што адказваюць за наш супрацьпухлінны імунітэт. Наша задача — нарасціць іх колькасць і ўвесці пацыенту. Працуем і над тым, каб выяўляць і выдаляць рэшткі пухлінных клетак, якія могуць даць рэцыдыў. У стадыі падрыхтоўкі — праграма Саюзнай дзяржавы пад агульнай назвай «Інавацыйныя метады рэабілітацыі дзяцей пасля анкалагічных захворванняў».

У апошнія 2—3 гады да нас прыйшло даволі шмат маладых вучоных — біёлагаў і медыкаў. Біёлагаў запрашаем яшчэ з ліку студэнтаў, прапануем застацца — умовы работы ў нас нядрэнныя. А вось у супрацоўніцтве з прыватнымі кампаніямі ёсць цяжкасці. Нам хацелася б, каб гэта было больш актыўна, для чаго патрабуецца рэгулюючая заканадаўчая база. Некалькі даследаванняў, праведзеных з удзелам прыватных кампаній, паказалі добрыя вынікі.

— Якія веды атрымліваюць сёння студэнты-медыкі, і ці шмат іх займаецца навуковай дзейнасцю?

Аляк­сандр ПРО­ХА­РАЎ.

Загадчык кафедры анкалогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Аляксандр ПРОХАРАЎ:

— На кафедры анкалогіі навучаюцца студэнты 5-га і 6-га курсаў лячэбнага і педыятрычнага факультэтаў. Яшчэ 10 гадоў таму гэты курс быў малы, аднак з улікам таго, якую праблему пачала ўяўляць анкалагічная захваральнасць, колькасць гадзін і выкладчыкаў была павялічана. Хоць і гэтага недастаткова. Бо сёння анколаг павінен ведаць тэрапію, элементы хірургіі, радыялогіі — валодаць шырокімі ведамі... Навуковая студэнцкая суполка нашай кафедры — гэта дзесьці каля 25 чалавек, з якіх сур'ёзна падыходзяць да напісання навуковай работы чалавек 5—10. Глабальных даследаванняў з удзелам студэнтаў, мякка кажучы, малавата. Таму што медыцынскія ВНУ — гэта ўстановы адукацыі, у якіх недастаткова фінансавых сродкаў для правядзення навуковай работы. На штогадовых навуковых канферэнцыях студэнты і маладыя вучоныя агучваюць свае работы ў выглядзе дакладаў, пасля чаго яны падаюцца на рэспубліканскі студэнцкі навуковы конкурс. Звычайна да такой дзейнасці іх стымулюе размеркаванне, якое адбываецца паводле рэйтынга. Вышэйшы рэйтынг, а сюды ўваходзіць і падрыхтоўка навуковай работы, — прэстыжнейшыя спецыяльнасці, на якія можна прэтэндаваць. Аднак пасля размеркавання большасць адыходзіць ад навукі.

Глабальных міжнародных праектаў сёння ў нас няма. Пасля аварыі на ЧАЭС у нас сапраўды былі міжнародныя праекты, у прыватнасці, з японскімі калегамі па раку шчытападобнай залозы. Сёння мы імкнёмся цесна кантактаваць з РНПЦ анкалогіі, дзе ёсць выдатная тэхналагічная база, неабходная для сур'ёзных даследаванняў. У нас тут два дзеючыя праекты і адзін на перспектыву. Асноўны іх кірунак — імунатэрапія.

Аляк­сандр ЖУ­КА­ВЕЦ.

Загадчык кафедры анкалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Аляксандр ЖУКАВЕЦ:

— Наша кафедра забяспечвае адукацыю тым, хто ўжо мае медыцынскую адукацыю і вырашыў звязаць сваё жыццё з такім кірункам, як анкалогія. Тут ёсць тры асноўныя спецыялізацыі — прамянёвая тэрапія, анкахірургія і хіміятэрапія. Ёсць, акрамя гэтага, курсы ўдасканалення кваліфікацыі для дзеючых анколагаў. Навучанне такога кшталту неабходна, бо не кожны ўрач можа сам разабрацца ў той велізарнай колькасці інфармацыі, якая з'яўляецца сёння па гэтай тэме. Уся неабходная інфармацыя сканцэнтравана, вядома, у нацыянальных пратаколах дыягностыкі і лячэння пацыентаў, але ўрач павінен усё рабіць свядома, а не проста паўтараць алгарытм дзеянняў. Лячэнне хоць і адбываецца па стандартах, але яно ўсё роўна заўсёды індывідуальнае. Задача кафедры — растлумачыць, якія методыкі ёсць, што і калі трэба выкарыстоўваць. Акрамя таго, у навучанне ўведзены спецыяльныя цыклы па скрынінгу, ранняй дыягностыцы злаякасных новаўтварэнняў, большая частка слухачоў на якіх — не анколагі, а ўрачы іншых спецыяльнасцяў. Кафедра прымае ўдзел і ў навуковых распрацоўках па органазахавальнай методыцы ў пацыентаў з раннім ракам малочнай залозы і методыцы прамянёвай тэрапіі ў пацыентаў са злаякаснымі новаўтварэннямі скуры. 13 чалавек праходзяць у нас зараз клінічную ардынатуру.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Знайсці і абясшкодзіць

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».