Вы тут

Журналіста падрыхтаваць даражэй, чым філолага?


Беларускія ВНУ агучылі кошт навучання для першакурснікаў на 2017/2018 навучальны год.


У Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце год навучання на спецыяльнасцях «лячэбная справа», «педыятрыя» і «фармацыя» будзе каштаваць для беларусаў 2200 рублёў. Падрыхтоўка фармацэўтаў на завочнай форме навучання значна таннейшая — усяго 880 рублёў. А самае дарагое «задавальненне» — падрыхтоўка будучых стаматолагаў (2570 рублёў).

Але для замежных студэнтаў кошты ў БДМУ зусім іншыя — 4 тысячы долараў за год незалежна ад спецыяльнасці. А пры ўмове навучання на англійскай мове (а такая магчымасць таксама ёсць) ім давядзецца заплаціць яшчэ больш — ад 4900 да 5500 долараў.

Між іншым, калі яшчэ колькі гадоў таму медыцынская адукацыя лічылася ў нас адной з самых дарагіх, то сёння па цэнах лідзіруюць востразапатрабаваныя ў моладзі спецыяльнасці Белдзяржуніверсітэта і БДУІР. Насамрэч, ну хто з выпускнікоў не марыць пра кар'еру дыпламата ці спецыяліста ў буйной ІТ-кампаніі з добрым заробкам? Але за ажыццяўленне мары давядзецца заплаціць кругленькую суму, прычым гэта яшчэ зусім не гарантыя таго, што кар'ера потым складзецца так, як уяўлялася.

Напрыклад, у БДУ кошт навучання на факультэце міжнародных адносін вагаецца ад 2765 да 2851 рубля ў залежнасці ад спецыяльнасці, на юрыдычным факультэце — ад 2593 да 2851 рубля, на эканамічным складае 2765 рублёў. Дзіўна, але і ў Інстытуце журналістыкі цэны зашкальваюць: год навучання на спецыяльнасці «журналістыка» па ўсіх напрамках (акрамя аўдыявізуальнай) ацэнены ў 2593 рублі, на міжнароднай і аўдыявізуальнай журналістыцы — у 2708 рублёў. Атрымліваецца, што падрыхтаваць урача цяпер танней, чым майстра слова?

Пры гэтым кошт падрыхтоўкі на філалагічным факультэце на спецыяльнасцях «беларуская філалогія» і «руская філалогія» — самы нізкі ў БДУ (2030 рублёў). Відавочна, што попыт з боку абітурыентаў моцна ўплывае на «цэннікі» на адукацыю...

Самы папулярны сярод абітурыентаў БДУІР — факультэт камп'ютарных сістэм і сетак. Тут за год навучання давядзецца заплаціць 2750 рублёў. Для ўсіх спецыяльнасцяў факультэта камп'ютарнага праектавання, факультэта радыётэхнікі і электронікі і факультэта тэлекамунікацый кошт складзе 2255 рублёў, для факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання, інжынерна-эканамічнага факультэта — 2530 рублёў.

У БНТУ самае дарагое навучанне на архітэктурным факультэце — 2797 рублёў за год, а самае таннае — на спецыяльнасцях спартыўна-тэхнічнага, інжынерна-педагагічнага факультэтаў і асобных спецыяльнасцях прыборабудаўнічага і будаўнічага факультэтаў — 2429 рублёў.

Падаражэла навучанне і ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. З верасня платнікі на першым курсе на дзённым аддзяленні будуць аддаваць 2210 рублёў у год. Іх папярэднікі ў мінулым годзе плацілі 2018 рублёў.

У Міністэрстве адукацыі тлумачаць: кошт навучання залежыць ад тарыфнай стаўкі першага разраду для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый, а таксама тарыфаў на паслугі (работы, тавары) для юрыдычных асоб, у тым ліку на камунальныя паслугі, паслугі сувязі і іншыя.

Вышэйшую адукацыю на ўмовах аплаты ў Беларусі атрымліваюць прыкладна палова ад агульнай колькасці студэнтаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?