Вы тут

Учора адбылося ўрачыстае адкрыццё «Славянскага базару ў Віцебску»


Учора, 13 ліпеня, адбылося ўрачыстае адкрыццё ХХVІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». У якасці ганаровых гасцей былі запрошаны Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон, прадстаўнікі афіцыйных дэлегацый краін і рэгіёнаў Расіі, удзельнікі XІX Сусветнага кангрэса рускай прэсы.


Віцэ-прэм'ер Васіль ЖАРКО, старшыня арганізацыйнага камітэта фестывалю, канстатаваў, што, дзякуючы беларускаму Прэзідэнту, «Славянскі базар» ператварыўся ў сусветны культурны форум з ахопам удзельнікаў практычна з усіх кантынентаў. На ім выступаюць самыя вядомыя зоркі мастацтваў.

— Аўтарытэт фестывалю павялічваецца. Гэта сведчыць аб паслядоўнай дзяржаўнай палітыцы ў галіне культуры, — адзначыў ён.

Паралельна ўзрастае самаакупнасць фэсту. Летась яна склала 86%. І сёлета, па папярэдніх прагнозах, будзе вышэйшая.

Аляксандр СІДАРЭНКА, кіраўнік дырэкцыі «Славянскага базару», падкрэсліў, што ўсё больш купляюць білетаў. Просьбы, заўвагі гледачоў і журналістаў улічваюцца пры фарміраванні праграмы на наступны фестываль.

Сёння ўвечары адбудзецца паўфінал конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні.

Намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ паведаміў што, дзякуючы прадстаўнікам СМІ, якія бяруць удзел у Сусветным кангрэсе рускай прэсы, колькасць журналістаў на фестывалі павялічыцца на пару сотняў. Да таго як наведаць Віцебск, удзельнікі кангрэса пабывалі ў «калысцы гарадоў беларускіх» — старажытным Полацку.

Творчасць самых актыўных прадстаўнікоў «чацвёртай улады» штогод адзначаецца на фестывалі ўручэннем падзяк ад Міністэрства інфармацыі і дырэкцыі фэсту. Сёлета сярод лаўрэатаў і рэдакцыя «ЛіМ», выдання Выдавецкага дома «Звязда». Віншуем калег!

Галоўную ўзнагароду ад дырэкцыі — «Залатое пяро» — атрымала супрацоўніца газеты «Маскоўскі камсамолец» Таццяна Фядоткіна. Яна — аўтар больш як 100 публікацый, прысвечаных «Славянскаму базару».

На вуліцах правіць баль фестываль вулічнага мастацтва «На сямі вятрах».

У суботу адбудзецца пасяджэнне савета дырэктараў Сусветнай асацыяцыі фестываляў. У эпіцэнтры ўвагі — Дзень моладзі.

Перамога беларускі!

Юная прадстаўніца Беларусі Маша Магільная на музычным конкурсе «Славянскага базару» стала ўладальніцай Гран-пры (5 тысяч долараў). Прыемную навіну агучылі ўчора на гала-канцэрце дзіцячага творчага спаборніцтва.

Прадстаўнік Арменіі заслужыў І прэмію (3 тысячы долараў).

ІІ прэмію (2 тысячы долараў) падзялілі паміж канкурсантамі з Балгарыі і Казахстана.

А ІІІ прэмію (1 тысячу долараў) — паміж талентамі з Расіі і Македоніі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Культурны форум сусветнага маштабу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.