Вы тут

#Люблю Купалу


Хто быў у Вязынцы, той памятае яе прасторы ды прыцягальнасць некранутай прыгажосці. На юбілей да Купалы наваколле ўпрыгожылі адмысловымі фотазонамі — альтанкамі ў кветках, агромністымі вянкамі, партрэтамі Песняра. На свае вочы бачыла, з якой радасцю і шчырасцю госці фатаграфаваліся на радзіме Янкі Купалы. Адчувалася еднасць, згуртаванасць ды сяброўства. Выпадковых людзей тут не было. Была грамада. Купалаўская. Як у вершах паэта. У Вязынцы адсвяткавалі 135-гадовы юбілей Народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. На малой радзіме класіка было шматлюдна і весела. Людзі прыязджалі на машынах і электрычках, выходзілі з вагонаў і дружна ішлі ў бок Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка, спявалі песні, цытавалі вершы паэта. Завіталі і замежныя госці з Украіны, Расіі, Літвы... Прыехаў Павел Латушка, пасол Беларусі ў Францыі, пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры ЮНЕСКА.


Партрэт Янкі Купалы, падораны Сяргеем Кандыбовічам Дзяржаўнаму літаратурнаму музею імя Янкі Купалы.

— Сёння творчасць Янкі Купалы — духоўны стрыжань сучаснай беларускай дзяржаўнасці, беларускага патрыятызму, разумення таго, што мы — нацыя. Дзякуючы творчасці Янкі Купалы, дзякуючы яго спадчыне існуе і развіваецца незалежная Беларусь, — паразважаў Павел Латушка. Якое ж свята без паэзіі і жывога беларускага слова! Віктар Шніп, Міхась Башлакоў, Алена Стэльмах ды іншыя аўтары прачыталі свае творы, прысвечаныя Янку Купалу. У песнях прагучала Купалава паэзія ў выкананні беларускага Дзяржаўнага ансамбля «Песняры», салісткі беларускай Дзяржаўнай філармоніі Марыны Васілеўскай, фальклорна-этнаграфічнага ансамбля «Неруш», вакальнага народнага ансамбля «Асалода» з Маладзечанскага раёна.

Назіраючы за святкаваннем, задумалася, а ці стаў Купала помнікам? Да яго прынеслі шмат кветак, паклалі іх да ног паэта як сімвал памяці і неўміручасці Асобы. Калі наблізіцца да помніка і стаць да яго спінай, можна ўбачыць на свае вочы далягляд, які сузірае маўклівы, але са шчырай усмешкай, Пясняр. Я ўбачыла радасных людзей, яны танчаць і спяваюць песні. Жанчыны і дзеці вышываюць крыжыкам першыя літары сваіх імёнаў на калектыўным рушніку. Пасля даведалася, што гэта — на шчасце. Гандляры прапаноўваюць набыць кнігі на роднай мове, плеценыя з лазы кошыкі; посуд з гліны і парцэляны, распісаны адмыслоўцамі. Наваколле напоўненае гукамі лета. І Купала жывы, неўміручы, дарагі наш Пясняр! Ён, гаспадар Вязынкі, запрасіў нас да сябе на свята. Думаю, яно не аднадзённае, а штодзённае. Бо словы Янкі Купалы, яго запаветы, якія пакінуў сваім нашчадкам-беларусам, гучаць праз дзесяцігоддзі і цяпер з вуснаў акадэмікаў, даследчыкаў, настаўнікаў, выкладчыкаў, паэтаў, музыкаў, супрацоўнікаў музеяў, журналістаў...

Купалу шануюць. Не толькі ў дзень яго нараджэння. Ад пачатку года ў Дзяржаўным літаратурным музеі імя Янкі Купалы прайшло шмат мерапрыемстваў, прымеркаваных да юбілею паэта, але ж шмат цікавага і пазнавальнага чакае і надалей. Варта вылучыць міжнародны выставачны праект «Янка Купала ў дыялогу культур», які прадстаўляе музейныя прадметы з фондавых калекцый Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Дакументальныя памяткі пра асабістыя стасункі Песняра з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі розных народаў ужо пабачылі ў Польшчы, Украіне і Грузіі.

— Ужо 73 гады існуе Дзяржаўны літаратурны музей, які не толькі зберагае спадчыну паэта, але і далучае да яе многія пакаленні беларусаў. Нягледзячы на тое, што Янка Купала аддаляецца ад нас з кожным годам усё болей і болей, мы захоўваем памяць пра паэта. Юбілей Янкі Купалы адзначаюць і за межамі Беларусі. Напрыклад, у Львоўскім гістарычным музеі экспанаваўся выставачны праект «Будзь ЯК». У абрэвіятуры «ЯК» зашыфравана імя і прозвішча нашага народнага паэта. У Славакіі ў найбліжэйшы час плануецца ўсталяваць ажно чатыры мемарыяльныя дошкі ў гонар Янкі Купалы. Упершыню ў гісторыі сусветнай культуры імя нацыянальнага паэта будзе так маштабна ўшанавана ў іншай краіне. Лідскі піўзавод гатовы выдаткаваць грошы на мемарыяльную дошку ў гонар Янкі Купалы, якую ўсталююць каля фінскага вадаспаду Іматра. Купала наведаў яго ў 1910 годзе і прысвяціў гэтым мясцінам свой верш «Над Іматрай», — распавяла Алена Ляшковіч, дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы. Свайго песняра памятаюць і беларусы замежжа. Грамадская арганізацыя «Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Расіі”» пад кіраўніцтвам Сяргея Кандыбовіча выкупіла на аўкцыёне ўнікальны партрэт Песняра і падарыла Дзяржаўнаму літаратурнаму музею імя Янкі Купалы ў Мінску.

— Сіламі нашай нацыянальна-культурнай аўтаноміі мы імкнёмся рабіць унёсак у адраджэнне і развіццё розных аспектаў культуры беларусаў. Дагэтуль невядомы партрэт Янкі Купалы мы набылі летась у складзе лота ў Аўкцыённым доме ў Маскве. На вялікае шчасце і радасць, у ліку іншых гравюр мастака Івана Паўлава знайшоўся і партрэт Купалы 1931 года, — расказаў Сяргей Кандыбовіч. — Гравюра нашага класіка ўваходзіць у калекцыю з дванаццаці іншых работ, якія таксама цяпер захоўваюцца ў мінскім музеі як падарунак ад беларусаў Расіі. Купала натхняе. Натхняе на стварэнне твораў не толькі літаратурных, але і мастацкіх. Каля кірмашу рамёстваў, сярод дрэў і зеляніны, убачыла рукатворны цуд — карціны, вышытыя змешанай тэхнікай. Прымацаваныя на вяроўку, яны віселі ў прасторы нібыта дыванкі. У работах з лёгкасцю можна пазнаць мясцовыя краявіды. Ніна Афінагенаўна Галаўкова, 78-гадовая жыхарка Вязынкі, ужо больш за дваццаць год стварае каляровыя шэдэўры, натхняючыся Купалавымі мясцінамі.

Пахадзіўшы, знайшла яшчэ аднаго творцу — мастака Андрэя Храмелю. Мужчына прывёз на кірмаш свае магніцікі, зробленыя з бярозавай кары і адмыслова размаляваныя беларускімі пейзажамі. Спадар Андрэй расказаў, што яго натхняе нязменная, нібыта застылая ў часе, прастора Вязынкі.

— Калі аглядаеш наваколле, з’яўляецца адчуванне, нібыта знаходзішся ў запаведных, некранутых мясцінах. Галоўнае, што прымушае вяртацца ў Вязынку, — атмасфера тутэйшых мясцін. Яны нібыта жывыя, — расказаў Андрэй Храмеля.

Купала аб’ядноўвае розныя пакаленні, нагадваючы пра сямейныя каштоўнасці. Мусіць, невыпадкова сустрэлася з Марыяй Голубевай, былой выкладчыцай Маладзечанскай гімназіі. Жанчына прыйшла на штогадовае свята Купалы з мужам, дарослай дачкой і малымі ўнукамі. На памяці спадарыні Марыі 40 такіх святаў!

Купалу любяць. Любяць яго мясціны, вяртаючыся ў Вязынку на Гуканне вясны і Купалле, на свята нараджэння Песняра і на Багач. Віктар Шніп меў рацыю, калі напісаў, што «ўсе беларускія дарогі вядуць у Вязынку як у нашу Мекку».

Словы любові, як і словы падзякі, варта агучваць, каб не зачарсцвець душою. Але столькі ўжо было сказана! Не толькі паэту-юбіляру і яго зямлі, але і небу. У гонар 135-годдзя народнага паэта Беларусі Янкі Купалы ў паветра над Вязынкай запусцілі 135 паветраных шароў з хэштэгам «Люблю Купалу». Уявіце: наша прызнанне лунае над дрэвамі, а Купала глядзіць і ўсміхаецца. Бо ён жывы. Паэт побач з намі. Штодня.

Марына ЯЎСЕЙЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?