Вы тут

Перыфраз сучаснасці


Як бы часта ні вялася гаворка пра тое, што кніг сёння ніхто не чытае, літаратараў ад гэтага меней за апошнія сто гадоў не стала. Фэйсбук не можа замяніць усю прастору мастацкіх тэкстаў, хоць, як паказвае практыка, допісы ў сацсетках таксама могуць быць сабраныя ў адну кнігу і стаць цікавым творам. Літаратурны рух змяняе формы і ўмовы існавання, але працягвае развівацца. Пісьменнікі множаць словы і сэнсы. Прафесар філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Іван Штэйнер, які апошнім часам выступае і як аўтар мастацкіх твораў, спрабуе данесці да чытачоў іншую думку: усё ўжо напісана, сюжэтныя магчымасці літаратуры вычарпаныя. А калі нехта і знаходзіць у творы сучаснага пісьменніка нешта новае, то толькі таму, што ён дрэнна абазнаны ў літаратурных здабытках папярэднікаў.


 Менавіта такі падыход да ацэнкі стану і перспектыў прыгожага пісьменства варта мець на ўвазе пры чытанні філасофска-эратычнага рамана «Мая адзінота пачынаецца ў тваіх абдоймах» (пад псеўданімам Ульян Дэзідэрый, 2014) і смяхотнай штукі «Кот-ваявода» (2015) Івана Штэйнера. Сапраўды, калі разглядаць гэтыя кнігі, не ўлічваючы іранічнага, а часам і саркастычнага стаўлення аўтара да працэсу і выніку літаратурнай творчасці ў сённяшнім свеце, то яны застануцца незразумелымі. У абедзвюх кнігах багата цытат на лацінскай мове: выказванні старажытных філосафаў займаюць ледзь не палову тэксту. У гэтым няма адкрыцця, прыведзеныя крылатыя выслоўі вядомыя філалагічнай публіцы. Аднак у гэтай відавочнай адсутнасці сэнсу акурат і крыецца аўтарская задума: паказаць, што мы не можам прамовіць нічога новага, каб не паўтарыць некага, любая глыбокая і арыгінальная думка, вобраз, метафара, параўнанне ўжо даўно агучаныя. І тое, што мы пра гэта не ведаем праз сваю недасведчанасць, не робіць нам гонару.

Смяхотная штука «Кот-ваявода» распачынаецца як сюжэт сучаснай «папсовай» камедыі: два зяці (Зяць-1 і Зяць-2), мужы родных сясцёр, даведваюцца, што цешча перад сконам атрымала багатую спадчыну, якую раздзяліла паміж сямейнікамі так, што… багацеем аказаўся акурат улюбёны кот Максім. Абураныя мужчыны спрабуюць аднавіць справядлівасць (то-бок прыўлашчыць спадчыну), а для гэтага трэба «аформіць» ката як юрыдычную асобу. Распачынаецца няпростая праца: кату спраўляюць пасведчанне аб нараджэнні, школьны атэстат, дамаўляюцца аб залічэнні яго студэнтам філіяла Лонданска-Маскоўскага прыватнага інстытута бізнесу і турызму, спрабуюць ажаніць, ствараюць медыцынскую картку, робяць пасведчанне кіроўцы, залічваюць сябрам партыі «Маладэмакратычны малаліберальны рух» (для маладых партыйцаў — «Мэтанакіраваны моладзевы рух»), нарэшце — сябрам пісьменніцкага саюза. І наладжваюць міжнародную навуковую канферэнцыю «Кот і чалавек: праблемы і перспектывы ўзаемадзеяння».

«За дзень Максім стаў сябрам таварыства ратавання на вадзе, ганаровым донарам, салістам хору ветэранаў працы, сябрам саюза мастакоў і тэатральных крытыкаў, ганаровым членам таварыства «Тавіз» (таварыства аматараў выпіць і закусіць). На тэлебачанні быў запланаваны цыкл перадач пра ката і ягоную выключную ролю ў грамадстве… Разам з таварыствам аховы прыроды, куды ўступіў Максім, усе выязджалі на паляванне». Гучыць абсурдна. І калі ўспрымаць сюжэт і аўтарскую задуму толькі на знешнім фармальным узроўні, то можна ператварыцца ў аднаго з герояў «смяхотнай штукі». Задума Івана Штэйнера, падаецца, — менавіта ў іранічным адлюстраванні звыклых рэчаў. Кожны этап надання кату Максіму статусу юрыдычнай асобы, праз які праходзяць Зяць-1 і Зяць-2, дазваляе аўтару прадэманстраваць глабальную ступень прафанацыі першасных сэнсаў.

 Вядома, І. Штэйнер знаёмы з многімі праявамі жыцця, але найбольш ярка іранічнае падсвятленне выявілася ў грамадскіх сферах, найбліжэйшых прафесійнай дзейнасці аўтара: адукацыя, культура, навука. Чаго варты раздзел «Populas me sibilat, at mihi plaudo — Народ мяне асвістае, але я сам сабе пляскаю ў ладкі»! Такой канцэнтрацыі іроніі ў апісанні жыцця рэгіянальнага аддзялення саюза пісьменнікаў, бадай, не сустрэнеш больш нідзе. Вядома, зразумелае гэта ўсё будзе толькі літаратурнаму асяроддзю, а далёка не ўсім падабаюцца адбіткі ў люстэрку. Таму, бясспрэчна, многім пісьменнікам карціна падасца непраўдзівай. Аднак І. Штэйнер не выкрывае, а толькі прапаноўвае пасмяцца ад душы — з усяго, што здаецца нам такім важным, што засціць радасць і сэнс жыцця: «Сакратар зараз знаходзіўся пад уплывам натхнення, яго раптоўна наведала Муза. Ён, звычайны вясковы хлопец, скончыў філфак, аднак не захацеў вяртацца ў палескую вёску, ігнаруючы школу і долю Лабановіча. Як вядома, усе пісьменнікі нараджаюцца на перыферыі, а паміраюць у сталіцы».

Тое ж датычыцца і апісання канферэнцыі, змест якой ахарактарызаваны як праслухоўванне «ўзнёслай лухты». Як часта ў якасці навуковых праблем, вартых даследавання, агучваюцца сёння неверагодныя па сваёй псеўданавуковай скіраванасці тэмы. Вядома, доктару філалагічных навук, прафесару, загадчыку кафедры сотні разоў даводзілася прысутнічаць на канферэнцыях, частка дакладаў якіх распачыналася менавіта так: «Мы імкнёмся паказаць вобраз Ката, гэтай паэтычнай і загадкавай істоты, амбівалентна, бо ў ёй спалучаны, арганічна і непадзельна, вялікі гуманістычны пачатак».

Цалкам адрозны ў тэматычным сэнсе, хоць у такім жа цытатна-іранічным стылі — філасофска- эратычны раман «Мая адзінота пачынаецца ў тваіх абдоймах». Нягледзячы на знешнюю зухаватасць, у творы многа пранізліва шчырага, шчымлівага. Гэты раман, паводле прызнання аўтара, — «спроба цэнтона» (цэнтон — твор, цалкам складзены з цытатаў з ужо вя- домых мастацкіх тэкстаў). Іван Штэйнер перакананы, што немагчыма застацца арыгінальным, калі да цябе літаратура існавала тысячы гадоў, і рабіць выгляд, што ты адкрываеш нейкія ісціны — неймавернае глупства. Іван Штэйнер паслядоўна выкарыстоўвае «запаветы» Эклезіяста (няма і не будзе нічога новага пад сонцам) і Іосіфа Бродскага (паэт мусіць красці направа і налева і пры гэтым не мець згрызот сумлення).

Відаць, пры разглядзе цэнтонаў немагчыма абысціся без цытат, гэтыя тэксты — суцэльны перыфраз, ілюстрацыя да вывучэння інтэртэкстуальнасці. Аднак хоць у самой тэме кахання паміж сталым мужчынам і маладой дзяўчынай нічога новага, вядома, няма, аднак заўсёды застаецца прастора асабістага ўспрымання і кантэксту сучаснасці. За разгорнутым цытаваннем старажытных філосафаў чытачу ўсё адно бачыцца гісторыя, якая магла адбыцца толькі аднойчы ў пэўным месцы з пэўнымі людзьмі, то-бок не магла быць паўторанай, як немагчыма стварыць дакладную копію нейкага чалавека з тоесным наборам знешніх і ўнутраных характарыстык..

Апелюючы да мастацкіх здабыткаў сусветнай культуры, Іван Штэйнер падкрэслівае, што «мы — грамадзяне Еўропы, і яе культурная спадчына нашая на законных падставах». Такім чынам, Іван Штэйнер у сваіх цэнтонах прапаноўвае не новыя тэмы, але іншыя кірункі развіцця мастацкай літаратуры. Вядома, шмат хто будзе аспрэчваць меркаванне пра немагчымасць стварыць нешта новае, арыгінальнае, адметнае. Аднак і ў гэтых заканамерных пярэчаннях таксама няма нічога арыгінальнага.

Жана КАПУСТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.