Вы тут

Нам буры не страшны...


Працую над успамінамі партызанскага камандзіра 1-й Беларускай кавалерыйскай брыгады Дзмітрыя Анісімавіча Дзенісенкі, больш вядомага сярод партызан як смелы атаман Міцька.


У поле майго зроку нечакана трапіла аматарская паэма мясцовай дзяўчыны-партызанкі Любы Перавоз. Называецца твор «Мая шчырая думка пра таварыша камандзіра Міцьку». Вершы напісаны адным вераснёўскім днём 1943 года ў вёсцы Пагарэлка, што ў Карэліцкім раёне. У паэме — 24 чатырохрадкоўі.

Расшыфроўваючы словы, прыйшла да высновы, што ў партызанскай друкаванай машынцы адсутнічала беларуская літара «і». Але не толькі з-за гэтай прычыны не ўсе словы зразумелыя. Сярод тых, якія ўдалося расшыфраваць, шмат русізмаў. Галоўнае, што падкупляе, напісана шчыра, з пачуццём, ёсць мастацкі вобраз партызана — Сокал. Адчуваецца, юная партызанка, медсястра Люба Перавоз, валодала паэтычным густам, рытмам, тэхнікай вершаскладання. Пераканайцеся самі.

1. Хоць цёмныя хмары павіслі над намі

І буры так часта бушуюць у нас,

Нам буры не страшны,

бо мы ўсе ...

Што пройдуць і сонца засвеціць для нас.

4. Ды колькі разоў намагаўся ўжо вораг,

Каб Сокалу быстры палёт устрымаць,

Каб вырваць з грудзей яго пылкае сэрца,

І вольныя крылы яго паламаць.

16. За гэта вораг над намі памсціўся,

І страшныя меры над намі прыняў,

Спаліў нашы сем'і, спаліў нашы вёскі,

Кароўкі і хлеб наш ад нас ён адняў.

17. Но гэтым ён нас не ўстрашыў, а толькі

У грудзях нашых помсты агонь распаліў,

І мсціцца да смерці за родныя сем'і

У душы не адзін з нас прысягу злажыў.

23. Ты дальняга ўсходу цудоўная кветка,

прынесена страшнай бурай вясны,

Ты ў бурах не згінуў, у нашых абшарах расцвіў,

Як сірэнь з прыходам вясны.

Цікава, як далей склаўся лёс гэтай дзяўчыны? Са слоў жыхаркі вёскі Ярэмічы, вясковай настаўніцы Ганны Уладзіміраўны Бандарык вядома, што пасля «партызанкі» Люба Перавоз была прызвана ў дзеючую армію. Перамогу сустрэла ў Берліне. Пасля вайны вучылася на курсах медсясцёр, выйшла замуж і з'ехала ў Днепрапятроўск. На гэтым яе сляды губляюцца.

Арыгінал вершаў — два пажоўклыя ад часу аркушы, унізе першага друкаванымі літарамі пазначана: «Працяг на адвароце!» — захоўваецца ў Навагрудскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Але і яго супрацоўнікам невядома пра пасляваенны лёс дзяўчыны.

Магчыма, хтосьці з чытачоў «Звязды» калі не быў знаёмы з Любай Перавоз з вёскі Пагарэлка Карэліцкага раёна, дык хоць нешта чуў пра яе. Або, прачытаўшы гэтыя няхітрыя чатырохрадкоўі, нешта прыгадаў? Будзем удзячны, калі знойдуцца яе сваякі, таварышы — і новыя звесткі дапоўняць адну з тысяч невядомых партызанскіх біяграфій.

Ірына ШАТЫРОНАК,

г. Гродна

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.