Вы тут

«Звязда» — гэта ўжо пажыццёва...»


Тры з невялічкім тыдні застаецца да стагадовага юбілею найстарэйшай беларускай газеты. Напярэдадні яго, бліжэй да 9 жніўня, ну, вядома ж, трэ будзе, спыніцца і азірнуцца — на пройдзены шлях, на тое, што ўдалося і не ўдалося зрабіць, падвесці вынікі, падзякаваць усім, хто шчыраваў тут раней, хто выпісваў, і, нягледзячы ні на што, працягвае выпісваць адзіную беларускамоўную...

Але ж, каб зрабіць вось гэта, апошняе, то-бок, каб падзякаваць чытачам, ёсць падставы і зараз. Ну, па-першае, завяршылася чарговая падпісная кампанія, па-другое, у сценах рэдакцыі адбыўся чарговы розыгрыш прызоў.


Лёс іх, як заўжды, вырашалі госці — адданы падпісчык і, можна сказаць, адзін з улюбёных аўтараў газеты, дацэнт Белдзяржуніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Іван Іванавіч Астроўскі і кінааператар студыі «Летапіс» кінастудыі «Беларусьфільм» Георгій Георгіевіч Каралёнак. Яны ж, госці, мелі магчымасць пераканацца, што ўсе дасланыя карткі ў рэдакцыі зарэгістраваны, размеркаваны па абласцях, а галоўнае, што ўсе яны, так бы мовіць, «прайшлі» праз чароўны звяздоўскі капялюш, з якога трэ было выцягнуць шчаслівыя.

Гэту ганаровую місію «Звязда» па традыцыі давярае гасцям. Такім чынам Мангал Fоrеstеr выйгралі:

  • Мікалай Паўлавіч Юруць, г. Ляхавічы, Брэсцкая вобласць;
  • Ганна Чаславаўна Сугакова, г. Наваполацк, Віцебская вобласць;
  • Андрэй Фёдаравіч Дубадзелаў, в. Леніна, Добрушскі раён, Гомельская вобласць;
  • Ірына Іванаўна Кротава, г. Карэлічы, Гродзенская вобласць;
  • Уладзімір Іванавіч Таненя, п. Жылічы, Кіраўскі раён, Магілёўская вобласць;
  • Станіслаў Антонавіч Жыбуль, в. Плашава, Дзяржынскі раён, Мінская вобласць;
  • Таццяна Уладзіміраўна Гаральчук, г. Мінск.

Суперпрыз — набор садовай мэблі выйграў Васіль Мікітавіч Пяшэвіч, в. Юркевічы, Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласць.

Віншуем шчасліўчыкаў! І вельмі рады, што гэтым разам сярод іх не проста адданыя падпісчыкі, але і сапраўдныя сябры нашай газеты — любімыя аўтары. Ну, у прыватнасці, у рубрыку «Алё, народ на провадзе!» не раз дасылалі свае праўдзівыя гісторыі сужэнцы Гаральчукі, спадары Васіль Пяшэвіч і Мікалай Юруць...

Знаёмае чытачам і прозвішча Дубадзелавых з вёскі Леніна. Праўда, пісаў нам не Андрэй Фёдаравіч, а Дзіна Канстанцінаўна...

Прыемна было даведацца, што гэта — адна сям'я, што ў вёску Леніна яна перасялілася пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС з Веткаўшчыны — з новага дома, які сужэнцы (двое сірот) да апошняга цвічка будавалі самі, сваімі рукамі (а пахавалі яго, разам з вёскай, чужымі...); што са «Звяздой» сябруюць вельмі даўно, і што яна прыходзіць да іх... праўдай.

— Выпісвалі мы некалі газету «Правда», — прыгадала Дзіна Канстанцінаўна. — Але ж на пачатку 90-х адмовіліся — перайшлі на «Звязду». І гэта, відаць, ужо пажыццёва. Падабаецца газета за родную мову, за «Крынічку» і «Жырандолю», за «Краіну здароўя», «Ігуменскі тракт» і, вядома ж, за «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі».

Што, магчыма, цікава, пастаянна выпісваючы «Звязду», сужэнцы (дакладней, сам Андрэй Фёдаравіч Дубадзелаў) гэтак жа пастаянна дасылалі карткі на розыгрышы прызоў, але не выйгравалі, можна сказаць, нічога.

Ці рады мангалу?

«Ну вядома ж! — прызналіся шчасліўчыкі. — Двое дзяцей у нас, чацвёра ўнукаў і ўжо чацвёра праўнукаў. Дзякаваць Богу, любяць прыязджаць, асабліва летам. У нас ля хаты толькі руж, можа, з 30 сартоў... Так што ў гэтай прыгажосці і мангал дарэчы. Было б што смажыць! Ды каб яшчэ з добрым здароўем, у добрае надвор'е...

Так, сёлета яно не песціць: кажуць, маладзіца адна, пакуль дождж на дварэ, не хацела з хаты выходзіць: так прайшоў яе... чэрвень.

Але ж надзея на лета пакуль застаецца. А таму няхай ва ўсіх падпісчыкаў, чытачоў «Звязды» яно будзе цёплым, прыгожым і... смачным!

Афіцыйна

Арганізатарам рэкламнай гульні «Смачнае лета са «Звяздой» з'яўляецца рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом «Звязда» (УНП 100155376), размешчаная па адрасе: вул. Б. Хмяльніцкага, 10 А, 220013, г. Мінск.

Рэкламная гульня «Смачнае лета са «Звяздой» зарэгістравана Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь 16.05.2017 г. (пасведчанне №3002) і праводзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з 26 мая па 30 верасня 2017 года ўключна сярод падпісчыкаў газеты «Звязда» трэцяга квартала або другога паўгоддзя 2017 года. Усяго ў гульні ўзялі ўдзел 154 падпісчыкі. Прызавы фонд гульні разыграны цалкам.

Тэлефон для даведак па пытаннях правядзення рэкламнай гульні і атрымання прызоў: 8 (017) 377-44-04.

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.