Вы тут

Ці лёгка звычайнаму дворніку адправіцца на бясплатны адпачынак у Рым?


Так, калі ён працуе ў Цэнтральным раёне сталіцы. Ужо трэці месяц тут працягваецца конкурс «Найлепшы дворнік», пераможца якога, сярод іншага, будзе ўзнагароджаны паездкай у сталіцу Італіі. Днямі 20 найлепшых прадстаўнікоў прафесіі, якія выйшлі ў фінал спаборніцтва, сустрэліся ў адным з мінскіх рэстаранаў за кубкам кавы з прадстаўнікамі адміністрацыі раёна, у тым ліку з яе кіраўніком Ігарам Бузоўскім. Удзельнікі абмеркавалі ўмовы правядзення трэцяга і апошняга этапу конкурсу, правялі лёсаванне, а таксама пагутарылі з кіраўніцтвам жыллёва-камунальных службаў і, вядома, карэспандэнтам «Звязды».


Сам конкурс распачаўся 1 мая — тады арганізатары атрымалі чатыры дзясяткі заявак ад ахвотных змагацца за турыстычную паездку ў Заходнюю Еўропу. Пасля гэтага было арганізавана «народнае галасаванне» — у сацыяльнай сетцы «УКантакце» кожны жыхар Цэнтральнага раёна сталіцы мог падтрымаць свайго кандыдата. Па выніках «плебісцыту» былі вызначаны 20 фіналістаў. У хуткім часе кожнага з іх чакае раптоўны візіт спецыяльнай камісіі, якая ацэніць стан дваровых тэрыторый, адказнасць за якія нясуць кандыдаты, і вынесе канчатковае рашэнне наконт пераможцы.

— Сёння мы разглядаем розныя спосабы палепшыць працу жыллёва-камунальнай гаспадаркі, — расказаў намеснік старшыні адміністрацыі Цэнтральнага раёна Вадзім ПЯРЭДНЯ. — Важны вынік гэтага конкурсу заключаецца ў тым, што мы здолелі прыцягнуць да ўдзелу ў ім насельніцтва. У галасаванні прынялі ўдзел каля 500 чалавек, яны падтрымалі кандыдатаў, чыя праца сапраўды не выклікае пытанняў. Былі нават выпадкі, калі пенсіянеры, што не могуць прагаласаваць у інтэрнэце, самі прыходзілі ў адміністрацыю і прыносілі свае пісьмовыя пажаданні, якія прасілі ўлічыць пры галасаванні. Таксама атрымалася залучыць прыватны бізнес. Але галоўнае — мы змаглі зматываваць саміх работнікаў да якаснага выканання сваіх абавязкаў, можа быць, нават пачалі ствараць новы вобраз прафесіі дворніка. Нам хацелася б, каб астатнія раёны Мінска таксама падцягнуліся да правядзення падобных конкурсаў.

Па словах Вадзіма Пярэдні, праблемы з кадрамі ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў Цэнтральным раёне няма — штат укамплектаваны поўнасцю. Вакансіі калі і з'яўляюцца, то вельмі хутка закрываюцца. Гэтаму паспрыяў і допуск прыватных арганізацыій да работы ў сферы ЖКГ. Такім чынам, з'явілася канкурэнцыя, а гэта стымулюе і кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў удасканальваць сваю працу. Сярэдні заробак дворнікаў складае ад 400 да 450 рублёў. Цяпер стаіць задача яго павышэння.

Кульмінацыяй сустрэчы стала цырымонія лёсавання, падчас якой вызначаўся парадак наведвання конкурснай камісіяй участкаў канкурсантаў. Пасля гэтага дворнікаў пачаставалі спецыяльна прыгатаваным тортам.

— Насамрэч у прафесію я трапіла выпадкова, — падзялілася рабочая па комплекснай прыборцы будынкаў і збудаванняў ЖЭС №27 Ніна ЛАМЕЙКА. — Раней займала кіруючую пасаду на прадпрыемстве па вытворчасці адзення. Але трэба было адпачыць па стане здароўя, таму ўладкавалася дворнікам. Працую паўтара года, але магу сказаць, што мне так нідзе яшчэ не падабалася. Па-першае, я ў выдатнай фізічнай форме, знаёмыя пытаюцца: «Барысаўна, вы ў спартзалу ходзіце ці танцамі займаецеся?» Па-другое, працую на свежым паветры. Па-трэцяе, люблю размеранасць. Гэта не завод і не фабрыка, нікуды бегчы не трэба — выйшаў, спакойна адпрацаваў, і можна адпачываць. Галоўнае, я лічу, працаваць з задавальненнем, тады нічога не будзе раздражняць. Зіма? Нічога страшнага, людзі цяпер разумеюць, што гэта датычыцца ў першую чаргу іх саміх, таму многія па ўласнай ініцыятыве дапамагаюць. Увогуле, дворнік — гэта ж легендарная прафесія, з гісторыяй і сваёй аўрай — яго ўсе ведаюць, усе вітаюцца і, спадзяюся, шчыра паважаюць.

— Працую толькі паўтара года, але ў нашай сям'і гэта прафесія сапраўды дынастыйная — маці таксама працавала дворнікам, — дапаўняе яе калега Святлана СТЭЛЬМАХ з ЖЭС №13. — Чаму жыхары абралі на конкурс менавіта мяне? Магу толькі здагадвацца — я з усімі імкнуся сябраваць, калі бабулі трэба спусціцца па сходах — абавязкова дапамагу, потым пагутару з ёй. Калі казаць пра прафесійны аспект, то, думаю, мае заслугі можна раздзяліць з жыхарамі. «Чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць» — фраза цалкам справядлівая. Конкурс «Найлепшы дворнік Цэнтральнага раёна» — выдатны стымул. Вядома, хочацца перамагчы, бо гэта і прызнанне, і, безумоўна, каштоўны прыз — мару з'ездзіць адпачыць з унукам.

Па словах старшыні адміністрацыі Цэнтральнага раёна Ігара Бузоўскага, першапачаткова планавалася правесці ўзнагароджанне каля помніка дворніку на вуліцы Карастаянавай. Але цяпер арганізатары схіляюцца да ідэі ўганаравання ў двары-пераможцы. Гэта будзе сімвалічна, а таксама стане прыкладам для іншых дворнікаў.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Прыбрацца ў двары і... убачыць Калізей

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?