Вы тут

На «алеі зорак» каля Летняга амфітэатра з'явілася імя Гвердцытэлі


На «алеі зорак» каля Летняга амфітэатра з'явілася імя народнай артысткі Грузіі і Расіі Тамары Гвердцытэлі.


У дзень урачыстага адкрыцця XXVІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» на плошчы лаўрэатаў Спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь заззяла трынаццатая «зорка». Калі дакладней, валошка: замест звыклага сімвала Галівуда побач з імёнамі лаўрэатаў на гранітным квадраце беларусы змяшчаюць «цвяток радзімы» Максіма Багдановіча. Сёлета Спецыяльную ўзнагароду Беларусі «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення» атрымала народная артыстка Грузіі і Расіі Тамара Гвердцытэлі.

— Творчасць Тамары Гвердцытэлі папулярная ў многіх краінах свету, — адзначыў міністр культуры Барыс СВЯТЛОЎ. — Гэта сапраўды народная артыстка: яе песні гучаць не толькі на вялікіх сцэнах і ў канцэртных залах, але і ў звычайных дамах падчас сямейных свят. У нашай краіне спявачку даўно ведаюць і любяць як адданага сябра беларускай зямлі.

У Віцебск уладальніца непаўторнага голасу прыязджае яшчэ з тых часоў, калі знакаміты «Славянскі базар» быў «Усесаюзным фестывалем польскай песні». За гэты час Тамара Гвердцытэлі неаднаразова брала ўдзел у фестывальных мерапрыемствах і ў якасці спявачкі, і як член міжнароднага журы конкурсу маладых выканаўцаў. Сённяшняя «зорка» — сведчанне выдатнага ўнёску ў развіццё сучаснага музычнага мастацтва.

— Ва ўсе гады існавання «Славянскага базару ў Віцебску» мы хацелі міру на зямлі, — сведчыць Тамара Гвердцытэлі. — Адзінай нашай зброяй была музыка, якая гучала са сцэны. Я шчаслівая, бо сёння сапраўды станаўлюся часткай «Славянскага базару» і Віцебска — горада, які падарыў чалавецтву вялікага Марка Шагала.

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Зорная валошка

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.