Вы тут

«Славянскі базар у Віцебску» — равеснік незалежнай Беларусі


За гэтыя гады ён стаў візітнай карткай краіны, а Віцебск — сапраўднай культурнай сталіцай, у якой за 25 гадоў правядзення фестывалю пабывалі дэлегацыі з 72 дзяржаў.


Аляксандр Лукашэнка ўручыў узнагароду ўладальніцы Гран-пры XV Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск-2017» Марыі Магільнай.

Місія — аб'ядноўваць

«Мы сардэчна прымаем удзельнікаў і паклоннікаў фестывалю, якія прыбылі з Еўропы, Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Гэта красамоўна сведчыць не толькі аб яго папулярнасці, але і аб узрастаючым аўтарытэце Беларусі ў супольнасці нацый», — сказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з галоўнай сцэны фестывалю перад пачаткам цырымоніі адкрыцця.

Ганаровымі гасцямі свята сёлета сталі Прэзідэнт Малдовы, дзяржаўны сакратар Казахстана, кіраўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў шэрагу дзяржаў. За чвэрць стагоддзя «Славянскі базар у Віцебску» стаў «люстэркам» найноўшай гісторыі.

«Успамінаюцца часы, калі на постсавецкай прасторы руйнаваліся шматгадовыя асновы, і людзям было не да мастацтва. Менавіта тады мы пастараліся сабраць разам усе творчыя сілы дзеля агульнай справы — духоўнага адраджэння і працягу лепшых традыцый», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Гэтую місію якраз і ўзяў на сябе фестываль, які стаў сімвалам яднання мільёнаў людзей добрай волі. Ён служыць высакароднай мэце — умацаванню міру і ўзаемаразумення паміж народамі, захаванню культурнай разнастайнасці і падтрымцы талентаў. Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу, што з набыццём шырокай вядомасці кансалідуючая роля віцебскага форуму ўзрасла яшчэ больш.

«Ён у поўнай меры спрыяе канструктыўнаму міждзяржаўнаму дыялогу. Любы замежны госць, які пабываў на нашым фестывалі, вяртаецца ў сваю краіну пасланцом міру», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што высокі міжнародны статус фестывалю да многага абавязвае Беларусь. «Ён — своеасаблівае люстэрка палітыкі нашай краіны ў сацыяльна-гуманітарнай сферы. Таму на ім прадстаўлена такая разнастайнасць формаў і жанраў мастацтва. Узровень канцэртаў, выстаў і спектакляў, творчых сустрэч нязменна высокі», — лічыць Прэзідэнт.

Беларускі лідар выказаў спадзяванне, што фестываль стане для маладых выканаўцаў выдатнай пуцёўкай у жыццё.

Сімвалічна, што на адкрыцці «Славянскага базару ў Віцебску» Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў як маладую беларускую спявачку Марыю Магільную, так і ўсім добра вядомую народную артыстку Грузіі і Расіі Тамару Гвердцытэлі. Апошнюю — спецыяльнай узнагародай «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення». «Лёс мне падарыў любоў беларускага народа, і гэтая любоў узаемная. Я вас люблю, дзякуй вялікі за такі гонар!» — падзякавала Тамара Гвердцытэлі.

На адным дыханні

Канцэрт цырымоніі адкрыцця «Славянскага базару ў Віцебску» запомніцца надоўга. Некалькі гадзін цудоўнай прэзентацыі праляцелі незаўважна. Ад сцэны, якая пералівалася мноствам фарбаў, цяжка было адарваць вочы. А «зорны» склад быў такі багаты, што іншым фестывалям сабраць адначасова аналагічную каманду знакамітых асоб наўрад ці атрымаецца.

Нават тыя, хто купілі білеты і чыталі афішу з прозвішчамі артыстаў, былі прыемна здзіўленыя. Адзін з сюрпрызаў — выступленне іераманаха Фоція з «Песнярамі». Песня «Белавежская пушча» ў іх выкананні кранула душу.

Калі выступаў Дзмітрый Калдун, на сцэне рухаўся вялікі кубак кавы. А падчас выканання песні пра каханне Зарай група падтанцоўкі выехала на веласіпедах. Выдатна выступіла беларуская зорачка, уладальніца Гран-пры сёлетняга дзіцячага конкурсу Маша Магільная. Шчыра праспявала пра тое, што душы так хочацца святла і цяпла.

Ядвіга Паплаўская, Руслан Аляхно і Дзмітрый Калдун выканалі песню, прысвечаную народнаму артысту Беларусі Аляксандру Ціхановічу, якому споўнілася б 65 гадоў... Публіка падтрымлівала трыа апладысментамі ў такт музыцы.

Многія артысты дзякавалі Прэзідэнту Беларусі за асабістую падтрымку ўнікальнага фэсту. Наталля Каралёва, Роза Рымбаева назвалі фестываль светлым, цікавым, непаўторным...

Легендарны Крыс дэ Бург па-руску запэўніў, што рады зноў пабываць у Беларусі. І выканаў шлягер пра жанчыну ў чырвоным. Пасля з захапленнем прымаў кветкі ад дам у чырвоных і ружовых сукенках.

У канцы канцэрта Рыгор Лепс выканаў песню «Самы лепшы дзень». Канешне, гэта і пра дзень, калі распачынаецца віцебскі фэст.

Канцэрт доўжыўся каля трох гадзін і скончыўся амаль апоўначы феерверкам.

Цяжка апісваць тое, што трэба бачыць і чуць. Канцэрт можна назваць шэдэўральным. У гэтым упэўніўся кожны, хто яго паглядзеў у рэальным часе, і пацвердзіць той, хто паглядзіць у запісе.

Р.S. Як заўсёды, конкурсы — у цэнтры ўвагі публікі і СМІ. Дзіцячы ўжо завяршыўся. Цяпер 21 малады канкурсант змагаецца за Гран-пры. Наш зямляк Ягор Шаранкоў выступае пад №14.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Аўтарытэт у супольнасці нацый

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.