Вы тут

Мора Мінска. Мінскае Маконда


Мора Мінска

Мінск — прыморскі горад без мора. Пацешна, як гораду без мора па волі выпадку дасталася тыповае балтыйскае надвор’е. Рэзкія змены яго на працягу дня, гадзіны, а то і дзесяці хвілін, абветраныя вуліцы, высокая вільготнасць, нізкае неба з рыпучымі аблокамі.

Мінск і мора неразлучныя. Вось ты едзеш на ўзбярэжжа Балтыйскага мора, а там ён — Мінск — стаіць, гуляе, франтуецца.

Альбо ты застаўся ў Мінску і дзе-небудзь пасярод паўдзікіх вулачак былых завадскіх раёнаў, у якім-небудзь маленькім безыменным скверы або проста на зарослым і недагледжаным беразе ляжыш на бетоне, траве, асфальце або лаўцы з заплюшчанымі вачыма, а вакол крыкі чаек, і вада дзесьці недалёка шуміць, і вось мора ўжо дзесьці побач з табой.

Яно ўжо тут, і нікуды не трэба ехаць. Хіба што вецер не салёны.

Але няўжо гэта так важна?

Можна, вядома, успомніць Мінскае мора, але гэта зусім не тое, падробка, сімулякр, фальшыўка. Не мора гэта.

Бо мора, і мора Мінска ў тым ліку, зусім не павінна мець нейкае фізічнае і геаграфічнае ўвасабленне, якое раскінулася на тысячы і тысячы квадратных кіламетраў.

Мора Мінска — гэта ў першую чаргу твой погляд на горад, твой ракурс, твая оптыка.

Мора Мінска жудасна глыбокае, бязмежнае і часам небяспечнае.

Мора Мінска зацягвае людзей у ілюзію прыморскага горада, з яго лёгкасцю, легкадумнасцю, імгненнай непамятлівасцю, лёгкімі закускамі і белым віном.

Мора Мінска (яго часцінка) ёсць у кожным з нас.

Мора Мінска — гэта стан, а не месца.

Мора Мінска непарыўна звязана з захадамі. Тымі самымі, што спальваюць неба, рагавіцы і камеры тэлефонаў, якія тысячамі накіраваны на іх.

Хіба можна забыцца, вырачыся гэтага мора, калі ты малады і сядзіш недзе ў спакойным, зацішным месцы, каб ніхто не перашкаджаў піць віно, глядзець на захад і чуць толькі грукат цягнікоў, якія праходзяць над тваёй галавой, ці можна пасля гэтага забыцца пра мора Мінска?

Аднак мора Мінска і Мінск — розныя. У Мінску не любяць летуценнасць, легкадумнасць. Усялякі, не прыкаваны да батарэі і не прыбіты цвікамі да крыжоў абавязкаў, лічыцца здраднікам, інфанцілам і слабаком. Адзінае паківанне на лёгкасць тут выклікае ўсмешкі і падколкі.

Ежа тут тлустая. Бульбачка з мясам. Маянэз. Пасля такога не палётаць.

І п’юць тут у асноўным гарэлку, што раскрывае «душу», але прыбівае цела да зямлі.

І даводзіцца — поўзаць.

Народжаны поўзаць павінен поўзаць і, можа быць, дапаўзе.

А — мора?

А хіба трэба мора, калі ты поўзаеш па сваёй нары?..

 

Мінскае Маконда

Мінск, што паўстае перад вачыма турыстаў, у якіх часта проста няма ані часу, ані жадання разбірацца, што да чаго, — афіцыйны.

«Горад Сонца», які сустракае падарожнікаў на выхадзе з вакзала.

Мінск — асаблівы горад, у якім містыка, магія і рэальнасць перапляліся ў такіх цесных абдымках, што калі б Маркес жыў ў нас, дык напісаў бы «Сто гадоў адзіноты» пра яго. Пра Мінск.

Кожны (пры жаданні) можа знайсці і стварыць свой непаўторны Мінск. Тут не горад падладжвае пад сябе, а ты будуеш свой асабісты горад. Велізарны канструктар, які ты можаш камбінаваць, як табе падабаецца, адначасна знаходзячы новыя дэталі ў час вывучэння прапанаванага набору і адкрываючы сакрэтныя мясціны. Тут — у большасці выпадкаў — ты напаўняеш нейкія месцы сэнсам, а не карыстаешся тымі, што ўжо існуюць.

Горад, які вызваляе ад татальнасці ўлады. Ён не вабіць міфамі, не пярэчыць традыцыям, не спакушае вабнотамі, не прымушае ідэалагемамі, не забараняе забабонамі, не абцяжарвае філосафамі, не абавязвае мэтамі.

 Ён пакідае цябе сам-насам, і табе нічога не застаецца, як любіць самога сябе. У Мінску немагчыма не любіць сябе, бо няма тут нідзе нічога іншага, апроч тваёй адзіноты.

Тут па вуліцах блукае дух Марк(е)са.

Мінск — гэта калі б Маконда быў у Беларусі, а Буэндзіа кудысьці растварыліся за час акупацыі і культурнай асіміляцыі, і горад застаўся існаваць далей і чакаць вяртання вялікага роду.

Непаўторны, асаблівы, асабісты Мінск — для прагных да новага, для тых, хто жадае стварыць нешта сваё. Для здольных гойсаць па дварах і вулачках у пошуках таго, што можна назваць гарадской культурай.

Хтосьці стварае маленькую, камерную Еўропу са сняданкам на балконе з кавай і круасанамі. Іншыя тусуюцца ў андэрграўндных месцах, цягаюцца па недаўгавечных сквотах і жывуць у паўпадвальным горадзе з бутэлькай партвейну ў адной кішэні і марамі ў другой. Нехта завісае ў джазавых барах і на закрытых «творчых тусоўках», выпускаючы прадукт з маркіроўкай «толькі для сваіх». І так да бясконцасці.

Мінск для тых, хто можа змяняць тканіну рэальнасці, ствараць свой свет і адкрываць terra incognita.

Парыж ці Вільня, Лондан ці Масква маюць пачатак — цэнтр, якім пазначаны прасторавы і паэтычны міф горада: Эйфелева вежа, гара Гедыміна, Біг-Бэн, Крэмль.

Мінск пазбаўлены цэнтра як міфа, як сярэдзіны самога сябе. Мінск пазбаўлены сэрца. Таму на пытанне, дзе тухкае сэрца Мінска, магчымы толькі адзін адказ:

— Ува мне.

Той, хто не трывае адзіноты, кідаецца адсюль у Маскву, Парыж, Вільню. Кідаецца туды, дзе з чалавекам заўсёды побач Горад — як падстава для бясконцага дыялогу, як Другі, што ведае адказ на кожнае тваё запытанне, калі здолееш гэта пытанне выразна сфармуляваць.

А мы застаемся тут, у сваім горадзе.

У Горадзе, які стварылі самі.

Аляксей Карпека

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.