Вы тут

«Чыжоўка-Арэна» прыме міжнародны турнір «Кубак Мінска»


З 26 па 29 ліпеня «Чыжоўка-Арэна» прыме міжнародны турнір з удзелам камандаў КХЛ «Кубак Мінска».

У новых спаборніцтвах возьмуць удзел шэсць камандаў — прадстаўнікі трох краін. Ад Беларусі на турніры выступяць адразу два клубы — «Юнацтва-Мінск», які, дарэчы, і з'яўляецца стваральнікам і арганізатарам «Кубка Мінска», і сталічнае «Дынама» — адзіны беларускі прадстаўнік у Кантынентальнай хакейнай лізе, які ў падрабязным прадстаўленні не мае патрэбы.


Каманда Міхаіла Захарава настроена на сур'ёзную барацьбу. Гульцы самага тытулаванага клуба беларускай экстралігі, сяміразовага чэмпіёна краіны і пераможцы Кантынентальнага кубка, з дапамогай гэтага турніру мяркуюць не толькі падрыхтавацца да будучага сезона, але і ўжо непасрэдна да яго пачатку паказаць высокі вынік.

— Гэты турнір вельмі важны ў рамках перадсезоннай падрыхтоўкі. Хацелася б, каб усё атрымалася і з арганізацыйнага боку, і «Кубак Мінска» стаў традыцыйным, — адзначыў генеральны дырэктар хакейнага клуба «Юнацтва-Мінск» Аляксей Пракаповіч.

Акрамя прадстаўнікоў айчыннага хакея, у беларускіх аматараў спорту будзе магчымасць убачыць топавыя клубы Кантынентальнай хакейнай лігі. У Мінск прыедзе неаднаразовы ўладальнік Кубка Гагарына «Дынама-Масква», трохразовы чэмпіён Расіі яраслаўскі «Лакаматыў», а таксама «Югра» з Ханты-Мансійска і «Дынама» з Рыгі на чале з новым галоўным трэнерам — легендай латвійскага хакея Сандзісам Озаліншам.

Усе каманды плануюць прыбыць у Мінск пашыраным складам, а хто канкрэтна будзе выходзіць на лёд, убачым ужо па ходзе гульняў.

— Аналагаў падобнага турніру па прадстаўніцтве на постсавецкай прасторы сёння не існуе, — заявіў спартыўны дырэктар мінскага «Юнацтва» Аляксей Торбін.

Кошт білетаў на гульні «Кубка Мінска» складае ад 1 да 10 рублёў, арганізатары спадзяюцца, што, нягледзячы на адпускную пару і нетыповы для хакея час, трыбуны «Чыжоўка-Арэны», якія прывыклі да аншлага, будуць запаўняцца паспяхова.

Шасцёрка ўдзельнікаў будзе падзелена на дзве групы па тры каманды, пасля аднакругавога міні-турніру пройдуць стыкавыя матчы за выніковыя пазіцыі.

Расклад матчаў:

Група А: «Юнацтва-Мінск», «Дынама-Мінск», «Дынама-Масква». Група В: «Югра», «Лакаматыў», «Дынама-Рыга».

26 ліпеня

«Лакаматыў» — «Дынама-Рыга» (15.00).

«Дынама-Мінск» — «Дынама-Масква» (19.00).

27 ліпеня

«Юнацтва-Мінск» — «Дынама-Мінск» (15.00).

«Югра» — «Лакаматыў» (19.00).

28 ліпеня

«Дынама-Рыга» — «Югра» (15.00).

«Юнацтва-Мінск» — «Дынама-Масква» (19.00).

29 ліпеня

Матч за пятае месца (11.30).

Матч за трэцяе месца (15.30).

Фінал (19.30).

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Хакей летам будзе якасны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.