Вы тут

Чаму баршчэўнік Сасноўскага заняў вялікія тэрыторыі ў нашай краіне?


Чаму баршчэўнік Сасноўскага заняў вялікія тэрыторыі ў нашай краіне, і якія яго сабраты нясуць для людзей не пагрозу, а карысць.

Баршчэўнік... Большасць з нас гэта слова сёння палохае. Але не ўсё так страшна, як нам здаецца на першы погляд. Проста трэба ведаць «ворага ў твар». І не блытаць яго з падобнымі, але зусім няшкоднымі раслінамі.


На боршч — у самы раз

На сенажацях, па берагах рэк і ручаёў, па лясных узлесках і палянах, у хмызняках, на прыдарожных лугавінах, чыгуначных насыпах і па разнастайных пустазельных месцах улетку можна сустрэць баршчэўнік сібірскі (Hеrасlеum sіbіrісum L.). Распаўсюджаны ён у Цэнтральнай Еўропе, Сярэдняй Расіі, Перадкаўказзі, Заходняй Сібіры, Крыме і Казахстане.

У нашай краіне баршчэўнік сібірскі з'яўляецца звычайнай раслінай, якую ў летні перыяд можна сустрэць у шыракалістых лясах і па іх узлесках, хмызняках, палянах, абочынах дарог. Толькі людзі звычайна праходзяць міма, не звяртаючы ўвагі на гэту даволі цікавую расліну. Сцябло ў яе рабрыстае, цвёрдаапушанае, вышынёй да 60—100 см. Складанай будовы лісце можа быць даволі буйным, часам дасягаючы паўметра. Зверху лісце дробна шурпата-апушанае. Суквецце — складаны парасонік з зеленавата-жоўтымі кветкамі. Цвіце гэты від баршчэўнікаў у чэрвені-ліпені, а пладаносіць да верасня. Сярод шматлікіх іншых парасонавых раслін баршчэўнік сібірскі вылучаецца рэзкім пахам.

У адрозненне ад яго сабратаў — гіганцкіх баршчэўнікаў, якія дастаўляюць нам сур'ёзныя праблемы, — баршчэўнік сібірскі мае істотнае гаспадарчае значэнне, з'яўляючыся раслінай і ядомай, і лекавай. Ён багаты на аскарбінавую кіслату (да 0,215%), карацін, цукры, мікраэлементы і амінакіслоты. У невялікай колькасці ўтрымлівае і непажаданыя для нас злучэнні фуракумарынавага шэрагу.

Дзякуючы багатаму хімічнаму саставу, баршчэўнік сібірскі здаўна выкарыстоўваецца чалавекам у ежу, а таксама ў якасці лекавай расліны.

Раней людзі ўжывалі ў ежу маладыя сцябліны, лісце і карэнішча баршчэўніка сібірскага. Ачышчаныя ад скуркі сцябліны па смаку крыху нагадваюць агуркі. Іх можна выкарыстоўваць для салатаў, а таксама адварваць ці смажыць. Часам сцябліны соляць ці марынуюць.

Маладое лісце ўжываецца для падрыхтоўкі салатаў, пюрэ і гарніраў. А вось для баршчу лепш падыходзяць маладыя карэнішчы. Яны даволі салодкія і цалкам замяняюць шматлікую гародніну. Карэнішчы таксама можна марынаваць, саліць і сушыць.

Даўней баршчэўнік сібірскі шырока выкарыстоўваўся і ў народнай медыцыне. Водны настой травы і адвар каранёў баршчэўніка сібірскага валодаюць супрацьзапаленчым, абязбольвальным, вяжучым, супрацьспазматычным, антысептычным дзеяннямі, а таксама паляпшаюць працэсы стрававання.

Вядома, некалькі палохае ўтрыманне ў гэтай расліне фуракумарынаў — рэчываў, небяспечных для нашага здароўя. Аднак тут іх не так шмат, як у чужаземных для нашай зямлі гіганцкіх баршчэўнікаў...

Пустазелле крочыць па Еўразіі

Гіганцкімі іх завуць за вышыню кветаноса, які можа вырастаць да 5 метраў у вышыню. Лісты ў некаторых відаў гэтых баршчэўнікаў перавышаюць у шырыню 1 і нават 1,5 м!

Велізарных памераў у перыяд цвіцення дасягае і парасонік. Цэнтральны можа быць да 80 см у дыяметры, а па баках — менш буйныя. У спрыяльных умовах адна расліна можа ўтвараць да 20 тысяч і больш насення, якое даволі лёгка распаўсюджваецца на значныя адлегласці. У літаратуры апісаны выпадкі, калі на адной расліне налічвалі звыш 100 тысяч насення!

На тэрыторыі нашай краіны сустракаюцца некалькі відаў гіганцкіх баршчэўнікаў. Але найбольш распаўсюджаным сёння лічыцца баршчэўнік Сасноўскага (Hеrасlеum sоsnоwskуі Mаndеn). Гэта горна-лясны і субальпійскі лугавы эндэмік, які ў натуральных умовах расце на Паўночным Каўказе, у Закаўказзі і Турцыі. З-за дзейнасці чалавека гэты від у наш час шырока распаўсюджваецца па тэрыторыі Усходняй Еўропы і Заходняй Сібіры.

На тэрыторыі Беларусі вывучэнне гіганцкіх баршчэўнікаў у якасці кармавых раслін было пачата ў другой палове ХХ ст. Ужо ў 60—70-я гады баршчэўнік Сасноўскага быў адабраны як сіласная культура і рэкамендаваны для вырошчвання на сельскагаспадарчых землях. Аднак вырошчваўся ён нядоўга, і землі з баршчэўнікам былі пакінутыя. Але ўмовы для яго росту аказаліся спрыяльнымі. З'яўляючыся чужародным для нас відам, у якога няма канкурэнтаў і практычна адсутнічаюць ворагі, баршчэўнік пачаў актыўна распаўсюджвацца па краіне.

У наш час гэты від актыўна засяляе абочыны дарог, закінутыя палі, пусткі, хмызнякі, землі пад ЛЭП, пасяляецца ў парках і скверах, на гарадскіх прагалінах. Вельмі часта баршчэўнік можна сустрэць па лясных участках уздоўж ручаёў і невялікіх лясных рэк, дзе ён утварае даволі шчыльныя зараснікі. З'яўленню яго на гарадскіх газонах і ў дварах, асабліва ў новабудоўлях, спрыяе занос насення з заражаным ім грунтам. У глебе гэта насенне можа захоўваць усходжасць не адзін год! На тэрыторыі краіны назіраецца ўжо ўкараненне баршчэўніку пад полаг лясоў, дзе праводзіць мерапрыемствы па барацьбе з гэтым небяспечным відам вельмі складана.

У Паазер'і — шмат, а на Палессі — мала

Паводле інфармацыі Дзяржаўнага кадастра расліннага свету Рэспублікі Беларусь, гіганцкія баршчэўнікі ў наш час на тэрыторыі краіны распаўсюджаны нераўнамерна. Найбольш актыўна яны засяляюць землі Паазер'я.

Самыя буйныя папуляцыі небяспечнага баршчэўніка на поўначы краіны зарэгістраваны ў Браслаўскім, Ушацкім і Віцебскім раёнах, дзе на асобных тэрыторыях яны могуць займаць да 100 га. Буйны цэнтр распаўсюджання гэтага віду на пачатку ХХІ стагоддзя быў выяўлены і на тэрыторыі Мінскага ўзвышша. Аднак, дзякуючы распрацаваным рэкамендацыям і рэалізаваным мерапрыемствам, яго плошчы тут істотна скараціліся. У паўднёвых рэгіёнах баршчэўнік не ўтварае буйныя папуляцыі, а на Палессі плошча, якую ён займае, у наш час невялікая.

Паколькі баршчэўнік Сасноўскага з'яўляецца небяспечнай інвазіўнай раслінай, да таго ж даволі агрэсіўнай у натуральных умовах, для барацьбы з ім распрацаваны шырокі спектр мерапрыемстваў, які ўключае як агратэхнічныя прыёмы, так і ўжыванне хімічных сродкаў барацьбы. Дзякуючы праведзенай рабоце, у цяперашнім дзесяцігоддзі плошча распаўсюджання баршчэўніка на тэрыторыі Беларусі некалькі зменшылася.

Як змагацца з інвазіяй?

Паколькі асноўным спосабам рассялення баршчэўніку з'яўляецца распаўсюджанне яго насення, то ў мэтах барацьбы з непажаданай раслінай неабходна абмяжоўваць фарміраванне апошняга. Для гэтага рэкамендуецца скошваць расліны, не дапускаючы цвіцення і ўтварэння насення.

На невялікіх участках магчыма выкопванне раслін або падсяканне іх сцёблакаранёў (зрэзка верхняй часткі ў глыбіню да 15 см) уручную. Там жа можа праводзіцца апрацоўка зараснікаў баршчэўніку гербіцыдамі, дазволенымі да ўжывання дзеючым беларускім заканадаўствам.

Эфектыўнае залужванне ўчасткаў шматгадовай травой пасля ўжывання асноўных спосабаў знішчэння раслін баршчэўніку.

На стадыі праектавання будаўнічых аб'ектаў неабходна правяраць грунт на засмечанасць яго насеннем баршчэўніку.

Важную ролю таксама мае інфармаванасць насельніцтва пра меры засцярогі пры кантакце з раслінамі баршчэўніку і метадах барацьбы з ім.

І вораг бывае карысным

І ўсё ж, нягледзячы на тое, што гіганцкія баршчэўнікі — расліны небяспечныя і непажаданыя, яны маюць і шэраг станоўчых якасцяў. Па-першае, гэта добрыя меданосы. У квітнеючых парасоніках і сцёблах баршчэўнікаў жывуць шмат розных насякомых, якія з'яўляюцца кормам для птушак. Паядаюцца гэтыя расліны некаторымі жывёламі. Менавіта таму ў месцах натуральнага вырастання яны не ўтвараюць гіганцкіх зараснікаў. А ў нас расліну ўпадабалі козы. Але ў якасці кармавой культуры для кароў баршчэўнік не падыходзіць, паколькі малако набывае непрыемны смак. Ды і могуць быць праблемы са здароўем ад такога малака. Затое, дзякуючы высокаму ўтрыманню цукра ў расліне, некаторыя ўмельцы навучыліся выкарыстоўваць яго для вырабу хатняй алкагольнай прадукцыі.

У ранейшыя часы гіганцкія баршчэўнікі выкарыстоўваліся ў батанічных садах Еўропы ў якасці дэкаратыўных раслін. Іх сухія сцёблы ідуць на стварэнне разнастайных дэкаратыўных вырабаў. Баршчэўнік Сасноўскага з'яўляецца перспектыўнай раслінай для фармацэўтычнай прамысловасці, паколькі можа выкарыстоўвацца для вырабу мазяў для лячэння некаторых скурных захворванняў.

Вось мы і пазнаёміліся з раслінамі з такой палохаючай назвай. Толькі цяпер ведаем, які баршчэўнік — для бацвіння, а якога сапраўды варта асцерагацца...

Леанід ЧУМАКОЎ, кандыдат біялагічных навук, супрацоўнік сектара кадастру расліннага свету Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча.

Фота Ірыны Сысой


Якую пагрозу нясе баршчэўнік Сасноўскага?

Сок баршчэўніку ўтрымлівае спецыфічныя рэчывы (эфірныя алеі і кумарын), якія, трапляючы на скуру, выклікаюць на ёй змены, а затым ультрафіялет сонечных прамянёў актывуе іх, і ў выніку ўтвараецца фітахімічны апёк. Звычайна такія пашкоджанні неглыбокія, яны не патрабуюць аператыўнага ўмяшання (скурнай пластыкі), але пасля іх часта застаюцца рубцы. Загадчык апёкавага аддзялення гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г. Мінска Дзмітрый Мазалеўскі растлумачыў, што атрутныя рэчывы могуць заставацца ў скуры доўгі час, і паўторнае ўздзеянне ўльтрафіялету на тую ж вобласць можа прывесці да пашкоджанняў нават праз некалькі дзён. Апёкі баршчэўніку вельмі балючыя, яны суправаджаюцца свербам, болем, чырванню. На скуры з'яўляюцца пухіры, затым яны лопаюцца. Гэта прыносіць не толькі вялікі дыскамфорт пацярпеламу, але і можа стаць падставай для выпіскі бальнічнага.

— Небяспечны не толькі сок, — сцвярджае загадчык аддзялення, — але і спецыфічны пах. Атрутныя часціцы ўтрымліваюцца і ў паветры побач з раслінай, могуць трапіць у дыхальную сістэму чалавека. Гэта можа выклікаць цяжкую алергічную рэакцыю ў людзей з хранічнымі абструктыўнымі хваробамі лёгкіх, хворых на бранхіяльную астму. Патэнцыйна такі від баршчэўніку можа ўяўляць пагрозу для жыцця. Калі ў чалавека ёсць алергічная схільнасць, праблемы з сістэмай органаў дыхання (хранічны бранхіт, эмфізема лёгкіх і інш.), то яму лепш пазбягаць кантакту з раслінай.

Таксама трэба памятаць, што баршчэўнік, які можа дасягаць 2 м у вышыню, вылучае кропелькі атрутнага соку на лісці, таму небяспечна нават проста праходзіць каля яго.

Як абараніць сябе пры барацьбе з баршчэўнікам Сасноўскага на сваім участку:

— Неабходна поўная экіпіроўка, каб абараніць скурныя покрывы, органы дыхання і зроку;

— выкарыстоўваць толькі гумавыя пальчаткі (пальчаткі з тканіны не ратуюць ад соку);

— калі сок трапіў на адзенне, здымаць яго можна толькі ў пальчатках, а мыць асобна ад іншага;

— надзець шчыток на твар, рэспіратар;

— да зараснікаў баршчэўніку ў лесе лепш не набліжацца.

Калі кантакту з раслінай не атрымалася пазбегнуць, варта памятаць, што апёк з'явіцца пасля таго, як ультрафіялет актывізуе атрутнае рэчыва на скуры, таму сок неабходна адразу ж змыць вялікай колькасцю праточнай вады з якім-небудзь мыйным сродкам, абараніць гэта месца ад пападання святла. Калі ўтварыўся апёк, трэба накласці чыстую павязку (бінтам з аптэчкі ці ручніком, любой чыстай тканінай) і звярнуцца да ўрача.

Вольга ПРАЛЮК

рrаlуuk@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Не заблытацца ў «парасоніках»

Выбар рэдакцыі

Культура

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Сфера культуры ярчэй за іншыя паказвае, што калі не працуюць традыцыйныя схемы, прыходзіцца шукаць чорны ўваход. Пошукі часам нараджаюць эксперыменты і выкруты, якія абыходзяць абмежаванні, патэрны і завядзёнку і становяцца найлепшымі знакамі свайго часу. 

Грамадства

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Па прагнозах спецыялістаў, не менш як 20 працэнтаў ад аб'ёму тавараў у XXІ стагоддзі будзе за біятэхналогіямі.

Грамадства

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Пошукі і набыццё «школьнай формы», як па старой звычцы кажуць мамы і таты, — тая яшчэ галаваломка! 

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.