Вы тут

Гран-пры конкурсу «Віцебск-2017» не прысуджана


А ў беларуса аж дзве прэміі і спецыяльны прыз!

Учора на канцэрце закрыцця фестывалю агучылі вынікі Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2017».


Улад  СЫТ­НІК.

Як і меркавалі вопытныя прадстаўнікі СМІ, сёлета журы вырашыла не прысуджаць Гран-пры конкурсу (20 тысяч долараў). Гэта было зроблена па прычыне адсутнасці розніцы ў балах паміж удзельнікамі, якія набралі найбольшую колькасць ачкоў. І па выніках галасавання членаў журы з двух удзельнікаў, якія набралі максімальную і прытым аднолькавую колькасць балаў, большасцю галасоў прынята рашэнне аб перавазе канкурсанта ад Украіны.

У выніку І прэмію — 15 000 долараў ЗША — атрымаў Улад СЫТНІК. ІІ прэмію — 10 000 долараў — Ягор ШАРАНКОЎ з Беларусі. ІІІ прэмію — 5000 долараў — уручылі Невене БОЖАВІЧ з Сербіі.

Акрамя гэтага, спецыяльную прэмію імя Уладзіміра Мулявіна за найлепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы, высокае выканальніцкае майстэрства атрымаў таксама наш зямляк Ягор ШАРАНКОЎ.

Ягор  ША­РАН­КОЎ.

Яго ж і прадстаўніцу Расіі — Лілію ВЕЛЬТМАН — узнагародзілі спецыяльнымі прызамі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.

Цікава, што расіянка таксама атрымала спецыяльную ўзнагароду Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір» — «Песня — шлях да садружнасці» — за высокае майстэрства ў захаванні нацыянальных традыцый. Адпаведна павязе дамоў і грашовую прэмію — 2000 долараў!

Нагадаем, старшынёй журы была папулярная спявачка і прадзюсар з Балгарыі Ярданка Хрыстава.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Фота Віктара НІКАЛАЕВА, БЕЛТА

Рэкорд ад рэзчыкаў

«Звязда» ўжо анансавала рэкорд, які павінны былі ўсталяваць на «Базары» два рэзчыкі па дрэве з Літвы і Беларусі.

І вось пазаўчора (у нядзелю) іх сумесны твор — гіганцкую лыжку — афіцыйна абмералі. Нішто сабе атрымалася «лыжачка»: даўжыня больш за 5 метраў 94 сантыметры! А самая вялікая шырыня — каля 75 сантыметраў! Наконт вагі: калі 10 мужчын спрабавалі падняць лыжку, ледзь прыпаднялі.

Стваралі гэты цуд з асіны на працягу трох дзён. Колькі гадзін патрацілі дакладна, не падлічвалі, бо падчас моцных дажджоў не працавалі. Імёны майстроў упішуць у «Кнігу фестывальных рэкордаў». Аўтары — жыхар прыгарада Віцебска (з Рубы) Міхаіл Зянькоў і Віргіліюс Вайчунас. Беларус сцвярджае, што менавіта такой формы лыжкі выразалі яго продкі. Такім чынам, велікан — «класічны беларускі ўзор». Майстры падарылі свой твор гораду Віцебску. І на момант падрыхтоўкі гэтага артыкула яшчэ не было вырашана, дзе зойме дастойнае месца ўнікальны выраб умельцаў.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.