Вы тут

Двухпавярховікі не ацалелі


У пасёлку трактарнага завода замест іх узвядуць 5—7-павярховыя будынкі.

Нядаўна «Звязда» пісала пра сітуацыю, якая склалася вакол пасёлка трактарнага завода ў сталіцы. Дзеячы турызму кансалідавана выступілі за тое, каб захаваць гэты ўтульны куток Мінска, што мае прысмак мінулай, па-свойму каларытнай эпохі. Аднак некалькі дамоў, пасля разгляду звароту, усё адно знеслі. Мяркуецца, што работа па зносе аварыйных будынкаў працягнецца.


Двух­па­вяр­хо­ві­кі ў Трак­та­ра­го­ра­дзе ча­ка­юць кан­чат­ко­ва­га вы­ра­шэн­ня свай­го лё­су.

Старшыня адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска Павел КАРАНЕВІЧ на сустрэчы, якая адбылася з мясцовымі жыхарамі ўжо пасля пачатку зносу, адзначыў:

— У цэлым захоўваецца архітэктура па каркасных вуліцах. Таму гістарычны воблік квартала захаваецца, калі мы кажам пра яго самабытнасць. Пры гэтым у квартале ёсць не толькі тыя дамы, якія прызнаюцца каштоўнымі для горада, але і тыя, што на сёння падлягаюць зносу. Захоўваецца частка будынкаў, якія ўтрымаюць цэльнасць архітэктуры. А вось на месцы знесеных дамоў будуць пабудаваныя новыя, не парушаючы кварталаў і вуліц. Яны будуць вышынёй 5—7 паверхаў і не павінны зашкодзіць знешняму выгляду квартала.

Меркаванні жыхароў, між іншым, падзяліліся. Ёсць тыя, хто з-за дрэнных цепласетак, адсутнасці рамонту мараць пра кватэры ў новабудоўлі. Але таго, што мясцовыя жыхары пасля зносу дамоў будуць жыць у кватэрах менавіта ў Трактарагорадзе, мясцовыя ўлады гарантаваць не могуць. Калі забудоўшчык будзе дзяржаўны, так, мясцовым выдзеляць кватэры на гэтым жа месцы. Але калі прыватны — гарантый няма. А хто будзе тут будаваць — дакладна не вядома, бо інвестара на пустыя пляцоўкі (а дакладней, руіны) пакуль няма. Адбываецца звычайная ачыстка тэрыторыі.

Мясцовых жыхароў, хто марыць пра захаванне свайго пасёлка, таксама нямала. Вось што расказала адна з іх, Аліна БУНІС:

— Мы набывалі кватэру менавіта ў гэтым раёне. Бо я сама вырасла ў цэнтры горада на вуліцы Энгельса. Мой муж таксама рос у цэнтры, на праспекце Незалежнасці. Як кажуць рыэлтары, «сіндром сталінскай кватэры» — гэта дакладна пра нас. Бо мы надзвычай цэнім высокія столі і прастор кватэры. Мы паўгода займаліся пошукам жылля, а калі прыйшлі ў гэту ў пасёлку трактарнага завода, удваіх згодна кіўнулі галавой, што яна наша, і што мы хочам жыць у гэтым раёне. Якімі б вялікімі ні былі кватэры ў новабудоўлях, не заменіш дух Трактарагорада, мур у дзве з паловай цэглы, цеплыню нашага дома. Я за тое, каб квартал захаваўся ў такім выглядзе, які ёсць. Няхай бы інвестары перарабілі двухпавярховікі ў нешта. Бо Траецкае прадмесце, па сутнасці, таксама было «каробкамі»... Я жыву ў трохпавярховым доме, нас пакуль не зносяць, але ж я думаю, што гэта проста пытанне часу... Калі народ зразумее, што гэта фактычна цэнтр горада, дзве хвіліны да метро, — гэта вельмі прывабнае месца — ад ахвотных тут жыць адбою не будзе.

Жанчына расказала, што ў пасёлку яны жывуць ужо 14 гадоў і з тэхнічнымі праблемамі спраўляюцца. Той, хто своечасова сам клапаціўся пра сваю кватэру, і сёння мае добрае жыллё ў Трактарагорадзе. Але якім будзе яго далейшы лёс, пакажа час.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як вучыліся партызанскія дзеці?

Як вучыліся партызанскія дзеці?

Дзеці народных мсціўцаў падчас Вялікай Айчыннай наведвалі навучальныя заняткі ў многіх сямейных партызанскіх лагерах. 

Культура

Звыш 100 прадметаў рамеснай спадчыны Амана прадстаўленыя ў Мінску

Звыш 100 прадметаў рамеснай спадчыны Амана прадстаўленыя ў Мінску

З 19 верасня да 19 студзеня 2020-га адна з выставачных залаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі — нібыта філіял усходняй казкі.

Культура

Што паглядзець на экспазіцыі «Нематэрыяльная культурная спадчына Міншчыны»

Што паглядзець на экспазіцыі «Нематэрыяльная культурная спадчына Міншчыны»

Упершыню тут сабралі і паказалі дванаццаць элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны з розных куткоў Мінскай вобласці.