Вы тут

Колькасць вакансій у сталіцы павялічылася


Мінску патрэбны медыкі і прадаўцы, а ў службе занятасці просяць вакансію вартаўніка.

Час, калі проста наяўнасць дыплома давала гарантыю працаўладкавання, даўно мінуў. Цяпер работадаўцы глядзяць у першую чаргу на кваліфікацыю, працоўны вопыт і, хоць гэта і забаронена законам, на ўзрост саіскальніка. Уладкавацца на працу ў сталіцы традыцыйна лягчэй, чым у рэгіёнах, але ўсё ж і тут ёсць «хранічна беспрацоўныя». Ці можна намаляваць абагульнены партрэт такіх людзей, хто ў групе рызыкі, і наогул, на што сёння можа разлічваць мінчанін, які знаходзіцца ў пошуку працы? Аб сітуацыі на сталічным рынку працы і рабоце службаў занятасці мы распыталі старшыню камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Жанну Рамановіч.


— Традыцыйнае першае пытанне: якая на сённяшні дзень сітуацыя з занятасцю ў сталіцы?

— У студзені 2017 года ў эканоміцы горада было занята 1 061 500 чалавек — гэта амаль 76% працоўных рэсурсаў. Тут жа, напэўна, узнікае пытанне: а дзе ж астатнія 24%? Не варта палохацца. Па даных за 2016 год, усяго ў сталіцы працоўныя рэсурсы складаюць 1 405 300 чалавек. У гэтую лічбу ўваходзяць як занятыя ў эканоміцы, так і іншыя мінчане ў працаздольным узросце, у тым ліку гэта асобы, зарэгістраваныя ў якасці беспрацоўных, студэнты дзённых аддзяленняў ВНУ і ССНУ — іх у Мінску налічваецца больш за 153 тысячы чалавек. Сюды можна дадаць і мам, што знаходзяцца ў водпуску па цяжарнасці і родах і па доглядзе дзяцей да 3 гадоў — іх у нас 95 600 чалавек.

У гарадской службе занятасці на ўліку ў якасці беспрацоўных на пачатак года знаходзіліся 5,4 тысячы чалавек. Попыт наймальнікаў горада на кадры складаў 7,7 тысячы чалавек, а ўзровень беспрацоўя — 0,5% ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. Гэта тое, што характарызуе рынак працы нашага горада.

За паўгода колькасць занятага насельніцтва ўзрасла да 1 063 600 чалавек (або на 2100 чалавек). Колькасць тых, хто знаходзіцца на ўліку беспрацоўных, знізілася да 4,3 тысячы чалавек (або на 1,1 тысячы чалавек). І, што немалаважна, попыт на кадры павялічыўся да 11,6 тысячы чалавек (+ 3,9 тысячы вакансій). А ўзровень беспрацоўя на 1 ліпеня знізіўся да 0,4%.

Фота: БЕЛТА

— І што гэтаму паспрыяла?

— Перш за ўсё, лічу, меры, звязаныя з рэалізацыяй Дэкрэта №3. Масавая кампанія па працаўладкаванні непрацуючых грамадзян дала свае вынікі.

Акрамя таго, мы паставілі перад сабой задачу як мага больш прыцягнуць работадаўцаў да супрацоўніцтва са службай занятасці. У тым ліку дзякуючы і гэтаму колькасць вакансій у нас узрасла з 7,7 тысячы да 11,6 тысячы.

Сёння, дарэчы, павышана адказнасць работадаўцаў пры звальненні людзей. Мы стараемся не дапусціць несанкцыянаваных звальненняў работнікаў. Наша задача, вядома, не забараніць звальняць — гэта не мера. Але мы стараемся ведаць аб кожным выпадку звальнення, каб своечасова «падхапіць» чалавека, аказаць яму дапамогу, калі ён мае ў ёй патрэбу. З гэтай мэтай мы праводзім маніторынг арганізацый наконт адтоку кадраў. І калі ўжо на тое пайшло, наймальнік таксама павінен задацца пытаннем: куды пойдуць гэтыя людзі, — такую задачу, у прыватнасці, паставіў перад прадпрыемствамі Прэзідэнт.

Апроч іншага, мы адкрылі кансультацыйныя пункты ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва для тых, хто шукае працу. Там, на месцы, разам з дапамогай нашых кансультантаў адначасова можа быць вырашана пытанне і з аказаннем матэрыяльнай дапамогі беспрацоўнаму: калі ён апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, зможа атрымаць кансультацыю юрыста і г. д. З 27 сакавіка там былі пракансультаваныя 860 мінчан.

З 23 сакавіка ў сталіцы працуе шматканальная гарачая тэлефонная лінія для садзейнічання ў атрыманні работы і інфармавання аб магчымасцях працаўладкавання.

— Якія яшчэ змены чакаюць мінчан, што звернуцца ў службу занятасці?

— У аддзелах працаўладкавання зараз арганізавана экспрэс-абслугоўванне. Пры гэтым для таго, каб атрымаць дапамогу, чалавеку неабавязкова рэгістравацца ў якасці беспрацоўнага.

Калі хтосьці адчувае складанасці з працаўладкаваннем, то ён можа першапачаткова атрымаць часовую працу. Для гэтага мы вызначылі 145 аб'ектаў, якія даюць гораду 945 працоўных месцаў, з іх 66 (або 460 працоўных месцаў) — для часовай занятасці, 79 (або 485 працоўных месцаў) — для ўдзелу ў аплатных грамадскіх работах. Сярод такіх аб'ектаў — Мінскзеленбуд, заапарк, батанічны сад і іншыя. Самае галоўнае — асобныя наймальнікі пасля часовага працаўладкавання гарантуюць пераход на пастаянную працу.

Іншая рэч, што не ўсім беспрацоўным патрэбна праца. Сярэдні партрэт сталічнага беспрацоўнага: мужчына прыблізна 42 гадоў з сярэдняй адукацыяй. Большасць такіх прэтэндэнтаў на працу не маюць ніякай спецыяльнасці альбо маюць працяглы перапынак у працы. А наймальнікі сёння просяць высокакваліфікаваных работнікаў. І калі ім патрэбны, напрыклад, токар, то яны шукаюць токара самага высокага разраду.

Наогул, доля працоўных месцаў па рабочых прафесіях і спецыяльнасцях на сённяшні дзень скарацілася. Яшчэ два гады таму такіх працоўных месцаў было да 72%, а сёння іх доля складае каля 50%. А колькасць вакансій з некваліфікаванай працай знізілася да 600. Таму вакансіі вартаўніка, дворніка нарасхват.

І ёсць пэўны перакос, неадпаведнасць паміж тым, што просяць наймальнікі, і тым, што ім прапаноўваюць нашы кліенты. У такім выпадку мы раім беспрацоўным прайсці навучанне і перанавучанне. Гэта датычыцца больш чым 40 прафесій і спецыяльнасцяў рознага спектра. Прычым мы сёння не надта ўлічваем жаданне саіскальніка наконт атрымання новай прафесіі, а ў большай ступені арыентуемся на патрэбы рынку працы. Навошта нам рыхтаваць, напрыклад, сакратароў-рэферэнтаў або ліфцёраў, калі яны не патрэбныя гораду?

Яшчэ мы працуем пад канкрэтны заказ работадаўца. Напрыклад, мы шмат гадоў супрацоўнічаем з Мінтрансам. Рыхтуем для іх кіроўцаў тралейбусаў і трамваяў, вось і цяпер набіраем групу для навучання кіраванню трамваем. Ніяк не можам знайсці дастатковую колькасць кантралёраў грамадскага транспарту... Так, гэта напружаная, псіхалагічна няпростая праца, але там і зарплата прапануецца нядрэнная... Наогул, сярэдняя зарплата па наяўных вакансіях складае больш за 500 рублёў. Але, зноў жа, усё залежыць ад таго, што можа чалавек і як ён сябе праявіць.

У тэму

Каго чакаюць на сталічным рынку працы?

Сярод найбольш запатрабаваных сталічнымі наймальнікамі рабочых кадраў — прадавец (366 вакансій), кухар (268), прыбіральшчык памяшканняў (237), санітар (181), муляр (190), тынкоўшчык (187), маляр (185), цясляр-бетоншчык (170), арматуршчык (144), бетоншчык (144), швачка (132), кур'ер (102).

З ліку спецыялістаў найбольш запатрабаваныя ўрачы-спецыялісты (504), медыцынскія сёстры (978), выхавальнікі (178), інжынеры-праграмісты (161), фельчары-лабаранты (127), спецыялісты па продажы (79), рэнтгеналабаранты (75) і інш.

У найбліжэйшай перспектыве, як мяркуецца, таксама будуць запатрабаваныя рабочыя будаўнічых прафесій, рабочыя і інжынерныя кадры ў галіне машынабудавання, хімічнай прамысловасці, работнікі сферы гандлю, транспарту і сувязі, спецыялісты ІT-сферы і ўсе спецыялісты, звязаныя з абслугоўваннем інфармацыйных сістэм.

Захаваецца высокі попыт на спецыялістаў па продажах, лагістаў, тэхнічных спецыялістаў, медыцынскіх работнікаў, фармацэўтаў, педагогаў, матэматыкаў.

— Што можна зрабіць, на ваш погляд, каб павысіць эфектыўнасць службаў занятасці?

— На жаль, ёсць людзі, якія звяртаюцца ў службу занятасці, мабыць, толькі для таго, каб атрымаць статус беспрацоўнага. У мяне на прыёме нядаўна быў адносна малады чалавек, якому выдалі 31 накіраванне на працаўладкаванне, і яму не падышла ні адна вакансія! Магчыма, частка такіх людзей займаюцца ценявым бізнесам, некаторыя жывуць за кошт таго, што маюць ва ўласнасці некалькі кватэр і здаюць іх... Працаўладкаваць чалавека, які не мае матывацыі да працы, вельмі складана.

Думаю, нам будзе карысна ўлічыць досвед Літвы. Там, калі беспрацоўны прыходзіць на прыём да спецыяліста службы занятасці, той вызначае яго матывацыю. Усіх кандыдатаў на працаўладкаванне «дзеляць» на «талентаў» (высокакваліфікаваныя спецыялісты), асоб з высокай матывацыяй да працаўладкавання, гатовых тут жа выйсці на працу, асоб з сярэдняй матывацыяй. І апошняя група ўключае беспрацоўных з нізкай матывацыяй да працы.

З апошнімі дзвюма катэгорыямі працуе не толькі спецыяліст па працаўладкаванні, але і кансультант кар'еры, які праводзіць псіхалагічнае тэсціраванне і псіхалагічную кансультацыю. Такім чынам, з кандыдатамі з нізкай матывацыяй працуюць два спецыялісты, і гэта прыносіць свае вынікі: у краіны-суседкі высокая эфектыўнасць працаўладкавання — амаль 70% ад тых, хто звярнуўся. Таму і мы ўжо стараемся падключаць псіхолагаў і псіхалагічных кансультантаў.

У гэтым годзе сталічная служба занятасці будзе рэарганізавана. Цяпер у Мінску функцыянуе пяць міжраённых аддзелаў працаўладкавання. З верасня будзе працаваць тры аддзелы, якія не будуць прывязаныя тэрытарыяльна да адміністрацыйных раёнаў сталіцы. І любы чалавек незалежна ад таго, у якім раёне горада ён пражывае, зможа звярнуцца туды: пракансультавацца, зарэгістравацца ў якасці беспрацоўнага і атрымаць садзейнічанне ў працаўладкаванні. Акрамя гэтага, у Мінску будзе працаваць адзіны гарадскі цэнтр занятасці.

У цэлым хачу сказаць, што сёння ёсць перадумовы да павышэння попыту эканомікі горада на кадры і забяспечанасці працоўнымі месцамі тых, хто шукае працу. Ужо цяпер на кожнага афіцыйнага беспрацоўнага прыпадае 2,7 вакансіі, у той час як на пачатак года прыпадала толькі 1,1 вакансіі. І прыемна заўважыць, што ёсць попыт на спецыялістаў, бо гэта значыць — краіне патрэбны высокакваліфікаваныя кадры.

Карысна ведаць

Для тых, хто так і не знайшоў працу...

Тут важна задзейнічаць усе рэсурсы — гэта і гарадскія кірмашы вакансій, і дні прадпрыемства, якія праводзяцца штотыдзень на базе аддзелаў працаўладкавання, і інтэрнэт, і асабістыя кантакты, і размяшчэнне рэзюмэ, і зварот у дзяржаўную службу занятасці насельніцтва.

Інфармацыю аб магчымасцях працаўладкавання можна шукаць на інтэрнэт-партале Мінскага гарвыканкама, на сайтах камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, адміністрацый раёнаў, тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання, а таксама варта звяртаць увагу на аб'явы ў грамадскім пасажырскім транспарце, жылым фондзе, на інфармацыйных тумбах УП «Мінгардаведка» і інш.

У сталіцы з пачатку года ўжо прайшло 50 міні-кірмашоў вакансій і адзін агульнагарадскі кірмаш вакансій, а таксама 41 дзень прадпрыемства.

У ліпені плануецца працягнуць правядзенне інфармацыйных мерапрыемстваў для беспрацоўных грамадзян. Пройдзе больш як 20 міні-кірмашоў вакансій і дзён прадпрыемстваў. На іх, акрамя стасункаў з наймальнікамі, наведвальнікі аддзелаў працаўладкавання змогуць азнаёміцца з інфармацыяй аб сітуацыі на рынку працы, аплатных грамадскіх работах, наяўнасці свабодных працоўных месцаў у горадзе, атрымаць кансультацыі спецыялістаў службы занятасці насельніцтва.

Святлана Бусько

busko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.