Вы тут

Сінтэз класікі ды наватарства


Айчынныя майстры мастацкага тэкстылю паказалі рэтраспектыву творчасці

Беларускі габелен — сапраўдная нацыянальнаая каштоўнасць. Цягам доўгага часу майстры развівалі напрамак мастацкага тэкстылю, заснавалі школу габелена, дзякуючы якой атрымаць неабходныя веды і рэалізаваць іх на практыцы могуць маладыя творцы. У ліпені ў Палацы мастацтваў (на другім паверсе) экспануецца выставачны праект «Паралелі», які аб’яднаў знакамітых творцаў айчыннага тэкстылю — Ларысу Густаву, Людмілу Пуцейка, Людмілу Пятруль, Галіну Крываблоцкую і Вольгу Рэднікіну.


Праект арганізаваны з нагоды юбілеяў аўтараў: Ларыса Густава, Людміла Пуцейка, Людміла Пятруль адзначаюць сямідзесяцігоддзе, Галіна Крываблоцкая — саракагоддзе з пачатку творчай дзейнасці, а самая маладая ўдзельніца выстаўкі, Вольга Рэднікіна, рыхтуецца адзначыць саракагоддзе. Мастачкі сталі першымі, хто абраў у краіне прафесію мастака па тэкстылі.

 — Кожны з нас заняў у сістэме выяўленчага мастацтва сваю нішу і здолеў заваяваць аўдыторыю, таму выставачны праект мы і назвалі «Паралелі», — адзначае мастачка Ларыса Густава. — Мы даём публіцы магчымасць убачыць рэтраспектыву, эвалюцыю нашай творчасці: дэманструем работы як ранняга перыяду, так і апошнія. У нас няма канкурэнцыі, мы, наадварот, адна адну падтрымліваем, таму ў творах нас можна пазнаць праз дэталі, колеры. Наша мастацтва шматграннае. Мастацкім тэкстылем сёння займаецца і маладое пакаленне, нягледзячы на тое, што гэты працэс вельмі працаёмкі, складаны. Маладыя мастакі руйнуюць стэрэатыпы, што габелен састарэў. Працуючы над новымі аб’ектамі і раскрываючы праз іх актуальныя тэмы, аўтары даказваюць значнасць і перспектыўнасць мастацкага тэкстылю.

 Усе работы створаныя з выкарыстаннем воўны, сінтэтыкі, лёну. Мастачкі раскрываюць тэму роднай краіны: Ларыса Густава абрала тэматыку гарадоў, ды разважае не над інфраструктурай, а шукае сімвалы. Сімвалы Мінска — храмы. Для аўтара важна паказаць духоўнасць горада, яго душу. Выкарыстоўваючы пераважна светлыя колеры, творца паказвае гарады спакойнымі і ўтульнымі. Галіна Крываблоцкая шмат працуе над гістарычнымі і традыцыйнымі сюжэтамі. У яе творах праглядаецца беларускі арнамент. Мастачка нагадвае пра важныя для беларусаў святы, такія як Радаўніца і Дзяды. А Людміла Пятруль сумяшчае абстракцыю з элементамі пейзажа, дэманструючы ў творах беларускі сялянскі побыт. Творчая рэтраспекцыя мастачкі (1970 — 2015 гады) паказвае эвалюцыйны шлях беларускага мастацкага тэкстылю, паступовы пераход ад традыцыйнага прамавугольнага габелена да аб’ёмна-прасторавай інсталяцыі з інтэрактыўнай функцыяй непасрэднага кантакту з гледачом.

 — Мы практычна аднаго ўзросту, развіваліся і рэалізоўваліся паралельна. Усе любім габелен, аддалі гэтай справе шмат часу і сіл, аднак у кожнай свой аўтарскі почырк, — адзначае мастачка Галіна Крываблоцкая. — Нам важна паказаць габелен не проста як экспанат, а як працэс развіцця. Важна, каб глядач адчуў, што мы рухаемся наперад, знаходзім новыя тэматычныя і тэхнічныя рашэнні. Майстры сталага пакалення працуюць у асноўным з класічным габеленам, які дае базіснае разуменне тэкстылю. Але некаторыя з нас адыходзяць «ад сцен» і імкнуцца паказаць тэкстыль у аб’ёме, які можа здзіўляць знешняй кампазіцыяй, памерам. Беларускія майстры заўсёды ў пошуку новых ідэй, імкнуцца быць актуальнымі, патрэбнымі. Калі майстры старой школы захоўваюць традыцыі, то маладыя прадстаўнікі ўносяць у мастацтва габелена новыя павевы праз структуру, тэхніку і новыя матэрыялы.

Асаблівай увагі заслугоўваюць творы Вольгі Рэднікінай. У мастачкі — вялікі досвед. Вольга вучылася ў творцаў, з якімі цяпер разам дэманструе майстэрства. Настаўнікі дапамаглі адчуць тэкстыль, яго фактуру, сфарміравалі разуменне тэндэнцый і тэхнікі габелена. Аўтар шмат увагі надае колеравым і светавым нюансам, эксперыментуе з матэрыялам і формамі. Вольга ў пастаянным творчым пошуку, выкарыстоўвае разнастайныя матэрыялы, даследуе магчымасці тэкстыльных тэхналогій. Мастачка выкарыстоўвае досвед, атрыманы ад прадстаўнікоў беларускай школы мастацкага тэкстылю, але і дадае наватарства.

Тое, што ў Беларусі існуе школа мастацкага тэкстылю, — вялікае дасягненне. І паколькі класічным тэкстылем айчынныя майстры валодаюць прафесійна, то апошнім часам мастакі ўсё больш звяртаюцца да актуальных эксперыментальных напрамкаў, дзе патрэбны новыя матэрыялы, тэхналогіі і, вядома, тэмы. На выстаўцы «Паралелі» прадстаўлены тэкстыльныя скульптуры і інсталяцыі, створаныя на аснове спецыяльнай мастацкай структуры, якая дазваляе тэкстылю набываць аб’ёмную форму.

 — Працаваць з габеленам было заўсёды складана, — расказвае Галіна Крываблоцкая-Маркавец. — Так, час змяніўся, але калі раней работы прадаваліся лепш і хутчэй, то тады не было такога сучаснага абсталявання, цяпер працэс больш хуткі, арыгінальны і эксперыментальны. Габелен загартоўвае, бо працэс скрупулёзны, патрабуе вялікай канцэнтрацыі, увагі і сіл. Але беларусы — народ працавіты, менавіта таму ў нас па-ранейшаму існуюць віцебская і мінская школы мастацкага тэкстылю, якія не канкурыруюць, а, наадварот, дзеляцца новымі адкрыццямі, досведам. Мы часта арганізоўваем сумесныя выстаўкі, дэманструем дасягненні ў галіне тэкстылю. Глядач можа ўбачыць, наколькі мы розныя, і ў той жа час знайсці агульныя рысы.

 Магчымасць аналізаваць і параўноўваць творы аўтараў — важны складнік мастацкага ўспрымання выстаўкі. Але параўноўваць і вылучаць кагосьці складана, бо работы кожнага аўтара глыбокія, філасофскія. Прыемна, што прадстаўнікі нашай мастацкай супольнасці ўмеюць па-сапраўднаму сябраваць і дапамагаюць адзін аднаму развівацца. Менавіта гэты складнік — залог поспеху на шляху эвалюцыі і запатрабаванасці напрамку.

 Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.