Вы тут

Авантурысты, ці як здабываўся «Гілд»


Валодзя ўстаў з-за стала, і мы накіраваліся да выхаду. Астатнія хлопцы разам з Лідай паелі і потым на вуліцы яго чакалі гадзіны дзве, мусіць. Узняліся мы ў аднамесны нумар да Санцьяга. Яны паміж сабой размаўляць як трэба не могуць — я перакладаў. У Санцьяга было два інструменты: электрагітара і простая гітара. І вось яны з Валодзем пачалі іграць разам, імправізаваць: Валодзя — на электрагітары, а Санцьяга — на акустычнай. Потым мяняліся… Я заслухаўся. Гэта быў нейкі цуд! Яны так адзін аднога адчувалі! Выдатны ансамбль! Валодзя ў нейкі момант павярнуўся да мяне:


 — Міша, як ён іграе! Якая ў яго манера! — захоплена так, з прыдыханнем сказаў.

Ну, сапраўды. Нашы ж як ігралі? Па адным гуку чаплялі медыятарам. А Санцьяга іграў акордамі. Скарыстоўваў медыятар і іграў акордамі. Валодзя быў узрушаны:

 — Такога я яшчэ не бачыў!

Музіцыравалі ўдваіх яны даволі доўга. Санцьяга павінен быў вырашыць, прадаваць Валодзю інструмент ці не. І, калі яны скончылі, ён адклаў гітару і кажа:

 — Гэту гітару я ўжо абяцаў аднаму хлопцу ў Маскве. Але не прадам яму, бо ён просты, звычайны музыкант. А вось гэты хлопец (паказвае на Валодзю) — гэта музыкант экстра-класа, толькі яму і прадам гэту гітару!

 Яму было шкада аддаваць свой інструмент музыканту, які, відаць, значна саступаў Валодзю ў прафесійным плане. Гэта была шыкоўная гітара! І ён сказаў, што толькі гэтаму хлопцу прадасць, бо ён выдатны, варты музыкант і яму патрэбна такая гітара. Але адзінае — у іх былі далейшыя гастролі ў Кіеве і заключны канцэрт у Маскве. І яму трэба было дапрацаваць на гэтай гітары гастрольны тур па СССР. Мы дамовіліся, што я прыеду за ёй у Маскву. На развітанне Санцьяга сказаў:

 — Грошы я пакуль браць не буду. У Кіеве пагляджу антыкварыят і, калі што-небудзь спадабаецца, пазваню. Тады і прывязеш грошы.

Я даў яму свой нумар тэлефона, і праз дзень ці два ён звоніць:

 — Міша, ёсць справа. Я тут прыглядзеў цікавую рэч, якую хачу купіць. Прывязі мне 2000 рублёў!

Гэта была вялізная сума! Мы ж тады атрымлівалі па 100 — 120 рублёў! Я званю Валодзю: так і так, усё яму патлумачыў. Сустрэліся, і яны з Лідай мне ўручаюць гэтыя грошы. Ліда доўга іх лічыла пры мне. І дома, калі я прывёз, зноў лічылі мае жанчыны. І на другі дзень я вылецеў у Кіеў.

Прыляцеў, узяў таксі. Таксіст ведаў, дзе выступае Рафаэль са сваім ансамблем, і прывёз мяне ў Палац культуры «Украіна». Там репеціравалі музыканты, і адзін з іх сказаў, што пасля рэпетыцыі яны на машыне едуць у гасцініцу, дзе жыве Санцьяга, і прапанаваў мяне туды падвезці. Паехалі ў гэту гасцініцу, сустрэлі Санцьяга. Я зайшоў да яго. Мы трохі пасядзелі, пагаварылі. Я аддаў яму грошы, ён таксама іх пералічыў. І я застаўся ў Кіеве на пару дзён. Жыў у гасцініцы, у нумары ў Санцьяга. Ён мне выдзеліў канапу, падушку. Мы з ім гулялі па Кіеве, схадзілі ў рэстаран. Я яму перакладаў, дапамагаў размаўляць з мясцовымі. У рэстаране Санцьяга зноў угледзеў «антыкварыят»: міма нас прайшлі афіцыянты з падносамі, на якіх стаялі шклянкі ў падшклянках. Гэтыя падшклянкі былі вельмі прыгожыя, вытанчаныя. Ён іх праводзіў жаданым позіркам:

 — Miguel, сomo me gusta! — Як мне гэта падабаецца! Прыдумай што-небудзь, я хачу гэта набыць!

 Я падазваў афіцыянтку. Кажу ёй:

 — Гэты чалавек — гітарыст ансамбля Рафаэля. Яна адразу вочы закаціла.

 — Яму вельмі спадабаліся вунь тыя падшклянкі на падносе. Спытайце, ці можна іх у вас купіць?

 — Пачакайце!

Яна пайшла (відаць, каб пагаварыць з загадчыцай). Вяртаецца:

— Усё, — кажа, — можна купіць!

І выносіць цэлы камплект, 6 штук у вялікай кардонцы. Санцьяга быў задаволены, што набыў рэдкую рэч, якая яму вельмі падабалася. Я, шчыра кажучы, ніколі б не купіў гэтыя падшклянкі! Але ён любіў даўніну.

 Мы дамовіліся, што 10 кастрычніка будзе развітальны канцэрт у Маскве, і я пад’еду туды і забяру гэту гітару. Сам Валодзя не мог паехаць, бо ў той дзень, калі ў Рафаэля быў апошні канцэрт у Маскве, «Песняры» выляталі на гастролі ў Сібір. Таму Мулявін асабіста не сустракаўся ні з Рафаэлем, ні з Санцьяга. Ён адправіў у Маскву разам са мной свайго адміністратара Грышу Шнэйдэрмана. Той, паспадзяваўшыся на авось, не купіў загадзя білеты на цягнік. Мы прыехалі проста на вакзал, а там народу — процьма, чарга. Ён ледзь праціснуўся да касы і ледзь купіў гэтыя білеты! Перад нашым ад’ездам Валодзя з Лідай перадалі для Санцьяга сувенір. Я ім расказаў, што Санцьяга вельмі любіць старадаўнія рэчы, і Ліда недзе вышукала рарытэтны адбітак далоні з бронзы. Гэты старадаўні прадмет, напэўна, меў нейкае дачыненне да рэлігіі. І вось мы з гэтым Шнэйдэрманам селі ў цягнік і паехалі забіраць гітару.

Прыбылі ў Маскву. Рафаэль выступаў у Тэатры эстрады. Я зноў з ім сустрэўся, пры гэтым хваляваўся і дрыжаў як дзяўчынка. Разумеў, што побач са мной стаіць сусветная зорка. Для мяне ў той час гэта быў спявак нумар адзін. Я настолькі быў у захапленні ад яго шыкоўнага голасу! А ён яшчэ іншы раз падчас спеваў адыходзіў у бок і спяваў без мікрафона. Галасіну меў што трэба! Ён быў такі худзенькі, з доўгімі валасамі... Сексуальны мужчына, між іншым! І фанаткі шалелі. Вы не ўяўляеце, што рабілася ў той час, калі Рафаэль быў на гастролях! Дзяўчаты з усяго Савецкага Саюза: з Масквы, Ленінграда, Мінска, Кіева і іншых гарадоў — ездзілі за ім па ўсёй краіне. Дзе ён, там і яны. Вось, напрыклад, ён снедае ў рэстаране, і дзяўчаты па адной сядалі вакол за іншыя сталы і не давалі нікому прайсці да яго, каб не перашкаджаць есці. Вось такія фанаткі. Дарэчы, амаль гэтак жа потым было і ў «Песняроў». Ім таксама фанаткі не давалі праходу! І вось Санцьяга на апошнім канцэрце павінен быў аддаць мне гэту гітару. Мы сустрэліся. Я перадаў яму прэзент ад Валодзі. Ён узяў яго ў рукі, глядзеў-глядзеў, потым пальцы паклаў туды і пачаў шаптаць нешта. Вельмі быў задаволены і крануты, што атрымаў такую цудоўную старадаўнюю рэч.

Пасля канцэрта нам трэба было нейкім чынам вынесці гэту гітару, каб ніхто не заўважыў. А там жа народу процьма, і як гэта зрабіць? Ніхто ж не павінен ведаць! Не так усё проста было, бо ўся Масква білася за гэту гітару, многа хто хацеў яе купіць. Магло быць усё што заўгодна! Мы дамовіліся з гэтым Шнэйдэрманам, што ён будзе чакаць на вуліцы ў машыне. Каб мы выйшлі і адразу ж пагрузілі гітару ў машыну. І вось ідзём з Санцьяга. Ён нясе гітару, а я качу ўзмацняльнік на колцах. Праціскаемся паміж натоўпам. Людзей — процьма: справа, злева, а мы ідзём паміж іх. І ўсе на нас глядзяць… Я дрыжаў ад хвалявання. Не дай бог што- небудзь здарыцца! Выходзім на вуліцу. Выглядаю Шнэйдэрмана і не бачу, дзе ён. Гляджу-гляджу… Хві- ліна-дзве — і ён нарэшце выходзіць з машыны. Я ўздыхнуў з палёгкай. Мы хутка пагрузілі ў багажнік гітару і ўзмацняльнік. І ўсё. Грыша адразу з гэтай гітарай паляцеў на гастролі ў Сібір, а мы з Санцьяга селі ў таксі і паехалі ў гасцініцу. У мяне заставалася пара гадзін да цягніка. Мы вельмі цёпла пагаварылі, доўга развітваліся, абняліся па-братэрску…

Праз некаторы час ён напісаў мне ліст, у якім распытваў пра гітару. Абяцаў даслаць схему і інструкцыю. Я адказаў, што з гітарай усё ў парадку, што Валодзя вельмі задаволены і шчыра дзякуе яму і мне за тое, што нарэшце набыў сапраўдны інструмент.

Володя вельмі доўга іграў на гэтым «Гілдзе», а потым усё ж прадаў. І не раз гаварыў, што вельмі шкадаваў пра гэта...

P. S. У кнізе Людмілы Крушынскай нечакана для сябе знайшла працяг гэтай гісторыі, што распавёў Анатоль Кашапараў (праўда, у кнізе Анатоль Яфімавіч памылкова называе гітару «Гілд» «Гібсанам». Вонкава і сапраўды гітары гэтых фірм нечым падобныя, вось многія і блытаюць). Такім чынам, у 1976 годзе, падчас гастроляў «Песняроў» у Злучаных Штатах, на адной з прэс-канферэнцый, журналісты спыталі ў Мулявіна: «Мы бачым у вас амерыканскую гітару «Guild». Адкуль яна ў вас?

Мулявін не прымусіў доўга чакаць.

 — Ды ў нас гэтымі гітарамі завалены ўсе ўнівер- магі! — не міргнуўшы вокам, адказаў ён. — У продажы толькі «Guild» і ёсць!..

Вольга БРЫЛОН

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.