Вы тут

Апошні іспыт


Рэперы і няўдачнікі, выкладчыкі і вучні, бацькі і дзеці, хлопчыкі і дзяўчаткі… Стасункі, якія заўсёды вакол нас, знайшлі адлюстраванне ў выпускных работах былых студэнтаў БДАМ, а цяпер прафесійных рэжысёраў.


Кадр з фільма «Брача» (рэж. Кірыл Ярохін).

Так, можа падацца, што расказваюць яны не пра самае надзённае і важнае, але ўсе гэтыя сувязі, моцныя і выпадковыя, абавязкова знойдуць свайго ўнікальнага гледача.

На апошнім экзамене маладых кінематаграфістаў сабралася досыць гледачоў, нягледзячы на тое, што фільмы паказвалі раніцай. Але для сапраўдных аматараў новага беларускага кіно гэта не стала перашкодай: апошні экзамен прымалі генеральны дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм» Ігар Поршнеў і першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга, якая прапанавала паразважаць, што ж такоё сёлетні выпуск — «апошняя надзея ці паспяховы старт новага вялікага карабля?» На жаль, да новага айчыннага кіно мы заўсёды чамусьці ставімся як да свята, прычым да юбілейнага: чакаем вельмі моцна, сочым за развіццём гісторыі і нарэшце глядзім, ужо не так заўзята.

Цяпер выпускнікоў Акадэміі мастацтваў чакае размеркаванне на кінастудыю «Беларусьфільм» і ў прыватныя кінастудыі, за плячыма некаторых рэжысёраў ужо ёсць поўнаметражныя стужкі і шэраг перамог на фестывалях. На экзамене ж можна было ўбачыць іншае — кароткі метр, прычым не новы і часам не самы лепшы, а проста каштоўны для стваральніка. Усе без выключэння фільмы апавядаюць пра стасункі: рэальныя, метафізічныя, несапраўдныя і нежаданыя. І з васьмі невялічкіх стужак толькі адна знятая па творы беларускай літаратуры…

«Дугін» Сяргея Дзмітрэнкі (які з’яўляецца адным з рэжысёраў карціны «Party-zan фільм») створаны па матывах «Радавых» Дударава. Занадта паспяховы малады герой пачынае выклікаць падазрэнні — яго жонцы напісалі, што ён загінуў на вайне. На гэтым усё, бо стужка будуецца вакол дыялогу Дугіна з іншым афіцэрам (акцёрскае пытанне — асобнае) на фоне цьмянай і нямой зімы, і, канешне, твор Дударава ў 15 хвілін не ўмясціць, асобы не раскрыць, адзінае, пра што глядач у выніку даведаецца: усё дрэннае, зробленае Дугіным, адбывалася з-за кахання. Магчыма, і з пачуццяў рэжысёра да беларускай літаратуры зможа нарадзіцца якасная поўнаметражная экранізацыя.

Каханне падштурхоўвае на незразумелыя ўчынкі і маленькага хлопчыка, героя фільма «Цёмная рака, цяжкія вёслы», які Арцемій Калінін зняў па апавяданні Кэндзабура Оэ. Японская гісторыя арганічна выглядала ў беларускіх рэаліях, дзе маленькі хлапчук, якога бацькі пакінулі дома, закахаўся ў прывабную дарослую суседку. Рэжысёр узняў у фільме, магчыма, не самую важную, але цікавую тэму: закаханы безабаронны хлопчык можа паводзіць сябе як бясстрашны дарослы мужчына, хоць і з налётам наіўнасці. Любоўны трохкутнік становіцца пачаткам драмы; хлопчык замест школьных заданняў спрабуе знайсці каханне, але ў яго ўзросце з такімі складанасцямі не разабрацца; жыццё параўноўваецца з веславаннем па цёмнай рацэ.

Філасафічнасць блізкая і «Гульням са смерцю» Алесі Камяковай. Нашы рэжысёры ўвогуле любяць разважаць на тэму жыцця і смерці, але ў «Гульнях са смерцю» атрымалася казачна-фантастычнае разважанне, ад гэтага не менш сур’ёзнае і дарослае. Ніякай смерці з касой, ніякіх пакут і слёз. Калі вы не ведалі, то смерць — элегантны мужчына ў чорным кацялку з пясчаным гадзіннікам, зусім не жахлівы. І сэнс у фільме не ў тым, што смерць абавязкова кагосьці забірае. Смерць — таксама праца, і камусьці даводзіцца яе выконваць. І часам ад гэтага хочацца адпачыць: папіць несапраўднай гарбаты з цацачных кубачкаў, упрыгожыцца ружовым пер’ем і, магчыма, упершыню ў жыцці (вось дык каламбур) рассмяяцца.

Што лёгка можа прэтэндаваць на сацыяльную рэкламу, дык гэта «Кактус» Андрэя Кашперскага, які атрымаў Гран-пры на міжнародным кінафестывалі ў Омску. Але звычайна ў рэкламе ўсё занадта прыгожа, тут жа — амаль ніякай лірыкі. Вечнае пытанне бацькоў і дзяцей адкрываецца героям фільма праз маленечкі, але востры кактус.

Амаль скончаная праца над альманахам «Мы» на «Беларусьфільме», стужкі для якога ствараюць маладыя рэжысёры. Кірыл Ярохін зрабіў свой унёсак кароткаметражным фільмам «Брача» (ужо не першай і, спадзяёмся, не апошняй стужкай пра недаследаваную айчынную вулічную культуру), знятым паводле сцэнарыя Дзмітрыя Багаслаўскага. Героямі рэжысёра сталі паспяховы рэпер і супрацьлеглы яму паэт-аматар. Абодва — згубленыя, але ў рознай ступені, абодва не ведаюць, што робяць, і любяць марыць ды філасофстваваць. Акрамя чалавечых гісторый у стужцы шмат начнога Мінска, юнацкага максімалізму, шчырых размоў і абмену вельмі рознымі культурамі (вершамі і рэпам).

Пра стужкі «Апошні шанц» Ігара Васільева, «Юбілей» Арсенія Ільіных і «Мой брат» Нэлы Васілеўскай (якая, дарэчы, заняла першае месца на XVIII Міжнародным фестывалі студэнцкіх фільмаў «Залатая пяцёрка») «ЛіМ» ужо пісаў. Без адносін зноў жа нікуды: пачуццё віны старога трэнера за смерць свайго вучня, жанчына, якая не можа дачакацца родных ні на адзін свой юбілей, — гэтыя героі нібыта з розных полюсаў, але неверагодна адзін да аднаго падобныя. Хочацца, каб гэтае падабенства заўважыў і беларускі глядач, а калі будзе магчымасць здымаць, то можна будзе паглядзець наша маладое кіно на вялікім экране.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».