Вы тут

«Звязда» правяла адзін дзень з малаказборшчыкам


Карову да гэтага часу называюць вясковай карміцелькай. Раней драўляныя столікі пры дарозе былі ці не ў кожнай вёсачцы. З самага ранку гаспадыні ставілі на іх рознакаляровыя вёдры, а дзесьці праз гадзіну па вуліцы праязджала грузавая машына, і вадзіцель пераліваў свежае малако ў бочку з сінім надпісам збоку.


За адзін рэйс Дзмітрый Лінок напаўняе бочку больш чым напалову.

Карціна, многім знаёмая яшчэ дзесяць гадоў таму, зараз сустракаецца не часта. Хоць людзі, якія сёння трымаюць кароў — адну, а то і дзве, тры, — таксама ёсць. Так што машына з металічнай бочкай па-ранейшаму спыняецца каля некаторых падвор'яў.

Па маршруце малакавоза адпраўляемся разам з Дзмітрыем Карачуном, старшынёй Валожынскага сельскага Савета дэпутатаў. Ён адказны сёння за 85 населеных пунктаў. У тым ліку павінен унікаць у «малочнае» пытанне. Пакуль кіруемся да першага прыпынку малаказборшчыка, Дзмітрый расказвае пра населеныя пункты, што відаць за акном.

— Цяпер нават у вёсках людзі трымаюць мала жывёлы, бо жывуць не з гаспадаркі, а з заробку. Дамашняя жывёла, асабліва буйная, становіцца не неабходнасцю, а своеасаблівай данінай вясковай традыцыі. Калі глядзець па нашым сельсавеце, на ўласных падвор'ях сёння налічваецца 144 каровы. Напрыклад, у Брыльках на 263 чалавекі — сем кароў.

Збор малака, упэўнены старшыня, прыносіць карысць, асабліва пажылым людзям. Па-першае, адмовіцца ад «карміцелькі» для іх немагчыма, гэта быццам нешта дарагое ад сэрца адняць. Па-другое, спажыць усё малако пенсіянерам не ўдаецца, таму адправіць на малаказавод пару літраў вельмі зручна — не прападае дарэмна «натуральны прадукт», і пэўная капейчына з'яўляецца ў дадатак да пенсіі.

Сем вёрстаў звіву па акрузе

Збіраюць малако індывідуальныя прадпрымальнікі, што маюць адпаведны дагавор з райвыканкамам. Працуюць не толькі ў Валожынскім сельсавеце, але і ў суседніх, выязджаюць у кожную вёсачку па графіку, а ў 11 раніцы машына выпраўляецца ў апошні пункт — вязе сыравіну на Валожынскі філіял Маладзечанскага малочнага камбіната. Летам малаказборшчыкі працуюць штодзень, у тым ліку і па выхадных. Зімой, калі жывёла дае менш малака, графік становіцца не такім шчыльным.

У снежні Дзмітрый Лінок вярнуўся з войска дадому ў Маладзечна і, скарыстаўшыся парадай знаёмых, уладкаваўся на працу малаказборшчыкам. Першыя тыдні вучыўся, запамінаў маршрут, знаёміўся з жыхарамі. Цяпер тры месяцы як самастойна кіруе машынай. У вёсцы Дубіна-Юрздыцкая хлопец спрытна падганяе малакавоз да веснічак — там ужо чакае закрытая бляшанка.

— Сёння насос зламаўся, таму заліваю ўручную, — тлумачыць Дзмітрый, пакуль адкідвае накрыўку на бочцы і пералівае малако. Паназіраць за працэсам з хаты выйшлі гаспадары.

Сужэнцы Пётр і Яніна Крупскія могуць дакладна назваць год, калі ў гаспадарцы з'явілася карова. Вопыт здачы малака прыкладна такі ж, як і ўтрымання жывёлы, — 24 гады. Так што тонкасцямі і патрабаваннямі жанчыну не здзівіць:

— Лабаранты за якасцю сочаць строга, ды і мы разумеем, што калі кароўка прыхварэла, то здаваць малако нельга і потым, пасля лячэння, трэба пачакаць крышку. Здаём, як і ў мінулыя гады, хаця асаблівага прыбытку з гэтага займець не атрымліваецца, адзін літр малака ў сярэднім ацэньваецца ў 40 капеек. Але лепей так, чым яно прапала б.

Прапасці сапраўды не павінна. Дзмітрый прыпыняецца і каля дамоў, дзе чакаюць бляшанкі, і каля веснічак, побач з якімі стаяць вёдры і... трохлітровы слоік. У Валожынскім сельсавеце малако здаюць гаспадары 44 кароў, так што бывае, машына заварочвае ў вёсачку дзеля аднаго падворка. Такі вось індывідуальны падыход. А ўсяго за дзень, як кажа сам хлопец, ён збірае па 1200—1300 літраў малака з усяго маршруту.

Не ўсё так проста

Дарэчы, малаказборшчык памячае ў журнале толькі аб'ём здадзенага. Аналіз на антыбіётыкі праводзіць лабарант з «агульнай» бочкі. Тлустасць і іншыя паказчыкі ад кожнай каровы асобна вызначаюцца па пробах сыравіны, што Дзмітрый і іншыя вадзіцелі прывозяць на завод некалькі разоў на сезон у асобных ёмістасцях. Здараюцца і незапланаваныя праверкі, калі, напрыклад, хто-небудзь з гаспадароў паскардзіўся на «няправільную» лічбу ў ведамасці. У такім выпадку дзень праверкі вызначаецца нечакана — як для тых, хто здае малако, так і для самога малаказборшчыка. У аб'езд выпраўляецца камісія са старшыні, прадстаўніка малаказавода і яшчэ каго-небудзь з грамадскасці, а пробу бяруць з кожнага вядра, нават калі малако належыць аднаму гаспадару. Слоікі з узорамі адпраўляюцца на праверку пад нумарамі, так што вызначыць, «чыя карова», на этапе экспертызы немагчыма, адпаведнасць лічбы і імя чалавека ведаюць або старшыня сельсавета, або прадстаўнік райвыканкама.

Трымаць у гаспадарцы некалькі кароў Галіна Слабадзянюк прызвычаілася з дзяцінства.

Як заўважае Дзмітрый Карачун, людзі могуць разважаць, што «ў бочцы ўсё роўна перамяшаецца». Але насамрэч на заводзе апаратура вылучае самыя дробныя долі рэчываў. Як вынік — у выпадку са станоўчай рэакцыяй на антыбіётыкі ўся партыя сыравіны аказваецца непрыдатнай. Яшчэ адзін параметр — тлустасць — пільнуецца на выпадак, каб нядобрасумленны гаспадар не пачаў даліваць у вядзерца з малаком вады. Адсочваюць кантралёры і колькасць здадзенага ў залежнасці ад таго, колькі кароў у гаспадарцы, каб не было спакусы да літраў ад уласнай рагулі «даплюсаваць» частку калгаснага надою. Зрэшты, выпадкаў такога махлярства па сельсавеце не сустракалася.

Бычок — на сена, камбайн — па дамоўленасці

У вёсцы Бурмакі больш за ўсё жыхароў летам — дамы раскуплены дачнікамі. Пастаянная жыхарка Галіна Слабадзянюк у наступным маі будзе святкаваць сямідзесяцігадовы юбілей, аднак за гаспадарку жанчына трымаецца: поле агарод, сушыць сена, гадуе чатырох кароў. І малако здае, як заведзена.

Сваіх улюбёнак жанчына паказвае ахвотна, ды і расказваць пра іх можа доўга: які характар у кожнай, як трэба з імі абыходзіцца. Не дзіва, што прадаваць або аддаваць жывёлу ў чужыя рукі пенсіянерка не хоча. Толькі скардзіцца, што сена назапашваць даводзіцца многа. Праца цяжкая, для адной жанчыны, можна сказаць, неадольная, так што з нарыхтоўкай дапамагае сын і суседзі. Калі хто выкасіць участак, то аддае сухую траву на корм, нават звезці да двара дапамагае. Падзякай памочнікам становіцца ўсё тое ж малако.

— Важна, дзе знаходзіцца сельсавет, — тлумачыць пазней Дзмітрый Карачун. — Калі побач ад вёскі ёсць вялікі горад, гаспадары альбо прададуць прадукт дачнікам, альбо павязуць на рынак: усё-такі там кошт на яго вышэй. Так што чым бліжэй вёска да буйнога населенага пункта, тым менш у жыхароў зацікаўленасці здаваць малако. Затое ў аддаленых пасёлках збор большы, бо магчымыя пакупнікі туды рэдка зазіраюць.

Акрамя дарослых рагуль, па лужку за домам Галіны Слабадзянюк бегае яшчэ і маленькае цяля. На яго пенсіянерка паглядае з клопатам — гадаваць у сваёй гаспадарцы сродкаў не хопіць, аддаваць «на мяса» — шкада.

Абмежаванняў у здачы малака няма — колькі можа дазволіць сабе гаспадар, столькі і выстаўляе за весніцы.

Старшыня раіць патэлефанаваць у калгас. Выпадкі, калі гаспадарка купляе ў жыхароў цялят, — звычайная практыка. Можна нават абгаварыць умовы, у якім выглядзе прыйдзе да ўласніка аплата. Некаторыя просяць грашыма, іншыя выбіраюць зерне, сена альбо камбінаваны варыянт.

Дарэчы, згодна з працоўнымі і прафсаюзнымі дагаворамі, вяскоўцы, якія трымаюць уласную жывёлу і працуюць у калгасе, павінны мець дадатковую падтрымку. Гэта прапісаны для прадпрыемства абавязак. Але нават калі чалавек не прыкладаў рук да сельскагаспадарчай галіны, то ўсё роўна можа дамовіцца на дапамогу. Напрыклад, восенню вяскоўцы заказваюць камбайн або сенажатку для сваіх палеткаў.

Наогул, праца малаказборшчыка як паслуга для вёскі ўсё яшчэ актуальная. Апошнім часам у сельскую мясцовасць на Валожыншчыне сталі прыязджаць новыя людзі. Невядома толькі, ці захаваюць яны старыя традыцыі?

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Малочныя ручаі збягаюцца ў рэкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».