Вы тут

Мазыранін знайшоў працу і атрымаў жыллё ў вёсцы пад Гомелем


Былы мазыранін Аляксей Васкевіч паўгода як знайшоў працу і атрымаў жыллё ў вёсцы пад Гомелем. Да гэтага ён паспеў набыць вопыт у некалькіх гаспадарках Гомельшчыны і добра ведае, якія крытэрыі жыцця і працы для яго важныя.

З галоўным заатэхнікам агракамбіната «Паўднёвы», што знаходзіцца побач з Гомелем, мы пазнаёміліся на адной з фермаў. Аляксей Васкевіч з усмешкай успамінае, што яго шлях у сельскую гаспадарку пачынаўся зусім не з любові да жывёл, а з... казусу.


— Пасля 11 класа з сябрамі пайшлі паступаць у Калінкавіцкі тэхнікум на заатэхнікаў. Я ў той час падпрацоўваў, таму падчас уступнага іспыту заснуў. Калі прачнуўся, экзамен закончыўся. У мяне адабралі чысты аркуш і сказалі, што я не паступіў. Прызнацца, мяне гэта зачапіла. Я ж нядрэнна вучыўся, хоць і не на «выдатна». Праз год, ужо пасля заканчэння вучылішча, дзеля прынцыпу рашыў сябе праверыць і паступіць у тую ж установу. Усё здаў выдатна і паступіў. Але ж калі пачалася практыка, былі моцныя сумненні: ці туды я трапіў? Размеркавалі мяне ў Жлобінскі раён. Заробак быў — капейкі, але мне вельмі падабалася працаваць. Я потым спрабаваў займацца іншай работай, але ж адчуваў, што ўсё іншае не маё.

Дарэчы, адукацыю 31-гадовы галоўны заатэхнік «Паўднёвага» працягвае атрымліваць і цяпер — завочна ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Там жа вучыцца і яго жонка Віялета, якая ў гаспадарцы працуе ветурачом. Пераехалі ў Гомельскі раён разам, і такім чынам сельгаспрадпрыемства атрымала адразу двух дэфіцытных спецыялістаў. Сям'і адразу ж выдзелілі жыллё з усімі выгодамі. Трохпакаёвы дом у Чырвоным Маяку паспелі абжыць і нават бульбу побач з ім пасадзілі. Маленькі сын знайшоў ужо сяброў. Так што, кажа Аляксей, здаецца, яны спыніліся тут надоўга. Гаспадарка яму спадабалася і галоўнае — людзі, з якімі сёння працуе. Між тым будучае месца працы малады спецыяліст вывучаў гэтак жа сур'ёзна, як і мясцовыя кадравікі яго асобу:

— Я ж восем гадоў працую ў сельскай гаспадарцы. На Мазыршчыне мяне многа чаму навучылі, але ж там не было жылля, і таму прыйшлося выйсце шукаць — а значыць, і іншую гаспадарку. У мяне быў выбар: Лоеўскі, Ельскі, Нараўлянскі раёны. Праз інтэрнэт знайшоў гэту гаспадарку, патэлефанаваў, даведаўся, што ды як. Мне вельмі спадабалася, што кіраўнік Міхаіл Пятровіч Карнадуд працуе тут вельмі даўно. Калі чалавек на адным месцы столькі часу, значыць, прадпрыемства стабільнае. Мне было важна, з кім непасрэдна я буду працаваць. Праехаў па фермах — бачу, людзі ёсць, спецыялістаў хапае. Значыць, пэўны вынік можна даць. Першы намеснік дырэктара Мікалай Місачэнка мне расказаў усё як ёсць, у тым ліку пра праблемы. Горы залатыя мне не абяцалі, таму і паверыў. Ну і тое, што жыллё далі добраўпарадкаванае адразу ж, вядома, сыграла сваю ролю, не будзеш жа на шыі ў бацькоў усё жыццё сядзець. Безумоўна, калі сваякі зусім побач — важна, але ж і тут хапае добрых людзей. Дарэчы, для мяне вельмі важным у свой час стала знаёмства з нашым сённяшнім кіраўніком вобласці Уладзімірам Дворнікам, калі ён быў яшчэ на Мазыршчыне. Мы з ім вось так, як я з вамі, хадзілі па ферме, размаўлялі, раіліся. Ён казаў: ёсць тыя, хто працуе дзеля самой працы, і тыя, хто дзеля грошай. Для мяне работа — гэта ў першую чаргу стасункі, кантакт з рознымі людзьмі. Гэта магчымасць для самасцвярджэння і павышэння свайго статусу. Тут усё ўзаемазвязана, і мне вельмі важна знайсці сваё месца. Пры гэтым трэба пастаянна вучыцца ў іншых. Што датычыцца заробку, ім я сёння таксама задаволены.

Намеснік дырэктара ААТ «Агракамбінат «Паўднёвы» Вольга ЧАБРОВА гаворыць, што ў гаспадарцы, якая знаходзіцца побач з абласным цэнтрам, ёсць свае асаблівыя кадравыя праблемы:

— Асноўнымі спецыялізацыямі нашага агракамбіната з'яўляюцца вырошчванне збожжавых, а таксама вытворчасць малака і мяса. Не кожны пойдзе працаваць на ферму, калі можна ўладкавацца і ездзіць працаваць на гомельскае прадпрыемства. Звычайна спецыялістаў мы імкнёмся «вырошчваць» са сваіх, мясцовых кадраў. Людзі спачатку атрымліваюць адукацыю ў ліцэі ці каледжы, а потым павышаюць яе. Асобным даём мэтавыя накіраванні на вучобу ў ВНУ. У выпадку з Аляксеем Васкевічам у нас адкрылася вакансія, а ён у гэты час прыслаў нам сваё рэзюмэ, якое мы разгледзелі, і вырашылі пытанне станоўча. 85% жыллёвага фонду, які ёсць у агракамбіната, згодна з працоўным дагаворам,мы можам выдзяляць спецыялістам, у якіх гаспадарка мае патрэбу.

Каментарый спецыяліста:

Тамара МАКІЕНКА, начальнік аддзела садзейнічання занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама:

— На Гомельшчыне сёння рэалізуецца праграма па перасяленні беспрацоўных і членаў іх сем'яў у іншую мясцовасць на новае месца жыхарства і працы ў мэтах садзейнічання іх занятасці і папаўнення працоўнымі рэсурсамі рэгіёнаў, дзе працоўных рэзерваў недастаткова. Так, летась на новае месца жыхарства і працы пераселена 24 сям'і беспрацоўных грамадзян. У складзе сем'яў, якія перасяліліся па накіраванні органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, — 58 чалавек, у тым ліку 32 чалавекі ў працаздольным узросце (з іх — 26 беспрацоўных). З агульнага ліку сем'яў 14 пераехалі з горада ў сельскую мясцовасць. У першым паўгоддзі гэтага года ў межах Гомельскай вобласці пераселена 14 сем'яў беспрацоўных грамадзян.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Тое, што сапраўды важна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».