Вы тут

Ці лёгка працаўладкавацца ў Хоцімскім раёне?


Хоцімск — адзін з самых аддаленых населеных пунктаў Магілёўскай вобласці. Каб дабрацца да яго з абласнога цэнтра, трэба правесці ў дарозе 4 гадзіны. Затое да Расіі на сваім аўто прыкладна за паўгадзіны даедзеш. Не дзіўна, што насельніцтва актыўна гэтым карыстаецца і выбіраецца туды на заробкі. Працаўладкавацца ў раёне, па сутнасці, магчыма. На сайце райвыканкама значыцца каля ста вакансій. Але, як высветлілася, чалавеку без кваліфікацыі нешта падабраць праблематычна.


Прадпрымальнікі радуюцца кожнаму пакупніку.

Самыя буйныя прадпрыемствы ў гарадскім пасёлку — жылкамгас ды райспажыўкааперацыя, дзе працуюць больш чым па 200 чалавек. У раёне таксама пяць больш-менш буйных аграгаспадарак. Плюс адукацыйная і сацыяльная сферы, дзе заўсёды ў дэфіцыце настаўнікі і ўрачы. Але людзей такіх прафесій сярод беспрацоўных наогул няма.

Па дарозе ў райвыканкам паспяваю пагутарыць з выпадковымі мінакамі. Пытанне пра працу для тутэйшых балючае. «Мой знаёмы ўжо сем гадоў не можна працаўладкавацца, — шчыра кажа жанчына. — Па адукацыі электрык, хадзіў у жылкамгас, ПМК — усюды разводзяць рукамі, маўляў, няма работы. Яму ўсяго 36 гадоў, ездзіць на заробкі ў Расію. А што рабіць? І такіх палова Хоцімска».

Пра вакансіі, якія знаходзяцца на сайце, жанчына адгукаецца вельмі крытычна: «Як ні звернешся, толькі і чуеш — нічога няма, чакайце», — кажа яна.

У гандлёвым цэнтры пакупнікоў няшмат. І маё з'яўленне ўсяляе ў прадаўцоў дадатковую надзею. Мне гатовы прапанаваць тавар нават з растэрміноўкай на тры месяцы. Толькі б што-небудзь купіла.

Зоя Фралова: «Выдаваць накіраванне на працу чарговаму беспрацоўнаму заўсёды прыемна».

— Тавар прадаём у доўг, трэба ж неяк на хлеб зарабляць, — прызнаецца адна з прадаўшчыц. — Плюс свае бульба, агуркі, у некаторых — качкі, свінні, каровы. Так і жывём. Людзі ў нас небагатыя, а тыя, хто больш зарабляе, едуць атаварвацца ў Расію. У нас па 500 рублёў толькі начальнікі атрымліваюць. У мяне вунь нявестка не працуе, у знаёмай — дачка.

— Хто хоча працаваць, той работу сабе знойдзе, — выказваецца яшчэ адна жанчына. І з ёй усе пагаджаюцца. Праўда, пра вакансіі, якія прапаноўваюцца на сайце райвыканкама, выказваюцца скептычна. «Стала тэлефанаваць, пытацца, а мне прапаноўваюць 0,5 стаўкі пастуха ў Батаеве, — кажа прадпрымальніца. — Хто ж туды за паўстаўкі паедзе? А адзін знаёмы пайшоў вартаўніком у Бяседавічы за 180 рублёў, потым зарплату зрэзалі, а работы дабавілі. Ноч пільнуй капусту, а калі нешта ўкрадуць, заплаціш удвайне».

Ішла пасля гэтых размоў у райвыканкам і ўяўляла, як пад дзвярыма тутэйшага цэнтра занятасці сядзяць людзі і чакаюць, калі нешта прыдатнае ім прапануюць. Але памылілася — ніводнага чалавека.

— З самай раніцы некалькі чалавек было, — кажа галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Хоцімскага райвыканкама Зоя ФРАЛОВА.  — З іх 4 навучэнцы, якія на канікулах хочуць падзарабіць, і хлопец пасля арміі. Сам ён з вёскі Бяседавічы, толькі месяц як дэмабілізаваўся, прыйшоў працаўладкоўвацца. Па адукацыі малады чалавек слесар-рамонтнік, скончыў у Магілёве прафесійна-тэхнічны каледж. Але пакуль па яго спецыяльнасці нічога няма. Далі яму накіраванне на хоцімскі льнозавод памочнікам камбайнера. А там, магчыма, нешта і больш прыдатнае падвернецца.

У раёне пражывае болей за 10,6 тысячы чалавек, і амаль палова з іх — працаздольнага ўзросту. У спісы непрацуючых па выніках 2015 года трапілі 403 чалавекі. Па словах начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Хоцімскага райвыканкама Аляксея ФЕДАРЦОВА, практычна ніхто з гэтых людзей па дапамогу ў працаўладкаванні раней не звяртаўся.

— Да Расіі ад нас 50 кіламетраў, больш за палову ездзяць туды працаваць, — кажа Аляксей Уладзіміравіч. — Пра тыя грошы, што ім тут прапануюць, яны і чуць не жадаюць. Сярэдняя зарплата па раёне за чэрвень — 553,6 рубля. Але большасць работаўцаў прапануе ў сярэднім 265 рублёў. Такія грошы некаторыя ў Расіі за два тыдні зарабляюць.

Пасля таго як з непрацуючай катэгорыяй насельніцтва была праведзена адпаведная работа, палову з кандыдатаў ва ўтрыманцы ўсё ж працаўладкавалі. Камусьці прапанавалі ўзяць субсідыю на сваю справу, кагосьці перанавучылі.

Праблема яшчэ і ў тым, што больш за палову вакансій разлічана на людзей з вышэйшай або сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. А такіх, на жаль, няшмат. З працоўных прафесій часцей за ўсё не хапае жывёлаводаў або механізатараў, але, як кажуць у райвыканкаме, людзі не вельмі спяшаюцца ўладкоўвацца на такую работу. Трэба шмат працаваць, а заробак не заўсёды дастойны.

У райвыканкаме кожны беспрацоўны на ўліку.

— Калі зарплата 300 рублёў і больш, працаўладкоўваем, а пра меншае людзі не жадаюць нават і чуць, — кажа начальнік упраўлення. — Пытаемся: а на што вы жывяце? Большасць утрымліваюць бацькі, дзядулі, бабулі, жонка альбо муж. Некаторыя жывуць за кошт дапамогі па інваліднасці або выпадковых заробкаў.

Чуткі пра новыя вакансіі распаўсюджваюцца ў Хоцімску хутчэй, чым іх даюць кадравікі. Дэфіцытныя месцы адразу ж запаўняюцца. Цяпер вось шмат хто з жанчын ускладае надзеі на супрацоўніцтва з вядомым вытворцам жаночай бялізны, прадпрыемствам «Мілавіца» — у Хоцімску хутка паявіцца нешта накшталт яго філіяла.

— Адна наша жыхарка звярнулася да нас з прапановай адкрыць такую швейную вытворчасць, — расказвае намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы Андрэй ДАНІЛЕНКА. — Яна выйшла на прадпрыемства, і перад ёй паставілі задачу знайсці прыдатнае памяшканне, аформіцца ў якасці юрыдычнай асобы і падабраць кадры. Прадпрыемства забяспечвае абсталяваннем і праводзіць навучанне людзей. Плюс робіць заказы, пастаўляе сыравіну, потым забірае прадукцыю і разлічваецца. Вытворчасць ужо зарэгістравана. Цяпер ідзе набор работніц. Патрэбна мінімум 25 чалавек, аптымальная колькасць — 50. Мы, са свайго боку, падшукалі памяшканне і перадалі яго прадпрымальніцы ў бязвыплатнае карыстанне на 3 гады з магчымасцю па-даўжэння дагавора яшчэ на 2 гады. Мясцовая ўлада сама зацікаўлена, каб у раёне адкрываліся новыя вытворчасці і з'яўляліся працоўныя месцы.

Андрэй Васілевіч не хавае, што з падобнымі прапановамі да раённых улад звяртаюцца не часта. Раён адзін з сямі, які ўвайшоў у праграму па развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна. Але прэферэнцыі, якія прапануюцца тут патэнцыйным інвестарам, не вельмі іх вабяць апошніх.

Андрэй Даніленка: «Раёну не хапае ініцыятыўных людзей».

— Мы ездзілі ў сумежныя раёны Расіі, сустракаліся з кіраўнікамі адміністрацый, запрашалі прадстаўнікоў бізнес-колаў, паказвалі, што можам прапанаваць, але ў нас няма нічога такога, чаго б не было ў іх, — уздыхае намеснік старшыні райвыканкама. — І нават ільготы і прэферэнцыі не дапамагаюць. Яны не настолькі сур'ёзныя, каб прыцягнуць дзелавых людзей. Есць раёны з пункту гледжання лагістыкі больш прывабныя. У нас чыгункі няма, 200 кіламетраў да Магілёва, 450 — да Мінска, вострая нястача кваліфікаваных кадраў, транспартныя выдаткі — усё гэта адбіваецца. Прадпрымальным людзям нявыгадна.

Сярод сваіх шукаць інвестараў таксама цяжка. Прадпрымальніцтвам не кожны яшчэ зможа і займацца. У асноўным усе ідуць у гандаль. Сур'ёзных вытворчасцяў не адкрываюць, бо няма стартавага капіталу.

Хоцімскаму раёну, напрыклад, вельмі не хапае станцыі тэхнічнага абслугоўвання. У насельніцтва і на балансе арганізацый прыкладна 5000 аўтамашын, а месца, дзе іх рамантаваць, няма. Прыходзіцца звяртацца ў Магілёў або яшчэ куды...

Замкнёнае кола атрымліваецца. Інвестары могуць даць новыя працоўныя месцы, але іх не хапае. У выніку людзі вымушаны шукаць працу на суседняй тэрыторыі. А гэта таксама не выйсце.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Месцы ёсць, але з працай напружанне

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».