Вы тут

Чаму пры наяўнасці 50 тысяч вакансій не ўсім удаецца знайсці працу?


Чаму пры наяўнасці ў Беларусі 50 тысяч вакансій не ўсім удаецца знайсці працу? ​З такім пытаннем мы звярнуліся да тых, хто мае прамое дачыненне да гэтай праблемы.


Старшыня Дзяржынскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр САРАКАЧ:

— Перш за ўсё, праца павінна быць даспадобы — гэта значыць менавіта той кірунак і тая кваліфікацыя, па якой чалавек хацеў бы сябе рэалізаваць. Вядома, востра стаіць пытанне зарплаты. Што да маладых людзей, то яны адразу жадаюць прыйсці і быць вялікімі кіраўнікамі з вялікімі заробкамі — але так не бывае. Калі чалавек праходзіць усе прафесійныя прыступкі, тады ён ведае цану сваёй пасадзе і кожнаму заробленаму рублю. Што датычыцца дарослых людзей, то я думаю, што тая ж самая праблема і ў іх — гэта амбіцыі. Так, у многіх ёсць вышэйшая адукацыя, ёсць жаданне быць кіраўніком, хоць працоўны стаж невялікі, а рабочая гісторыя — у суцэльных перабежках на розныя месцы... Што да Дзяржынскага раёна, вакансіі ў нас ёсць — мы ўсяляк дапамагаем людзям і працаўладкоўваем іх. Вядома, уплывае блізкасць Мінска — многія жыхары Дзяржынска і Фаніпаля шукаюць працу і працуюць у сталіцы.

Намеснік дырэктара Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Інфармацыйна-вылічальны цэнтр Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь» Уладзімір ДОЎНАР:

— Усё проста на самай справе. Дзе больш за ўсё вакансій? У Мінску. А дзе больш за ўсё беспрацоўных? У раёнах. Большасць розных прадпрыемстваў зарэгістравана менавіта ў Мінску — калі браць статыстыку. Але калі чалавек жыве ў Маладзечне або Вілейцы, то кожны дзень ездзіць на працу ў сталіцу цяжка. Яшчэ адна прычына заключаецца ў наступным: у 1990-я і 2000-я гады бацькі адпраўлялі сваіх дзяцей на такія папулярныя спецыяльнасці, як эканамісты і юрысты. І фактычна сёння страчаны такі пласт, як простыя работнікі. У нас атрымаўся вялікі прабел — вакансіі ёсць, а спецыялістаў у гэтай галіне няма. Акрамя таго, яшчэ адна прычына — гэта зарплата і прэстыж. Калі не задавальняе фінансавае напаўненне, то чалавек пачынае шукаць нейкія варыянты — можа дапамагчы нешта перанесці, перавезці, дзе-небудзь што-небудзь зрабіць і г. д. Іншымі словамі, ніякіх дагавораў не заключаецца, усё гэта грунтуецца на асабістых пагадненнях. Да таго ж прадпрыемству таксама добра — падаткі ж не плацяцца! Але ў нас з гэтым актыўна змагаюцца розныя службы...

Старшыня Жодзінскага гарадскога Савета дэпутатаў Наталля СУШКО:

— Усё залежыць ад жадання чалавека. Калі чалавек настроены працаваць, калі ён хоча прыкласці свой розум і здольнасці, то з улікам наяўных вакансій такая магчымасць ёсць. Проста шмат хто адмаўляецца ад гэтага, людзі чакаюць лепшай прапановы. Калі я працавала ў камісіі па працаўладкаванні, то былі грамадзяне, якія па некалькі разоў прыходзілі: мы ім прапаноўвалі вакансіі, але яны адмаўляліся. Чаму? Іх не задавальняла, што трэба кудысьці ехаць, не задавальняла зарплата, яшчэ нейкія моманты. Але ж калі чалавек сапраўды хоча, то ён дасць згоду. Іншыя ўладкоўваліся, але праз некаторы час звальняліся. Напрыклад, тыя, хто вядзе асацыяльны лад жыцця, злоўжывае. Гэта значыць ніякая праца іх не спыніць. Як работадаўца можа з імі супрацоўнічаць, калі яны не выконваюць патрабаванні па бяспецы і ахове працы, прыходзяць у стане алкагольнага ап'янення? Вядома, часам бываюць сітуацыі, калі прыдатнай вакансіі няма. Але ж і тады можна працаўладкавацца — перавучыцца, асвоіць іншую спецыяльнасць. Я ўпэўнена, што на першым месцы — адназначна жаданне.

Начальнік аддзела рынку працы і распрацоўкі праграм занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага гарвыканкама Марына БЕЛАБАРОДЗЬКА:

— Уся справа ў неадпаведным балансе вакансій. Праблема заключаецца ў тым, што попыт на працоўныя месцы не адпавядае прапанаваным вакансіям. Растлумачу: сёння каля адной трэці беспрацоўных — гэта людзі, якія не маюць кваліфікацыі, прасцей кажучы, яны нічога не ўмеюць альбо страцілі свае здольнасці з-за доўгага прастою. А большасць пазіцый, якія прапануюцца беспрацоўным, звязаныя з пэўнымі ўменнямі, — гэта значыць чалавек павінен быць адукаваны. Таму атрымліваецца такая сітуацыя, што ёсць вакансіі для інжынераў, у сферы аховы здароўя, аднак беспрацоўныя папросту не здольныя гэтым займацца з-за недахопу ўменняў. Што рабіць у такой сітуацыі? Мы ўжо вырашаем гэтае пытанне: сёння праводзіцца навучанне беспрацоўных па пэўных спецыяльнасцях, таму пры жаданні можна атрымаць новую прафесію і знайсці працу.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Чаму пры наяўнасці ў Беларусі 50 тысяч вакансій не ўсім удаецца знайсці працу?

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».