Вы тут

У Сітніцкім Двары ўвекавечылі імёны расстраляных аднавяскоўцаў


Вёску Сітніцкі Двор спалілі 12 лістапада 1942 года, а ўсіх яе жыхароў расстралялі і закапалі ў агульнай яме на ўзлеску. У траншэю скідвалі нават тых, хто яшчэ падаваў прыкметы жыцця. Потым некалькі дзён зямля варушылася, расказвалі людзі, якія аплаквалі сваіх сваякоў. Гэтыя страшныя ўспаміны перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Уратавацца ўдалося толькі дваім — 12-гадовай Антаніне і малому хлопчыку Грышы, якога маці сумела адштурхнуць у бок поля, калі іх вялі на расстрэл. Цяпер Антаніне Анісімавай 87 гадоў, Рыгор Клімовіч некалькі гадоў таму пайшоў з жыцця.


Новы помнік расстраляным аднавяскоўцам.

...Сітніцкі Двор — з тых спаленых вёсак, якія адрадзіліся пасля вайны. Цяпер тут налічваецца крыху больш за сотню жыхароў. Старастам людзі абралі аўтарытэтнага чалавека — былога дырэктара школы Галіну Крывулец. Галіна Рыгораўна прыйшла два гады таму да старшыні Сінкевіцкага сельскага Савета Валерыя Краснікевіча з прапановай пабудаваць новы помнік на месцы расстрэлу. Недзе ў 1960-х гадах там быў узведзены тыповы для той пары бетонны манумент, на якім змясцілася некалькі лаканічных радкоў з датай трагедыі і лікам ахвяр. Пазней побач устанавілі яшчэ адзін помнік-камень. На ім па-польску былі пазначаны імёны вяскоўцаў-католікаў. Памятны знак зрабілі польскія сваякі загінулых недзе на пачатку 1980-х.

— Але ж людзі справядліва палічылі, што трэба ўвекавечыць імёны ўсіх, — даводзіла стараста. — Там ляжаць жыхары вёскі ўсіх пакаленняў, у тым ліку падлеткі, малыя дзеці і зусім немаўляты — тыя, чые ненароджаныя нашчадкі не могуць аддаць даніну памяці.

Старшыня ідэю падтрымаў адразу. Тады ж у сельсавеце намалявалі эскіз помніка, вырашылі, што гэта будзе крыж на фоне адкрытых старонак, на якіх трэба ўмясціць прозвішчы ўсіх 480 вяскоўцаў. Аб'явілі збор грошай. Валерый Краснікевіч кажа, што за даволі кароткі час удалося сабраць пяць мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Да работы падключыўся выхадзец з гэтай вёскі, дэпутат Мікашэвіцкага гарадскога Савета дэпутатаў
Сямён Ляўковіч.

Збор яшчэ працягваўся, калі прадпрымальнік Аляксандр Круковіч, у якога заказалі выраб помніка, аб'явіў, што грошай не возьме, а лічыць гэта сваім укладам у справу ўвекавечання памяці. На сельскім сходзе прадпрымальніку падзякавалі, а грошы вырашылі перанакіраваць на добраўпарадкаванне могілак. Помнік вырабілі даволі хутка. На гранітных старонках манумента на беларускай мове пералічаны ўсе нявінна забітыя жыхары вёскі і змешчаны звесткі пра факт знішчэння Сітніцкага Двара разам з жыхарамі.

Новы манумент урачыста адкрылі 9 мая 2016 года. На мерапрыемства сабраліся сотні людзей. Прыехалі сваякі цяперашніх вяскоўцаў і тых людзей, хто знайшоў спакой пад плітамі мемарыялаў.

Такім чынам, на месцы расстрэлу 75-гадовай даўніны цяпер утварыўся своеасаблівы комплекс з розных памятных знакаў. Падняўся малады лес, высокія стройныя сосны цягнуцца да сонца. На ўсе лады пяюць птушкі, вакол — цэлае мора кветак. Такія прыгожыя мясціны ў іншай сітуацыі маглі б быць ідэальным месцам для адпачынку, а сталі могілкамі з адной магілай для ўсёй вёскі. Парадак тут падтрымлівае стараста, ёй дапамагаюць школьнікі і актывісты.

На адкрыцці помніка была і Антаніна Анісімава. У яе тут ляжаць маці, бацька, брат з жонкай і дзецьмі. Антаніна Філіпаўна ўспамінае, што немцы не з першага разу спалілі вёску і забілі яе жыхароў. Першы раз яны наляцелі пасля адной партызанскай дыверсіі — падрыву моста. Але партызанскі атрад сумеў даць адпор. Карнікаў затрымалі, людзі тым часам змаглі збегчы ў лес. Уцякала з усімі тады і 12-гадовая Тоня. У адной хаце засталася на ложку паралізаваная жанчына. Дык немцы яе вынеслі, пасадзілі на накрыўку калодзежа, застрэлілі, а труп скінулі ў калодзеж. Калі на пахаванне няшчаснай сабраліся Тоніны сваякі, бабуля і забрала дзяўчынку да сябе ў суседнюю вёску — як адчувала, што адным налётам не скончыцца. Потым яна пераправіла Тоню да замужняй сястры Алены ў Сінкевічы. Дзяўчынкі не было дома 12 лістапада, таму і засталася жыць.

Антаніна Анісімава.

— Як гаравалі пасля вайны, вам і не расказаць, — згадвае Антаніна Філіпаўна. — Галодная была часта. Як хто дасць місачку проса, за шчасце было. У сястры яшчэ ў вайну захварэў муж, памёр на наступны дзень пасля вызвалення. Яна засталася з двума малымі. А тут яшчэ я. Дапамагала па гаспадарцы, чым магла. Потым мяне нават аддавалі ў «заработкі» — даглядаць малое дзіця. Працавала ў полі з ранніх гадоў. Ды што тут гаварыць... Нават калі выйшла замуж, некаторы час з маладым мужам жылі ў зямлянцы. Потым нам калгас лесу выдзеліў. Выгадавалі чатырох дзяцей, цяпер у мяне восем унукаў, восем праўнукаў. Часам думаю: цяжкае жыццё было, але Бог даў мне доўгі век, значыць, я павінна жыць за іх, сваіх родных, суседзяў, тых, каго расстралялі...

— Дарэчы, Грыша (Клімовіч. — Аўт.) усё жыццё жыў у Расіі. Паехаў туды да сваякоў, дзеці там жывуць, унукі, — успомніла Антаніна Анісімава. — Але часта прыязджаў: цягнула яго ў родныя мясціны. Я ўжо яго сустракала як роднага. Мы ж з ім удваіх засталіся. Дык вось у адзін з прыездаў і памёр тут, у роднай вёсцы, не вытрымала сэрца...

У сваёй хаце бабуля Антаніна цяпер пражывае адна. Найбліжэйшая дачка — у Сінкевічах, часта наведвае матулю. Адзін сын жыве пад Мінскам, другі ў Брэсце. Тыя, вядома, выбіраюцца радзей. Бабуліна гаспадарка — гэта некалькі курачак, сабака ды кошка з кацянятамі. Калі лепей сябе адчувае, яшчэ і ў краму самастойна дабярэцца. А вось зайсці да помніка, каб пакланіцца родным, ёй самастойна ўжо не пад сілу: чакае, калі дзеці завязуць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevich@zviazda.by

Лунінецкі раён

Загаловак у газеце: Увекавечылі імёны ўсіх

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».